Выбрать главу

– Панове, я дазволіў сабе прывесці сюды Геркула Дзюрука, майго дваюраднага брата.

Пры святле чалавек гэты зрабіў моцнае ўражанне. Валасы яго, плоеныя шчыпцамі, не мелі натуральнай кучаравасці і блішчалі сівізной, хоць сам ён быў яшчэ малады. Рысы твару былі прыгожыя, але шырокія ноздры надавалі абліччу празмерную ганарыстасць. Гаспадары Пон-дэ-Лёра баязліва віталіся з госцем, і карычневая лапішча да болю паціскала ім рукі. Адзін з іх (пан Рамійі, калі мне не здраджвае памяць) адвёў палкоўніка ў кут і папрасіў даць некаторыя тлумачэнні.

– Усё надзвычай проста, – пачаў палкоўнік. – Было гэта вельмі даўно. Нейкі Жан Дзюрук, дваюрадны брат майго бацькі, награшыўшы ў маладосці, адправіўся ў Судан шукаць шчасця. Ён вырошчваў бавоўну, збіраў каўчук і страшэнна разбагацеў… Мае сябры, вяртаючыся з Афрыкі, не раз пыталіся ў мяне: «Вы што, радня магнату Дзюруку?» Ад туземнай жанчыны ў Жана быў сын, гэты самы Геркул. Жан яго прызнаў і даў яму адукацыю ў французскай школе. У мінулым годзе бацька памёр, пакінуўшы свайму адзінаму сыну каласальных памераў спадчыну… Хлапчына, які стаіць перад вамі, якому няма яшчэ і сарака гадоў, мае ў сваім уладанні зямлі і лесу столькі, што там бы змясцілася некалькі французскіх дэпартаментаў… У яго самыя шырокія планы, ён лічыць, што надыдзе час, калі нашы калоніі сваёй бавоўнай змогуць пацясніць Злучаныя Штаты, а каўчуком Малайю… Але ў гэтых пытаннях, панове, вы лепшыя суддзі і знаўцы, чым я. Геркул будзе вельмі рады мець ад вас кансультацыю.

Прамыслоўцы Пон-дэ-Лёра абступілі прыгожага мулата і засыпалі яго дзелавымі пытаннямі. Ён адказваў разумна і ўпэўнена добрай французскай мовай. З гэтага вечара ў галовах некаторых удзельнікаў сустрэчы абудзіўся інтэрас да яго плантацый. Хутка ўвесь горад гаварыў толькі пра бавоўну і каўчук. Я сам, тады яшчэ зусім юны медык, успамінаю, насіў у кішэні маленькую галачку, што мне падарыў суданец, і падкідаў яе ў кватэрах маіх кліентаў, як мячык, паўтараючы: «Вось яна – будучыня». Кажуць, што натарыус Пельто падрыхтаваў статут «Нармандскага таварыства бавоўна-каўчук» і, магчыма, пан Ахіл Кеснэ згадзіўся б узначаліць адміністрацыйны савет. Але апошняя чутка не адпавядала сапраўднасці, паколькі пан Ахіл не надта давяраў справе. І ўсё ж «Таварыства бавоўна-каўчук» было заснавана, і патрэбны капітал сабраны на месцы.

Некалькі месяцаў мулат ездзіў туды і сюды паміж Парыжам і Пон-дэ-Лёрам, дарваўшыся да раскошнага жыцця, асыпаючы падарункамі гаспадынь тых дамоў, дзе яго прымалі. У кастрычніку ён купіў замак Клерысюр-Ітон, і тады ўсюды загаварылі, што ён збіраецца ажаніцца са сваёй кузінай. Грамадская думка не ўхваліла гэтага намеру. Можна не сумнявацца, што весткі, сабраныя мясцовым панствам пра Геркула Дзюрука і, асабліва, пра яго бацьку, былі добрыя. Ніхто не адмаўляў, што мулат быў вельмі багаты, а Бланш дзяўчына бедная. І ўсё ж ці досыць гэтага, каб палкоўнік згадзіўся прынесці ў ахвяру сваю дачку? У Пон-дэ-Лёры меркавалі іначай.

Але там не ведалі, што Бланш нічым не выяўляла непрыхільнасці да сваяка мулата, а яе бацькі не вельмі гналіся за чужым багаццем і не прымушалі яе. Наадварот, яна сама дамаглася, каб шлюб адбыўся па ўзаемнай згодзе і як мага хутчэй. Калі Геркул Дзюрук пасяліўся ў Клеры, кажуць, што Бланш са сваёй маці даволі доўга гасцявала там, кіравала работамі па аздабленню замка і паводзіла сябе як гаспадыня. Абурэнне было агульным, і некалькі юнакоў, закаханых у Бланш, з гневам адвярнуліся ад палкоўніка. Каб яны маглі бачыць, як аднойчы выпадкова давялося мне, з якім запалам Бланш углядалася ў цёмны твар свайго Атэла, ці, яшчэ лепш, каб яны ўбачылі захапленне дзяўчыны, калі, седзячы на беразе ракі Лёр, яна любавалася адлюстраваным у вадзе бронзавым целам свайго сапраўды цікавага сваяка, яны б астылі адразу.

* * *

Вянчанне адбылося ў капліцы Клеры. Пышнага вяселля не рабілі. Маладыя паехалі ў Судан, бо Геркул Дзюрук хацеў праверыць там свае плантацыі. Палкоўнік, якому зяць пакінуў пенсію, вызваліўся ад службы ў «Прамысловым клубе» і перабраўся на радзіму сваёй жонкі каля Арманцьера. Калі маладыя Дзюрукі вярнуліся, некалькі асоб, у тым ліку натарыус Пельто, запрасілі іх на абед.