– Ну, і як яны? – запытаў я ў натарыуса.
– На маю думку, – адказаў той, – яны кахаюць адно аднаго… І ўсё ж, на яе месцы, я не быў бы спакойны… У гэтым чалавеку, пры ўсіх яго культурных манерах, ёсць нешта дзікае.
– А пра свае справы ён расказваў? – зусім натуральна пацікавіўся я, паколькі і сам уклаў невялікую суму грошай у «Таварыства бавоўна-каўчук».
– Ну, вядома… Але ўсё куды горш, чым я меркаваў спачатку… Баюся, што праз некаторы час мы расчаруемся… Ёсць рахункі, якіх я проста не разумею.
Так да канца ніхто і не разабраўся ў дзейнасці Геркула Дзюрука. Пэўнымі з'яўляюцца тры факты: акцыянеры не атрымалі ні аднаго су прыбытку, «Таварыства», праіснаваўшы некалькі цяжкіх гадоў, збанкруцілася, сам жа Геркул застаўся пры сваім багацці. Гэтая нячыстая камбінацыя адшыла ад мулата ўсіх, хто некалі добра ставіўся да яго. Геркул і Бланш замкнуліся ў сваім замку і нікуды не выязджалі.
Гадоў праз чатыры, а можа, праз пяць пасля іх жаніцьбы, дакладна не памятаю, мяне ўпершыню запрасілі ў Клеры. Бланш Дзюрук нейк дзіўна змянілася. Гэта слаўная жанчына, што была для мяне ўвасабленнем сілы і стойкасці, страшэнна схуднела. Яна стала нервовай, яе фламандскі румянец знік, вочы ўваліліся і палінялі. Я не знаходзіў ні праяў туберкулёзу, ні слядоў іншых захворванняў. Парушэнняў арганічных функцый не назіралася, але фізічныя прычыны гэтай змены вызначыць было няцяжка. Яе муж, чалавек ненасытнай пажадлівасці і, па ўсім відаць, наравісты і люты, яе вельмі стаміў. Некалькі разоў яна была цяжарнай, але дабром гэта не канчалася.
А тут яшчэ дадаліся сардэчныя трывогі. З таго часу як Бланш пачала траціць сваю прывабнасць, ён стаў здраджваць ёй. Спачатку, калі Дзюрук лавіў сельскіх дзяўчат, Бланш прыкідвалася, што не бачыць, спадзеючыся, паправіўшы сваё здароўе, вярнуць і мужа. Потым ён пусціўся ў залёты да маладой жанчыны з Пон-дэ-Лёра Мацільды Фраман, удавы архітэктара. Я яе добра ведаў, жанчына сумленная, але Геркул Дзюрук прыставаў як смала. Бланш увесь час пыталася ў мяне пра сваю саперніцу, горка плакала і скардзілася. Я прапісваў ёй для супакаення няшкодныя бромістыя кроплі.
Так мінула яшчэ два гады.
Вечарам у студзені 1897 года з Клеры прымчаўся на веласіпедзе слуга, пазваніў у мой дом і папрасіў мяне як мага хутчэй з'явіцца ў замак. «Пані вельмі дрэнна», – паведаміў ён. Як я ні пытаўся, ён мне нічога не растлумачыў, сказаў, што сам не ведае, што яго разбудзіў пан, загадаў мяне адшукаць, і толькі. Я прыехаў у брычцы і знайшоў маю кліентку распасцёртай на ложку. Яе сэрца не білася. Бланш сканала гадзіны дзве назад. Ніякіх сімптомаў, больш-менш сур'ёзных, што я назіраў у яе дагэтуль, я не мог прыгадаць, каб вытлумачыць раптоўную смерць такой маладой жанчыны, і, натуральна, без асаблівага давер'я пачаў распытваць яе мужа, спакой і вытрымка якога мяне вельмі ўразілі:
– Скажыце, нарэшце, што тут здарылася?
– Я сам не разумею, доктар… Вечарам Бланш, як звычайна, зайшла ў туалетны пакой. Перад сном яна заўсёды доўга прычэсваецца… Яна не вярталася, але я спачатку не прыдаў гэтаму значэння. І толькі праз гадзіну, занепакоіўшыся, паклікаў яе. Адказу не было, і я ўвайшоў… Яна сядзела непрытомная, з распушчанымі валасамі… Побач на падлозе валяўся грэбень… Каб не спінка крэсла, яна б упала таксама.
– Вы кажаце «непрытомная»? Значыць, тады яна яшчэ не была мёртвая?
– Напэўна, была, бо да свядомасці яна так і не прыходзіла. Але тады я не здагадваўся. Я перанёс яе ў нашу спальню. Яна не паварушылася.
– Скажыце, апошнімі днямі ёй зрабілася горш?
– Не, доктар… Наадварот, учора за абедам яна была нават весялейшая.
– Як вы думаеце, былі ў яе карыстанні яды, наркотыкі? Магла яна прыняць што-небудзь такое?
– Ні ў якім разе, доктар… Толькі з майго дазволу. Я ўважна агледзеў спальню і туалетны пакой і не знайшоў ні флакона, ні цюбіка, ніякага прадмета, які выклікаў бы падазрэнне. Лякарствы, што захоўваліся ў белай шафцы, былі ўсе прапісаны мною. Я абследаваў цела. Ні драпіны, ні сіняка… Ніякіх пашкоджанняў. І я прыняў рашэнне.
– Пан Дзюрук, – сказаў я з горыччу. – Гэта вельмі сумна, але я не магу без экспертызы выдаць вам пасведчанне… Зрабіўшы так, я меў бы сур'ёзныя непрыемнасці ад органаў цывільнага нагляду. Прыйдзецца труп анатаміраваць з удзелам доктара-крыміналіста.
– Так, так, гэта неабходна, – адказаў ён. – Я сам хачу ўсё высветліць.