Анатаміраванне дало адмоўныя вынікі. Сэрца жанчыны не было кранута. Не знойдзена слядоў ні закупоркі сасудаў, ні разліцця крыві. Ніякіх доказаў натуральнай смерці. З другога боку, ніякіх слядоў атруты ў вантробах, ніякіх раненняў, а значыцца, ніякіх падстаў, каб прызнаць гвалтоўную смерць.
Вывад экспертаў быў аднагалосны: прычына смерці – параліч сэрца, што магло задаволіць закон, але не ўмяшчалася ў розум.
Пахаванне было ўрачыстым. З Арманцьера прыехаў палкоўнік, пастарэлы, згорблены, прыбіты горам. Да зяця ён аднёсся прыхільна, і яго прысутнасць прымусіла жыхароў Пон-дэ-Лёра быць ветлівымі з Геркулам Дзюрукам.
Ніхто б не паверыў, што пасля такой драмы мадам Фраман выйдзе замуж за Дзюрука. Я нават спадзяваўся, што яна наогул перастане з ім сустракацца, бо сам быў моцна закаханы ў Мацільду Фраман. Нельга сказаць, што яна была прыгожая. У яе абліччы было нешта схематычнае. Нос і падбародак стваралі як бы два падобныя трыкутнікі, нарысаваныя вельмі ж бо правільна, затое насмешлівыя вочы і рыжыя валасы падкрэслівалі белізну твару, ад якога веяла цяплом і душэўнай мяккасцю. Зусім юная ўдава архітэктара Фрамана (будаўніка завода ў Кеснэ), яна са свайго дома зрабіла рай для халасцякоў і асабліва для тых, хто, як я, любіў музыку. Убачыўшы, што яна не парвала сваёй дружбы з мулатам, я паспрабаваў без канкрэтнага абвінавачвання, паколькі ў мяне не было належных фактаў, пераканаць яе. Усміхнуўшыся, яна сказала:
– З гэтага нічога не будзе, дарагі доктар… Розум мне сведчыць, што вы гаворыце слушна, але…
– Але што? Вас зачаравалі?
– Ваша праўда, доктар… Тут нейкая магія.
Праз год пасля смерці Бланш яна стала, нягледзячы на бурныя пратэсты ўсіх яе сяброў, другой уладаркай замка Клеры. Пон-дэ-Лёр асудзіў яе рашэнне. Новую сям'ю Дзюрукаў грамадства не прызнала, і мы страцілі цудоўную гаспадыню дома. Мулат, які затаіў злосць за маю да яго варожасць, забараніў жонцы карыстацца маімі медыцынскімі паслугамі. Я перастаў з'яўляцца да іх. Ад слуг мы ведалі, што жывуць яны як быццам шчасліва. Муж і жонка час ад часу разам прыязджалі ў Парыж. Дзюрук арганізаваў каля сябе невялічкую фабрыку харчовых кансерваў і гэтым займаўся. Праз некалькі месяцаў пра іх забылі.
У 1901 годзе, разгарнуўшы «Руанскую газету», я прачытаў пад назвай «Супадзенне ці злачынства» заметку аб смерці беднай Мацільды. Акалічнасці на дзіва нагадвалі тое, што я сам засведчыў калісьці. Лекар, выкліканы ўночы (гэта быў мой калега Фурэ), знайшоў нябожчыцу, як і я, распасцёртай на ложку, з распушчанымі валасамі. Ніякіх слядоў гвалту: ні пабояў, ні сімптомаў атручвання. І хоць я меў зуб на гэтага Фурэ (калега мой не вызначаўся сумленнасцю), аднак наладзіў з ім сувязь, і мы разам адправіліся ў Эўро да пракурора рэспублікі, каб скіраваць яго ўвагу на незвычайнае падабенства смерці дзвюх жанчын. Ён цалкам з намі згадзіўся, даручыў анатаміраваць труп аднаму з лепшых судовых экспертаў, які знарок прыехаў з Парыжа, і загадаў трымаць Дзюрука пад наглядам да высвятлення справы.
Выгляд у мулата быў журботны, але ён ані не трывожыўся.
Другое анатаміраванне, гэтак жа як і першае, было адмоўным.
– Ніколі ў маёй практыцы, – сказаў нам спецыяліст, – я не сустракаў больш цёмнага факта… Мыш'як? Не… Алкалоіды? Не…
– Ёсць яды, што не пакідаюць слядоў.
– Так… Вядома… Але ж трэба даказаць, што іх меў пры сабе абвінавачаны… Купіць іх цяжка… Асабліва яму… Кожны аптэкар, хто яго бачыў, адразу б успомніў… Яго партрэт і прыкметы мы паслалі ва ўсе навакольныя аптэкі і нават у Парыж. Ні ў адну з іх ён не заходзіў, калі не лічыць звычайных пакупак.
– А ці не мог ён прывезці з Афрыкі туземных ядаў?
– Магчыма… Але ўсе гатункі іхніх ядаў пакідаюць выразны след… А я паўтараю вам, ніводзін з унутраных органаў не быў пашкоджаны.
– А ці нельга дапусціць, што гэты Дзюрук мае здольнасць схіляць свае ахвяры да небывалых форм самазнішчэння? Я, здаецца, недзе чытаў пра туземцаў, што некаторыя з іх паміраюць, прымусіўшы сэрца спыніцца намаганнем волі… Гэтаму цяжка даць веры, але, як кажа Гамлет, «ёсць болей з'яў пад небам…»
– Усё магчыма, дарагі калега, але патрэбны доказы і яшчэ раз доказы… А калі іх няма, злачынца трэба адпусціць.
– Злачынца?.. Вы лічыце яго вінаватым?
– Ні хвіліны не сумняваюся… Няма і не можа быць выпадковага супадзення дзвюх аднолькавых таямнічых смярцей… Ва ўсякім разе матэматычная дапушчальнасць такога супадзення настолькі малая, што яе можна прыраўняць да нуля.
– А хіба вашы вывады не з'яўляюцца дастатковым доказам?
– Для вас і для мяне – так… Магчыма… Але я не ўяўляю, каб суд прысяжных мог абвінаваціць на падставе адных праўдападобных меркаванняў… Не, калі следства не дасць нічога больш грунтоўнага, прыйдзецца гэтага Дзюрука апраўдаць…