Так яно і было. Дзюрук вярнуўся ў замак Клеры, але ўсе яго служачыя паразбягаліся. Я думаў, што пасля такой агульнай няславы, ён куды-небудзь выедзе. Нічога падобнага! Ён упёрся ў сваё. Парк здзічэў. Ліпавыя альтанкі без догляду разрасліся так, што засланілі дом.
Мінула некалькі гадоў. І вось аднойчы Пон-дэ-Лёр з абурэннем даведаўся, што Дзюрук у Парыжы ажаніўся трэці раз і ў замку Клеры з'явілася новая гаспадыня. Гэта гісторыя пачала ўжо нагадваць прыгоды Сіняй Барады, і сёй-той з нашага кола прадказваў з цвёрдай упэўненасцю блізкую смерць неасцярожнай жанчыны.
Хто яна? Адкуль? Дзе ён яе падхапіў? Гэтага так і не ўдалося высветліць. Маладзенькая дзяўчына. Звалі яе Далорэс дэ Кеведа, але, нягледзячы на сваё імя, яна была францужанка, ва ўсякім разе па-французску гаварыла без акцэнту. І хоць я пазнаёміўся з ёю значна пазней, у пару яе сталасці, але скажу, што мне рэдка даводзілася бачыць жанчыну зграбнейшую. Чысценькі правільны твар, гладкія чорныя валасы, высокія круглыя бровы, выгляд уладарны і спакойны. Гэты Дзюрук, хоць і вялікі нягоднік, але ўмеў разбірацца ў жаночым харастве.
Пра сумеснае жыццё Дзюрука з жонкай ад трэцяга шлюбу нічога не магу расказаць. Паміж Клеры і Пон-дэ-Лёрам усякая сувязь парвалася. Ніхто туды не ездзіў і адтуль не прыязджаў. З 1902 да 1907 года над гэтым глухім кутком вісела заслона маўчання і варожасці. І вось, у кастрычніку 1907 года, разыграўся апошні акт гэтай дзіўнай драмы.
– Памерла Далорэс? – не выцерпела Элен дэ Тыянж.
– Не, мадам… Дзюрук быў знойдзены мёртвым у сваёй спальні. Я не абмовіўся: Геркул Дзюрук, а не яго жонка… Дзюрук, прасцёрты на кіліме перад ложкам, ужо не дыхаў, калі мой юны калега Герон быў выкліканы ў Клеры для неадкладнай дапамогі. За выключэннем таго, што гэта быў труп мужчыны, усе іншыя акалічнасці амаль супадалі з папярэднімі двума здарэннямі. Смерць здаровага чалавека. Ніякіх яўных прычын. Магчымы віноўнік двух злачынстваў на гэты раз сам стаў ахвярай.
Пракуратура Эўро для фармальнасці ўчыніла следства, якое, зразумела, нічога новага не дало.
– Зрэшты, – сказаў мне з прыкрасцю пракурор, – калі яна яго забіла, то так яму і трэба. Тут была, мабыць, законная самаабарона… Я яе доўга дапытваў… Яна магла б успомніць шмат жудасных фактаў, але тайны так і не выдала.
Трэцяя мадам Дзюрук атрымала ў спадчыну ўсю маёмасць свайго мужа, усе яго мільёны. Пражыўшы гадоў колькі адна, яна потым выйшла замуж за маркіза дэ Буаньі і пераехала ў Буаньі, што ў дэпартаменце Кроз… Замак, у якім жылі тры жонкі мулата, ахутаны ліхою славай, пуставаў, яго ніхто не хацеў купляць. Летась я пабываў там. Плюшч і дзікі вінаград аплялі яго сцены і вокны. Галіны ліп разбілі каляровыя вітражы капліцы. Дарожкі зараслі травой і зліліся з навакольным лугам. Гэта быў, можна сказаць, замак Спячай Прыгажуні ў зачараваным лесе…
– Але вы, мадам, нарадзіліся ў Пон-дэ-Лёры, – звярнуўся доктар да Элен дэ Тыянж, – і, напэўна, добра ведаеце замак Клеры-сюр-Ітон?
– Ды так, бачыла ў дзяцінстве ў гушчары дрэў, – прамовіла з усмешкай Элен. – Праклятая мясціна! Мы, дзеці, баяліся туды хадзіць… сама не ведаю чаму.
– Дазвольце вас запытаць, доктар, – пацікавіўся раманіст Бертран Шміт, – у чым тут сакрэт? Як вы самі тлумачыце гэтыя дзіўныя факты? Вы ж не верыце ў супадзенне?
– Вядома, не веру… Упэўнены, што тут былі тры забойствы… Але цікава, якім спосабам гэта зроблена? Я думаю, што ёсць нейкі туземны сакрэт, прывезены Дзюрукам з Афрыкі, падобны на смяротны ўкол тарэадора, які канцом сваёй шпагі дасягае сэрца праз нервовы цэнтр… Вы, можа, чыталі ў Фабра апісанне такіх насякомых, што колюць джалам у цэнтральны нерв ахвяру, пазбаўленую абароннага шчытка, і паралізуюць яе?.. У касцявым мозгу чалавека ёсць нервы і пункты, што кіруюць дыханнем… Як да іх дабрацца? Мабыць, іголкай?.. Але тут, безумоўна, патрэбен выключны спрыт, глыбокае веданне анатоміі. У некаторых першабытных плямён можа быць веданне інстынктыўнае, як і ў насякомых… Паспрабуй разбярыся!..
– Але ж іголка пакідае сляды?
– Не адразу іх пазнаеш, калі іголка вельмі тонкая. І хто іх тады асабліва шукаў?.. Вас не ўразіла тая акалічнасць, што абедзве жонкі Дзюрука прычэсваліся перад смерцю? Тут міжвольна напрошваецца вывад, што ён сам узяўся прычасаць іх нанач і выкарыстаў момант, калі яны, седзячы да яго спіной, прыгнулі галаву.
– Магчыма, але ж і ён памёр.
– Старэючы, яшчэ больш закаханы ў Далорэс, ён мог забыцца і адкрыць ёй свой сакрэт. Ведаючы спосаб і баючыся, што ён калі-небудзь яе заб'е, альбо ўзненавідзеўшы мужа фізічна, яна яго нарэшце прыкончыла.