Гэта быў бялявы хлопец з тонкімі, прыгожымі рысамі твару. Працаваў ён мала, чытаў многа, умеў цудоўна выбіраць паэтаў і гальштукі і, дзякуючы свайму бездакорнаму густу, набыў між намі вялікі аўтарытэт. У той час, прачытаўшы «Гісторыю трынаццаці» Бальзака, мы вырашылі заснаваць, чацвёра нас і Шалон, «Саюз пяці». Кожны з «пяці» павінен быў падтрымліваць чатырох астатніх ва ўсім і заўсёды. Мы дамовіліся, што грошы, прызнанне, сувязі, усё, што мог прыдбаць адзін з «пяці», павінна было служыць нашым агульным інтэрасам. Гэта быў цудоўны праект, але ён так праектам і застаўся, бо, скончыўшы ліцэй, мы разышліся. Яго правасхадзіцельства і я падаліся ў юрысты, Фабер, якому трэба было зарабляць на жыццё, уладкаваўся да свайго дзядзькі ў банк. Бельтара пачаў займацца медыцынай. Ваенная служба разлучыла нас яшчэ больш, а потым перашкаджалі розныя акалічнасці. Шэсць гадоў мы амаль нічога не ведалі адзін пра аднаго.
На выстаўцы 1900 года я ўпершыню ўбачыў карціну Бельтара. Мяне вельмі здзівіла, што ён стаў мастаком, а яшчэ больш тое, што ў яго быў талент. Нас заўседы глыбока хвалюе, калі мы адкрываем нешта выдатнае ў чалавеку, з якім сябравалі з дзяцінства. Тое, што ў генія былі таварышы, уявіць лёгка, але цяжэй паверыць, што сярод тваіх таварышаў быў геній. Я яму напісаў. Ён запрасіў мяне да сябе. Яго майстэрня мне спадабалася, я пабываў там некалькі разоў і, пасля доўгага абмену пісьмамі і тэлеграмамі, арганізаваў абед «пяці». За абедам кожны расказаў, чым ён займаўся, скончыўшы ліцэй.
Шэраг даволі цікавых абставін прымусіў трох з нашай кампаніі адмовіцца ад кар'еры, выбранай для нас бацькамі. Каханкай Бельтара стала адна натуршчыца, з якой ён зрабіў для ўласнай забавы некалькі ўдалых эскізаў. Гэта жанчына зблізіла яго з мастакамі. Ён працаваў, меў поспех і, праз некалькі месяцаў, зусім адвярнуўся ад медыцыны.
Потым, апынуўшыся на поўдні, на сваёй радзіме, ён намаляваў безліч партрэтаў марсельскіх купцоў і, асабліва, іхніх жонак, зарабіўшы на гэтым тысяч дваццаць франкаў, што дало яму магчымасць, вярнуўшыся ў Парыж, працаваць для сябе. Ён мне паказаў карціны, у якіх «сцвярджаўся характар», як гаварылі тагачасныя крытыкі.
Фабера, які на вечары ў дзядзькі пазнаёміў гасцей з урыўкам са свайго сцэнічнага твора ў выкананні аматараў, расхваліў адзін стары пісьменнік, друг іхняй сям'і. Гэты добразычлівы чалавек, узяўшы над ім шэфства, парэкамендаваў Адэону паставіць яго першую п'есу «Стэп». Ламбер-Леклерк быў сакратаром у сенатара ад дэпартамента Ардэш, які абяцаў зрабіць яго супрэфектам. Я напісаў некалькі навел і прачытаў іх у прысутнасці «пяці».
Шалон слухаў нас уважна. Ён выказаў шэраг тонкіх і справядлівых думак аб маіх першых спробах, адзначыў, што сюжэт аднае з іх запазычаны з навелы Мерымэ і што мой стыль занадта набліжаецца да Варэса, якім я тады захапляўся. Ён бачыў пастаноўку п'есы Фабера і з выключным веданнем тэатральнай спецыфікі назваў яму сцэну, якую варта было перарабіць. Разам з Бельтара ён прайшоўся па яго майстэрні і з кампетэнтнасцю мастацтвазнаўцы разважаў аб імпрэсіянізме. Потым падтрымаў Ламбер-Леклерка, прааналізаваўшы палітычнае становішча ў дэпартаменце Ардэш з дзівоснай дакладнасцю. І да нас вярнулася ранейшае ўражанне, што Шалон самы бліскучы з нашай кампаніі, і мы, шчыра прызнаючы яго перавагу, у сваю чаргу папрасілі яго расказаць пра свой жыццёвы шлях.
У васемнаццаць гадоў, атрымаўшы ніштаватую спадчыну, ён пасяліўся ў невялічкай кватэры, аблажыўся кнігамі і працаваў, як ён казаў, адразу ў некалькіх кірунках. Перш за ўсё, ён пісаў вялікі раман, накшталт «Вільгельма Мейстэра» Гётэ, які павінен быў скласці першы том «Новай чалавечай камедыі». Таксама ён думаў аб драматычным творы, у якім былі б аб'яднаны дасягненні Шэкспіра, Мальера і Мюсэ. «Вы разумееце, я жадаю спалучыць фантазію з іроніяй, лёгкасць з глыбінёй». Нарэшце, ён пачаў «Філасофію духу» – «блізкую да Бергсана, – гаварыў ён мне, – але значны крок наперад у аналізе феномена інтуіцыі».
Я наведаў яго, і кватэра Шалона мне здалася на рэдкасць утульнай, асабліва, калі прыняць пад увагу, што жыў я тады ў танным пакоі дрэннай гасцініцы. Антыкварная мэбля, некалькі гіпсавых злепкаў з шэдэўраў Луўра, удалая копія з карціны Гольбейна, паліцы, застаўленыя кнігамі ў ціснёных вокладках, рысунак Фраганара ў арыгінале – усё сведчыла аб вытанчаным мастацкім гусце.
Ён пачаставаў мяне ангельскай цыгарэтай выдатнага смаку і колеру. Я папрасіў яго паказаць мне пачатак «Новай чалавечай камедыі», але нават першая старонка і тая не была закончана. Для п'есы была падрыхтавана пакуль што адна назва, а для «Філасофіі духу» – некалькі картак з нататкамі. Затое ён мне доўга паказваў маленькага «Дон-Кіхота» – выданне пары рамантызму, з цудоўнымі малюнкамі, толькі што ім купленае ў суседняга букініста, аўтографы Верлена, каталогі гандляроў карцінамі. Я з цікавасцю правёў у яго вечар – вельмі мілы таварыш.