Такім чынам, «Саюз пяці» аднавіў сваё існаванне і наша дружба стала нават мацнейшай.
Шалон, якому не было чаго рабіць, наладжваў сувязь між намі. Часта ён цэлыя дні праседжваў у майстэрні Бельтара. З таго часу як быў створаны партрэт місіс Джэрвіс, жонкі амерыканскага пасла, Бельтара ўвайшоў у моду. Шмат прыгожых жанчын з'яўлялася да яго, каб ён іх маляваў, і прыводзіла сваіх сябровак прысутнічаць на сеансе альбо хваліць гатовую работу. Майстэрня напаўнялася чарнавокімі аргенцінкамі, бялявымі амерыканкамі, ангелькамі-эстэткамі, якія параўноўвалі нашага таварыша з Уістлерам. Многія з гэтых дам прыходзілі знарок, каб пабачыць Шалона, які іх забаўляў і быў ім даспадобы. Бельтара, ацаніўшы адразу прыцягальную сілу агульнага нашага друга, з вялікім спрытам карыстаўся ім як прынадай. У Шалона было там сваё крэсла, направа ад крэсла – скрынка з цыгарамі, налева – пакунак з цукеркамі. Ён упрыгожваў сабой майстэрню і на сеансах не дазваляў дамам нудзіцца. Ён умеў нутром угадваць выйгрышную жывапісную кампазіцыю і ў гэтым быў проста незаменны. Ніхто лепш за яго не мог выбраць убрання і позы найбольш адпаведных той альбо іншай натуры. Надзелены рэдкім дарам адчуваць хараство і ўзаемасувязь колераў, ён без памылкі паказваў майстру які-небудзь жоўты альбо блакітны тон, які трэба было неадкладна ўхапіць. «Дружа мой, ты мог бы стаць мастацкім крытыкам», – гаварыў Бельтара ў захапленні ад яго здольнасцей.
– Так, я гэта ведаю, але не хачу разменьвацца, – мякка адказваў Шалон.
У гэтай майстэрні ён пазнаёміўся з мадам дэ Тыянж, з герцагіняй дэ Капры, з Селіяй Доўсан, з місіс Джэрвіс, і яны ахвотна запрашалі яго на абед. Для іх ён быў «літаратар», друг Бельтара, і гасцям яго рэкамендавалі так: «Пан Шалон, вядомы пісьменнік». Ён стаў дамашнім кансультантам па пытаннях мастацкіх навінак. Дамы вадзілі яго ў кнігарні, пыталіся, што чытаць, і прасілі быць іхнім літаратурным настаўнікам. Кожнай ён абяцаў прысвяціць адзін са сваіх раманаў, які будзе ўключаны ў «Новую чалавечую камедыю».
Многія з іх яму расказвалі сваю біяграфію. «Мне больш падабаецца, калі вы гаворыце пра сябе, – падахвочваў ён дам, – бо ў маёй шматтомнай эпапеі я закрану ўсе спружыны складанай жаночай душы». Яго лічылі стрыманым і хутка зрабілі сховішчам самых пікантных парыжскіх сакрэтаў. З'явіўшыся ў гасцінай, ён адразу пападаў пад абстрэл некалькіх пар зацікаўленых вачэй. Жанчыны знаходзілі, што ён добры псіхолаг, і ахвотна перад ім спавядаліся. Шырока ўжывалася такое азначэнне: «Шалон – увасабленне чуласці і здагадкі».
Аднойчы я сказаў яму:
– Ты павінен пісаць псіхалагічныя раманы. Ніхто лепш за цябе не выявіў бы сучаснага Дамініка[2] ў жаночым вобразе.
– Ну так, я гэта ведаю, – адказаў ён з выглядам чалавека, які, па горла завалены справамі, вымушаны адхіліць тое, што ён рабіў бы з прыемнасцю. – Ну так, назіранняў хапае, але ў мяне ёсць пэўная мэта, і я не магу раскідацца.
У майстэрню часта заходзіў Фабер і браў яго з сабой на рэпетыцыі. З таго часу як з шумным поспехам пачаў ісці «Карнавал», Фабер стаў значнай фігурай у тэатрах Вялікіх Бульвараў. Ён прасіў Шалона падзяліцца свежым уражаннем, бо часам акцёры і рэжысёр да таго стамляліся, што гатовы былі адмовіцца ад п'есы. Шалон бліскуча спраўляўся са сваёй задачай. Ён выяўляў фальшывыя інтанацыі і расцягнутыя мясціны. Спачатку абураныя паводзінамі чужака, акцёры нарэшце прызналі яго. У процілегласць аўтару, свайму вечнаму ворагу, яны палюбілі гэтага чалавека, які нічога сабой не ўяўляў. Хутка ён стаў вядомым у тэатральных колах, спачатку як «друг пана Фабера», потым пад сапраўдным прозвішчам. Білецёры з паклонам выдзялялі яму крэсла ў абмен на ласкавую ўсмешку. Усё часцей і часцей яго пачалі заносіць у спіскі запрошаных на прэм'еры і «генералкі».
– Ты павінен стаць тэатральным крытыкам, у цябе так усё складна выходзіць, – параіў яму Фабер.
– О, напэўна! – адказаў Шалон. – Але ў кожнага свая прафесія.
У той год, калі кожнаму з «пяці» стукнула па трыццаць чатыры, мне прысудзілі Ганкураўскую прэмію за «Блакітнага мядзведзя», а Ламбер-Леклерка выбралі дэпутатам. Фабер і Бельтара яшчэ раней набылі шырокую вядомасць. «Саюз пяці» быў моцным, і без асаблівай натугі мы маглі рэалізоўваць рамантычны сцэнарый, прыдуманы намі ў ліцэі. Наш маленькі гурток павольна працягваў у розныя колы грамадства свае ўчэпістыя шчупальцы. У Парыжы мы былі сапраўднай сілай, тым больш эфектыўнай, што дзейнічала яна неафіцыйна.