Безумоўна, ёсць пэўная перавага, калі мастацкі гурток юрыдычна прызнаны. Рэпутацыя, набытая адным з яго членаў, аўтаматычна пераносіцца публікай на астатніх, і назва гуртка, калі яна ўдала выбрана, абуджае агульную цікавасць. Можна прабачыць культурнаму чалавеку 1835 года, што ён не ведаў Сэнт-Бёва, але ён не меў права абмінуць «рамантыкаў». Аднак ёсць і значныя невыгоды. Заняпад распаўсюджваецца на ўсіх гэтак жа, як і ўздым. Маніфесты і дактрыны – зручныя мішэні для масавай стральбы. Адзіночныя стрэлы не прыносяць такой шкоды.
Прафесіі ў нас былі розныя, і зайздрасць нас не раз'ядала. Мы склалі цудоўны калектыў узаемнай падтрымкі. Як толькі хто-небудзь з нас прабіваўся ў новы цікавы салон, ён так энергічна расхвальваў чатырох сваіх сяброў, што яго прасілі прывесці іх туды. Паколькі людзі ў большасці лянуюцца самастойна думаць, яны ахвотна карыстаюцца гатовым і чужыя ацэнкі робяць сваімі. Фабер – вялікі драматург, бо так гаварыў я, а я – «найглыбейшы з раманістаў», таму што гэта сцвярджаў Фабер. Калі мы ў майстэрні Бельтара наладзілі вечарынку ў стылі венецыянскіх свят васемнаццатага стагоддзя, нам было лёгка сабраць тут усіх, хто заслугоўваў увагі ў Парыжы. Відовішча было незвычайнае. Тры красуні выступалі ў невялічкай камедыі Фабера, дэкарацыі да якой аформіў Бельтара. Але ў вачах гасцей гаспадаром і душой дому быў Шалон. Ён меў шмат вольнага часу, быў повен абаяння і, зусім натуральна, стаў шэфам усіх нашых дамашніх мерапрыемстваў. Калі нам гаварылі: «Ваш цудоўны друг…», мы ведалі, што размова пойдзе аб ім.
Як і раней, ён нічога не рабіў. Я ні разу не чуў, каб ён браўся за свой раман, п'есу, філасофскі трактат, каб ён іх зрушыў з месца хаця б на адзін радок. Ён не рабіў нічога ў літаральным сэнсе. Ён не апублікаваў ніводнай кнігі, не напісаў ніводнага артыкула ў часопіс, ніводнай заметкі ў газету, ніколі не выступаў з прамовай. І зусім не таму, што яму цяжка было дабіцца, каб яго друкавалі. Ён быў знаёмы і нават сябраваў з лепшымі выдаўцамі, з адказнымі рэдактарамі часопісаў. І не таму, што ён даражыў сваёй незалежнасцю і свядома хацеў заставацца толькі гледачом. Наадварот, у ім развівалася прыродная прага да славы. Тут было спалучэнне прычын розных, але скіраваных у адно: нядбайства і бесклапотнасць, няўстойлівасць інтарэсаў, слабасць волі. Служыцель муз заўсёды чаго-небудзь пазбаўлены, і гэта «беднасць» прымушае яго адрывацца ад быту, узлятаць над зямлёй і шырока расплюшчанымі вачамі глядзець на жыццё. Шалон вельмі ўтульна ўладкаваўся ў жыцці і быў ім цалкам задаволены. Яго выключная лянота была адлюстраваннем яго шчасця.
Пісьменнікі называлі нашага друга «дарагі калега» і дарылі яму кнігі з аўтографам. Па меры таго як мы падымаліся па ступенях іерархічнай лесвіцы парыжскага свету, дзе ўсё да дробязі разлічана пры ўсім паказным лібералізме, Шалон прасоўваўся гэтак жа і без вагання далучаўся да гонару, які прыпадаў на долю каго-небудзь з нас. Мы заўсёды стараліся ахоўваць яго самалюбства, падобна таму, як свежаспечаны генерал, крыху саромеючыся свайго чыну, і не ўпэўнены, што яго далі па заслугах, цягне ўгору свайго таварыша па школе Сэн-Сір.
Каля нас пачалі круціцца маладыя людзі ў пошуках падтрымкі. Шалона, які жыў паміж нас як роўны, яны называлі «дарагі мэтр». Разумныя былі хлопцы, асцярожныя. Употай, магчыма, і распытвалі: «А што ён такое напісаў? Ці чытаў яго хто?» Часам які-небудзь няспрытны падліза расхвальваў перад ім «Блакітнага мядзведзя» альбо «Караля Калібана». «Прабачце, – са стрыманым абурэннем гаварыў Шалон, ускінуўшы галаву, – гэта сапраўды добрая рэч, але не мая». Аднак з усяго нашага «Саюза пяці» ён адзін ахвотна браў чытаць рукапісы і даваў парады, ад якіх, вядома, не было ніякай карысці, але заўсёды разумныя і бліскучыя.
Гэта дармавая слава расла так паступова, так натуральна, што мы ані не дзівіліся. Мы крыўдзіліся і лічылі абразай, калі нашага друга забывалі запрасіць на які-небудзь афіцыйны прыём «прадстаўнікоў літаратуры і мастацтва». Дарэчы, такога здарэння не было ніколі. Часам, калі выпадкова мы даведваліся, што вялікі мастак жыве ў галечы, забыты дзяржавай і народам, у нас на момант узнікала пытанне: як растлумачыць парадаксальны поспех Шалона? «Можа, гэта і несправядліва, – думалі мы, – але нічога не зробіш. Так было заўсёды. А потым у таго бедняка ёсць талент, а гэта таксама багацце».