Аднаго разу раніцай, прыйшоўшы да яго снедаць, я заўважыў у кутку пачцівага юнака, які раскладваў старыя часопісы. Шалон адрэкамендаваў яго: «Мой сакратар». Гэта быў тоненькі зграбны хлопец, выпускнік бібліятэчнага інстытута.
Праз некалькі дзён Шалон прызнаўся нам, што плаціць яму трыста франкаў у месяц, і гэта немалы выдатак. «Але, – дадаў ён з пакорнасцю, – цяжка такім людзям, як мы, абыходзіцца без сакратара».
Вайна 1914 года гвалтам перайначыла жыццё кожнага. Бельтара стаў драгунам, Фабер – лётчыкам у Салоніках. Ламбер-Леклерк, паранены на фронце, вярнуўся з гонарам у Палату і заняў пост памочніка міністра. Шалон, пабыўшы салдатам пры інтэнданцтве, быў адкліканы аддзелам прапаганды і закончыў вайну ў Парыжы на вуліцы Францыска Першага. Пасля дэмабілізацыі ён зрабіў мне і Фаберу шэраг важных паслуг, бо праз доўгую адсутнасць мы страцілі кантакты з цэнтрам, ён жа, наадварот, заваяваў ласку новых і магутных сяброў.
Бельтара быў узнагароджаны баявым ордэнам, Фабер таксама, яшчэ раней. Ламбер-Леклерк дабіўся ад свайго калегі з ведамства мастацтваў, каб мяне ўключылі ў першыя пасля перамір'я цывільныя спіскі ўзнагароджаных. У мой гонар «Саюз пяці» наладзіў цудоўны абед у рэстаране расейскіх эмігрантаў – ікра, асятрына, «водка». Музыканты ў шаўковых кафтанах выконвалі цыганскія песні. Нам здалося (не іначай, як пад уплывам сумных мелодый), што ў той вечар Шалон крыху зажурыўся.
Я вяртаўся назад разам з Фаберам, які жыў непадалёку ад мяне. Была прыгожая зімовая ноч. Праходзячы праз Елісейскія Палі, мы ўспаміналі Шалона.
– Ах, небарака, – заўважыў я, – як гэта цяжка ў яго гады, азірнуўшыся ў мінулае, бачыць там адну пустату!
– Ты думеш, ён гэта ўсведамляе? – запытаў Фабер. – Алімпійская бесклапотнасць!
– Не ведаю. Па-мойму, яго жыццё нейк раздвойваецца. Калі ўсё добра, усюды запрашаюць, усюды прымаюць, ён забывае, што нічога для гэтага не зрабіў. Але ў глыбіні душы адчувае. Няясная трывога заўсёды пры ім і часам прабіваецца наверх, калі навокал занадта спакойна… Скажам, калі сёння вечарам вы ўсе з радасцю абмяркоўвалі мой твор, а я выступаў з тлумачэннем, ён, напэўна, заўважыў, што аб ім ніхто ні слова.
– Ёсць людзі, у якіх няма зазнайства, а значыцца, і зайздрасці.
– Безумоўна, але Шалон не з такіх. Для гэтага трэба быць альбо вельмі сціплым і казаць сабе: «Гэтыя рэчы не для мяне», альбо вельмі гордым і думаць: «Мне іх не трэба». Шалон хоча мець усё, але ён больш гультай, чым славалюб. Павер, становішча вартае жалю.
На гэтую тэму мы гаварылі доўга. Кожны з нас ставіўся да яго паблажліва. Кантраст паміж яго бясплоднасцю і нашай пладавітасцю рабіў нас чуллівымі, спагадлівымі, і мы шкадавалі Шалона.
Назаўтра Фабер і я пайшлі ў міністэрства да Ламбер-Леклерка.
– Ёсць у нас адна ідэя, – сказаў я яму, – з'явілася ўчора, калі мы з табой развіталіся. Ці не здаецца табе, што Шалону непрыемна бачыць нас усіх чатырох з ордэнамі і медалямі, а самому заставацца абдзеленым? Якое гэта мае значэнне? Ніякага, вядома, як і многае на свеце, – гэта толькі сімвал. А раз яно не мае значэння, то чаму б гэты сімвал не начапіць на грудзі Шалону?
– Я не маю нічога супраць, – адказаў Ламбер-Леклерк, – але ж патрэбны заслугі.
– Што? – запратэставаў намеснік міністра, разваліўшыся ў кутку канапы. – Не мог я сказаць такога глупства.
– Ну, тут ужо выбачай. Магу спаслацца на Фабера… Ты сказаў: «Патрэбен хоць бы нейкі выгляд заслуг».
– Гэта магчыма, – прамовіў Ламбер-Леклерк. – Я не служыў у ведамстве мастацтваў і пры ўсім жаданні не мог бы яго прасунуць, але я вам сказаў, што, калі б Шалон захацеў прайсці ў мяне па спіску забеспячэнцаў, зрабіць гэта вельмі легка.)
– Ён жа не ідыёт, – ізноў загаварыў расказчык. – Але і тое добра, што ты яго не прымушаў. Па спісках памяці паэта Эжызіпа Маро Шалон усё ж атрымаў ордэн. Прапануючы яму падпісаць заяву, я меў неасцярожнасць заўважыць (бо трошкі злаваўся, што ён лічыць гэта натуральным), колькі мы мелі турбот, каб зрушыпь справу з месца.
– Няўжо? – спахмурнеў ён. – А я думаў, гэта вельмі проста.
– Вядома, проста, каб у цябе былі заслугі…
Ён здзівіўся з такой шчырасцю, што я адразу змоўк.
Яго сябры і прыхільнікі справілі яму гучны банкет. Ламбер-Леклерк прывёў міністра асветы, праслаўленага прамоўцу. Былі там два акадэмікі, яшчэ адзін з Акадэміі Ганкураў, актрысы, мастакі і некалькі свецкіх львоў. Ва ўсіх быў цудоўны настрой. Чалавек – істота добразычлівая, калі ён спакойны і не зайздросціць. Шалон, які нікому не замінаў, быў кожнаму сімпатычны, і раз ужо знайшлася магчымасць паспрыяць яго шчасцю, усе з радасцю ўзяліся гэта рабіць. Тыя, хто быў там, разумелі і адчувалі, што герой гэтага свята – фікцыя, ілюзія, створаная іх уяўленнем. Яны былі нават удзячны Шалону за тое, што яго існаванне залежала ад іх ласкі, і смакавалі ў няпэўным зіхаценні яго поспеху сваю ўласную магутнасць, тое, што яны з нічога зляпілі фігуру. Людовік Чатырнаццаты любіў людзей, цалкам яму абавязаных, і гэта каралеўская рыса ўласціва многім абраннікам лёсу.