Калі ўсім прысутным падалі салодкае, хтосьці з паэтаў прачытаў прыгожыя вершы. Міністр сказаў кароткае слова: тэмпераментна, складна і з гумарам. Ён гаварыў аб сціплым і глыбокім уплыве Шалона на сучасную французскую літаратуру, аб яго красамоўстве, аб Рываролі і Малармэ. Госці стоячы віталі героя вечара. Нарэшце з чароўнай непасрэднасцю хораша выступіў Шалон. Яго слухалі ўважна ў атмасферы агульнай узрушанасці. Банкет удаўся на славу.
Выйшаўшы, я пасадзіў Шалона ў сваю машыну і сказаў яму:
– Добра, вельмі добра.
Ён усміхнуўся шчаслівы:
– О! Надзвычайна! І самае прыемнае, што ўсё рабілася шчыра, ад душы.
І, ведаеце, ён не памыляўся.
З таго часу кар'ера Шалона набыла імпэт. Яго жыццёвы шлях стаў гладкім і шырокім, як уезджаная магістраль. Ніякіх перашкод! Ні разу не ўпаў, не паслізнуўся. Перавага нікчэмнасці ў тым, што яе нельга ўшчаміць. І мы з задавальненнем прадбачылі ўжо стужку Ганаровага Легіёна на шыі нашага друга. Ужо ў некаторых сяброўскіх дамах пачалі гаварыць, што трэба яго прасунуць у Акадэмію. Герцагіня дэ Т… нясмела намякнула аб гэтым аднаму акадэміку, вялікаму майстру выбарчых спраў, і той сказаў ёй: «Так, так, мы думаем, але пакуль што яшчэ ранавата». З кожным днём на твар Шалона ўсё выразней клалася тая пагодлівая яснасць, што паходзіць ад спакойнай мудрасці ці ад сытага гультайства, якія, між іншым, нярэдка збліжаюцца.
У самую пару яго росквіту Шалонам зацікавілася місіс Пэкс. Глэдзіс Ньютан Пэкс была багатай прыгожай амерыканкай, якая, як амаль усе амерыканкі, багатыя і прыгожыя, праводзіла (і цяпер праводзіць) большую частку года ў Францыі. Яна мае раскошную кватэру на вуліцы Францыска Першага і асабняк на поўдні. Яе муж, Уільям Ньютан Пэкс, з'яўляючыся старшынёй праўлення Ўніверсальнай Каўчукавай Кампаніі і некалькіх чыгунак, прыязджае ў Эўропу толькі на адпачынак.
Усе мы даўно ведалі місіс Пэкс, заўзятую прыхільніцу мастацтваў, якая захаплялася літаратурай, жывапісам і навейшай музыкай. Яна шмат увагі аддала Бельтара, калі той яшчэ толькі пачынаў: купляла яму палатно, папрасіла намаляваць яе партрэт і заказала партрэт місіс Джэрвіс, праз які ён праславіўся. Два гады яна расхвальвала сваім знаёмым Бельтара, арганізавала выстаўку яго карцін, давала абеды ў яго гонар і, нарэшце, запрасіла Бельтара правесці зіму ў яе асабняку ў Напулі на беразе мора, каб ён мог спакойна працаваць.
Потым да Бельтара прыйшоў поспех, а поспех – гэта тая мяжа, за якой канчаецца вялікая дружба місіс Пэкс. Жанчына яна з розумам, але ў сваёй любві да мастацкіх рэчаў трымалася поглядаў некаторых біржавых спекулянтаў, што баяцца стабільных каштоўнасцей і хапаюцца за дробныя акцыі, невядомыя шырокай публіцы, аб якіх яны ўжо маюць па сакрэту пэўныя звесткі. Яна любіць пісьменніка, якога не друкуюць, драматурга невыразнага, п'еса якога разы тры праскочыла ў авангардысцкім тэатры, кампазітара, накшталт Эрыка Саці, пакуль той не прыдбаў сабе вучняў, альбо эрудытаў рэдкага профілю, якіх-небудзь санскрытолагаў ці даследчыкаў старажытнага кітайскага жывапісу.
Праўда, мушу адзначыць, яна ніколі не апякала людзей нікчэмных і пасрэдных. У яе быў і спрыт і густ. Але страх перад банальным, агульнадаступным, мог яе адштурхнуць нават ад дасканалага. Я не ўяўляю, каб Глэдзіс Пэкс магла любіць Талстога альбо Бальзака. Адзенне ёй шыюць у найлепшых атэлье, яна не будзе насіць плацця, нават самага прыгожага і якое ёй падабаецца, калі ўбачыць у іншых такога ж фасону. Са сваімі пісьменнікамі і мастакамі яна абыходзіцца гэтак жа: аддае іх слугам, як толькі яе сябры прывыкнуць да іх.
Мабыць, я нясу адказнасць за тое, што нацэліў яе ўвагу на Шалона. Неяк раз вечарам на абедзе ў Элен дэ Тыянж мяне пасадзілі з ёю поплеч. І здарылася так, што гутарка зайшла пра яго, і я неасцярожна сказаў: не, ён ніколі не друкаваўся, але задумы ў яго грандыёзныя, і нават ёсць пачатыя работы.
– Вы іх бачылі?
– Так, але гэта яшчэ толькі нататкі. Няма пра што гаварыць.
Я сказаў без усякага намеру, аднак іменна тое, што магло больш за ўсё спакусіць місіс Пэкс. Адразу ж пасля абеду яна затрымала Шалона недзе ў кутку і, нягледзячы на ўсе спробы Элен іх разлучыць (гаспадыня не прызнавала манаполій у сваім салоне), не адпускала яго ўвесь вечар. Я назіраў за імі здалёк. «Гэта трэба было прадбачыць, – разважаў я… – Ва ўсякім разе Шалон ідэальны аб'ект для эксперыментаў місіс Пэкс. Яна шукае неапублікаванага, невядомага, схаванага ад вачэй… І вось перад ёю прадмет яе мар: пісьменнік без чытачоў, таямнічы аўтар яшчэ ненапісаных кніг. Фізік, які паступова разрэджвае паветра ў закрытай пасудзіне, імкнецца да абсалютнай пустаты. Глэдзіс Пэкс, адзін за адным мяняючы сваіх падапечных па прынцыпу найменшай прадукцыйнасці, набліжаецца да нуля. І ў Шалоне яго знаходзіць. Гэта цудоўнае супадзенне дзвюх блізкіх тэндэнцый павінна абаіх ашчаслівіць. Выходзіць, я ім памог».