І сапраўды, з наступнага дня пачаўся перыяд Шалона ў жыцці Глэдзіс Пэкс. Было ўзгоднена, што ён абедае ў яе тры разы на тыдзень, што яна прыйдзе глянуць на яго чарнавікі, а ўзімку забярэ яго з сабой у Напуль, «каб ён мог спакойна працаваць». Некалькі дзён мяне трывожыла думка, як аднясецца місіс Пэкс да рукапісаў Шалона, якія, нават з яе пункту гледжання, надта ж мізэрныя. Але тут мне здрадзіла логіка, бо страх быў зусім дарэмны. Я сустрэў Глэдзіс Пэкс на другі дзень пасля, так сказаць, папярэдняй інвентарызацыі яго творчых дасягненняў. Яна была ў захапленні. «Тут тоіцца больш, – сказала яна, – больш зместу ў задумах вашага друга, чым у плённых здабытках Генры Джэймса…» І ўсё наладзілася.
Месяцы два смакавалі яны слодыч духоўнага збліжэння. За гэты час Глэдзіс Пэкс абвясціла ўсяму Парыжу, што рыхтуе выданне твораў непрызнанага генія. Гэтым геніем стаў наш Шалон. Яна знайшла яму выдаўца, дамовілася з перакладчыкам на ангельскую мову, адрэкамендавала яго многім выдатным чужаземцам, якія наведвалі Парыж, – Джорджу Муру, Луіджы Пірандэла, Гофмансталю, Сінклеру Льюісу. Потым, вычарпаўшы ўсе даступныя ёй спосабы рэкламы, яна папрасіла ў нашага друга які-небудзь тэкст.
Яе задаволіла б любая драбніца – нарыс, артыкул, некалькі гатовых старонак. Шалон, які, зразумела, у гэтыя два месяцы працаваў не больш, чым звычайна, нічога ёй даць не мог, у чым і прызнаўся з уласцівай яму шчырасцю. Але місіс Пэкс была не з тых жанчын, што пакідаюць геніяў, як неўзараную цаліну. За сваё жыццё яна ўжо дзесяць такіх апрацавала: прыгорне да сябе беднага, закінутага, нясмелага чалавечка, надзеленага невядома за што дзівосным дарам пісаць, маляваць, ствараць музыку, і праз некалькі месяцаў выпускае ў свет авеянага славай майстра. Яе цешыў самы працэс такога ператварэння. Уплыў яе быў вялікі, і дабівацца свайго яна ўмела. Глэдзіс Пэкс энергічна занялася выхаваннем Шалона, і, воляй-няволяй, ён павінен быў нешта рабіць.
Не ведаю, з чаго яна пачала, – кампліменты, напэўна, магчыма, абяцанні (не думаю, каб яна з ім какетнічала: Глэдзіс – жанчына халодная, натуры строгай), але аднойчы Шалон прыйшоў да мяне збянтэжаны.
– Хачу з табой параіцца, – кажа… – Місіс Пэкс прапануе мне на зіму свой дом у Напулі, каб я мог спакойна працаваць. Прызнацца, у мяне няма ніякага жадання пакідаць Парыж… І потым я зараз не ў форме… Хіба толькі, каб зрабіць ёй прыемнасць. Ёй вельмі спадабаўся мой раман, і мяне спакушае думка, што за два-тры месяцы адзіноты я, можа, яго закончу.
«Закончыць» раман, які не быў пачаты… Цікавая логіка! Але ён гаварыў сур'ёзна, і я не пярэчыў.
– Ну што ж, – кажу, – цудоўна! Місіс Пэкс прапануе слушна. У цябе сапраўды вялікі талент, ты кожны дзень у звычайных гутарках пускаеш на вецер цэлыя раздзелы бліскучай кнігі. Калі просьба жанчыны, атмасфера захаплення і давер'я будуць спрыяць таму, што ты нарэшце запішаш тое, чым так шчодра дзелішся з намі, мы ўсе будзем вельмі рады… Згаджайся, стары, я падтрымліваю… Мы ўсе цябе падтрымліваем.
Ён падзякаваў і праз некалькі дзён наведаў мяне, каб сказаць, што выязджае. За цэлую зіму ён прыслаў нам пару паштовак. У лютым я адправіўся ў Напуль, каб яго пабачыць.
Асабняк містэра і місіс Пэкс вельмі прыгожы. Яны рэстаўрыравалі і прыстасавалі да сваіх патрэб невялічкі правансальскі замак-крэпасць, які ўзвышаўся над залівам. Суровасць будынка і подступаў да яго ў кантрасце з раскошай і адмысловым унутраным камфортам здзіўлялі, як чароўная казка. Кветнікі і дрэўцы былі размешчаны на тэрасах, выштукаваных з вынаходніцкай хітрасцю, бо каб іх прыляпіць да скалы, спатрэбіліся дзесяткі кубаметраў бетону. За шалёныя грошы гаспадары навезлі з Італіі кіпарысаў, і яны, як вартавыя, абрамлялі дзёрзка перайначаную людзьмі прыроду. Калі я з'явіўся, дварэцкі далажыў, што пан працуе і папрасіў пачакаць. Чакаў я даволі доўга.
– А! Дарагі мой! – сказаў Шалон, прыняўшы мяне нарэшце. – Дагэтуль я не ўяўляў, што такое работа. Пішу многа, спорна, з натхненнем. Думкі атакуюць, аглушаюць, бяруць у палон. Пяро проста не паспявае занатоўваць вобразы і мыслі. Яны б'юць фантанам з крыніцы ўзрушанай памяці. Скажы, ты калі-небудзь адчуваў такое?