Я сарамліва прызнаўся, што падобныя крызісы ад перапоўненасці бывалі са мной рэдка, і выказаў меркаванне, што яго натуры больш, чым мне, адпавядае бурны ўзлёт. Ад доўгага маўчання назапашаныя ім матэрыялы спрасаваліся і цяпер выбухнулі, як порах. Я правёў у яго ўвесь вечар. (Місіс Пэкс знаходзілася яшчэ ў Парыжы.) Цікавыя перамены заўважыў я. Раней адной з самых абаяльных яго асаблівасцей была выключная разнастайнасць размовы. Я не меў часу многа чытаць і даражыў тым, што ў асобе Шалона знаходзіў чалавека, які чытаў усё. Ён першы знаёміў мяне з дасягненнямі маладых. Куды б ні ішоў ён увечары – у тэатр ці з візітам – ніхто ў Парыжы не ведаў столькі гісторый, інтымных драм і пацешных анекдотаў. І самае важнае, што Шалон быў адным з тых рэдкіх сяброў, з якімі заўсёды можна было пагаварыць пра сваё, пра сваю работу, адчуваючы, што ён гэтым сапраўды цікавіцца і, слухаючы вас, не думае пра сябе. Пабыць з ім было вельмі прыемна.
Але ў Напулі Шалон стаў зусім іншы. За два месяцы ён не разгарнуў ніводнай кнігі, ні з кім не сустракаўся. Ён гаварыў толькі аб сваім рамане. Калі я пачаў расказваць пра нашых сяброў, ён трошкі паслухаў, потым выняў з кішэні блакнот і нешта запісаў.
– Ты што запісваеш? – пытаю.
– Ды так! Прыйшла ў галаву ідэя для маёй кнігі. Не хочацца, каб яна прапала.
Праз хвіліну, калі я працытаваў яму словы адной з кліентак Бельтара, ён ізноў выцягнуў блакнот.
– Ты што? У вар'яты падаўся?
– Дарагі мой, у мяне ёсць цудоўны персанаж, які шмат чым нагадвае Бельтара. Тое, што я пачуў, можна з поспехам выкарыстаць.
У яго з'явілася ўпэўненасць прафесіянала, заўзятасць чалавека, ахрышчанага ў новую веру. Пры мне было некалькі раздзелаў маёй апошняй кнігі. Я збіраўся прачытаць іх Шалону і, як заўсёды, паслухаць яго заўвагі. Але нічога з гэтага не выйшла – ён і вухам не павёў. Мне стала прыкра, нудна. А скончылася тым, што ён раззлаваў мяне сваімі легкадумна пагардлівымі адносінамі да нашых класікаў.
– Ты лічыш? – скрывіўся ён. – Рэалізм Стэндаля? Так… Знайшоў сабе дзіва! Па сутнасці, і «Пармскі манастыр» і «Чырвонае і чорнае» ўсяго толькі раманы-фельетоны. Па-мойму, зрабіць можна куды лепш.
Я развітаўся з ім і хутчэй выехаў.
Вярнуўшыся ў Парыж, я адразу ж адчуў, што Глэдзіс Пэкс не марнавала часу. Яе арганізатарскія здольнасці далі плён. Пра кнігу Шалона гаварылі многа, гаварылі з павагай і надзеяй. Ніякіх слядоў грубай, крыклівай рэкламы, якая адпрэчвае людзей далікатных. Здавалася, што гэта жанчына знайшла спосаб папулярызаваць употай, падсвятляючы імя свайго абранніка як бы знутры. Поль Маран сказаў, што яна, як ніхто, «адмыкае замкнутае».
Адусюль у мяне пыталіся: «Вы былі на поўдні? Вы бачылі Шалона? Кажуць, ён напісаў нешта выдатнае?»
Місіс Пэкс правяла ў Напулі ўвесь сакавік і паведаміла нам, што кніга амаль закончана, але Шалон не хоча ёй паказваць. Ён сцвярджае, што яго твор адно цэлае і вырываць з яго кавалкі нельга, бо страціцца свежасць, парушыцца стройнасць кампазіцыі.
Нарэшце, у пачатку красавіка, яна абвясціла, што Шалон прыехаў, згадзіўся прачытаць раман і яна запрашае ўсіх нас у адну з субот на літаратурны вечар.
Ах, гэты вечар! Мы яго век не забудзем! Салон на вуліцы Францыска Першага быў належным чынам падрыхтаваны. Люстры ўсюды патушаны, за выключэннем адной вялізнай венецыянскай лямпы, малочна-белае святло ад якой мякка клалася на аўтара, рукапіс і эфектна пастаўленую за спіной Шалона галінку квітнеючай слівы ў кітайскай вазе. Тэлефон быў выключаны. Слугі атрымалі строгі наказ нікога з прысутных не трывожыць. Шалон нерваваўся, фанабэрыўся, быў ненатуральна вясёлы. Місіс Пэкс аж зіхацела ад радасці. Яна яго як след усадзіла, наліла ў шклянку вады, паправіла абажур. Ён надзеў рагавыя акуляры, праверыў голас і, пасля кароткай паўзы, пачаў чытаць.
Праслухаўшы з дзесятак фраз, мы з Фаберам глянулі адзін на аднаго. Ёсць мастацтвы, што дапускаюць памылку, якія навізной стылю, светаўспрымання могуць уразіць і затлуміць галаву, але пісьменік раскрываецца хутка. З першых жа слоў мы выявілі самае горшае: Шалон не ўмеў пісаць, зусім не ўмеў. У дзіцяці можа быць наіўнасць, непасрэднасць. А Шалон пісаў банальна, прымітыўна да дзікасці. Ад гэтага чалавека, такога чулага, дасведчанага, мы чакалі, мабыць, глыбіні, складанасці хадоў. А тут усё наадварот – раман для слязлівых дзяўчат, дыдактыка, нудота, не мора, а лужына вады. Пераканаўшыся ў нікчэмнасці формы, мы, паслухаўшы яшчэ крыху, пераканаліся і ў нікчэмнасці зместу. Прыгнечаныя, разгубленыя, мы з адчаем пераглядваліся. Бельтара, паціснуўшы няўзнак плячамі, як бы сказаў: «Бач ты!» Фабер ківаў галавой і, здавалася, шаптаў: «Як жа так? Як жа так?» Я не зводзіў вачэй з Глэдзіс Пэкс. Ці разумее яна, чаго сапраўды варта гэта паднесеная нам лухта? Спачатку яна слухала паблажліва, але вельмі хутка ўстрывожылася і час ад часу кідала на мяне дапытлівы позірк. «Якая катастрофа! – думаў я. – І што ёй сказаць?»