Выбрать главу

Чытанне цягнулася больш за дзве гадзіны. Слухачы маўчалі. Хоць бы гук, хоць бы слова!.. Настолькі гэта быў слабы і бездапаможны твор. Найлепшыя намеры танулі ў яго кнізе, як іскры ў балоце. Наіўная душа аўтара была вывернута напаказ. Слухаючы Шалона, я раптам са здзіўленнем адкрыў у ім цэлы свет расчараванняў, журбы, ушчэмленай сентыментальнасці. І я сказаў сабе, што было б цікава напісаць кнігу пра няўдалага раманіста і, уключыўшы туды цалкам яго раман, паказаць псіхіку свайго персанажа ў вельмі арыгінальным аспекце. Шалон чытаў, і яго расчуленасць, пры жахлівай нязграбнасці формы, нагадвала залёты закаханай пачвары, жаласныя і смешныя.

Калі ён скончыў, цішыня была мёртвая. Мы спадзяваліся, што нас выратуе Глэдзіс Пэкс. Ва ўсякім разе яна ў сябе дома, і вечар наладжаны ёю. Але гаспадыня сядзела, як чужая. Бельтара, ураджэнец гераічнага поўдня, самы вытрыманы сярод нас, вырашыў адпакутаваць за ўсіх і выказаўся першы, коратка і тактоўна. Нашу маўклівасць ён апраўдаў хваляваннем, падзякаваў місіс Пэкс, якая стварыла ўмовы для напісання гэтай выдатнай кнігі, і, павярнуўшыся да мяне, зрабіў вывад: «Сіўрак, напэўна, з вялікай ахвотай перадасць яе свайму выдаўцу».

– О! – абазваўся я… – Свайму альбо іншаму… Я думаю, што місіс Пэкс…

– А навошта іншаму? – горача ўмяшаўся Шалон. – Не, твой мне больш падабаецца: аўтарытэтны, спрытны. Калі ты возьмеш клопат на сябе, мне будзе вельмі прыемна.

– Абавязкова, мой дарагі… Гэта лягчэй лёгкага.

Маўчанне місіс Пэкс рабілася нясцерпным. Яна пазваніла, загадала падаць ліманад і пячэнне. Шалон спяшаўся замацаваць сваю радасць канкрэтнымі фактамі.

– А як вы знаходзіце вобраз Алісы?

– Цудоўны, – адказаў Бельтара.

– А сцэна прымірэння праўдзівая, як па-вашаму?

– Самая лепшая, – пахваліў Бельтара.

– О не! – усцешыўся Шалон. – Я не лічу яе лепшай. Самая лепшая, па-мойму, – сцэна сустрэчы Жаржыяны і Сільвіо.

– О так, – згадзіўся той. – Гэта яшчэ лепшая.

Місіс Пэкс адвяла мяне ўбок:

– Я вас прашу, скажыце шчыра, ён напісаў бязглуздзіцу?

Я моўчкі пацвердзіў.

– Як жа гэта здарылася? – прамовіла яна. – Я ніколі не думала!.. Ён мне здаваўся такім разумным.

– Ён сапраўды разумны, дарагая місіс Пэкс, але творчасць і гутарка – з'явы розныя і нават процілеглыя. Можна памыліцца.

– Не, не, – ускіпела яна. – Гэта недаравальна. Ні ў якім разе нельга пускаць гэта ў друк… Пасля ўсіх маіх рэкамендацый… Я скажу яму ў вочы, што яго опус бяздарны, агідны, смеху варты…

– Калі ласка, не рабіце гэтага. Вы яму пашкодзіце на ўсё жыццё. Заўтра, без сведак, я паспрабую сам. Не трэба яго крыўдзіць у такі вечар… Не трэба.

На другі дзень, калі я адважыўся трошкі яго пакрытыкаваць, Шалон успрыняў мае дробныя і нясмелыя заўвагі з такім гневам, з такой пагардай, я адчуў такую аголенасць яго эмоцый, што страціў усякую рашучасць. Ранейшы вопыт мне даказваў, што з маіх намаганняў толку не будзе. Ізноў іграць ролю мальераўскага Мізантропа, акт першы, сцэна другая? Навошта? Я ведаў, што пачую: «А я сцвярджаю, што мае вершы вельмі добрыя» і ў мяне не хопіць духу паслаць знішчальную рэпліку. А таму лепш за ўсё адступіць адразу. І пайшоў я, узяўшы рукапіс пад паху, да майго выдаўца, паклаў тоўсты сшытак на стол і без усякіх каментарыяў сказаў:

– Гэту кнігу напісаў Шалон.

– Няўжо? – замітусіўся выдавец. – Гэта кніга Шалона? Палічу за шчасце яе мець. Аб ёй так многа гавораць. Я вам вельмі ўдзячны, дарагі друг, што вы ўспомнілі мяне. Як вы мяркуеце, я гатовы неадкладна скласці ўмову тэрмінам на дзесяць год?

Я параіў яму пачакаць крыху, спадзеючыся, што ён прачытае кнігу і адмовіцца. Але ж вы ведаеце, як гэта робіцца. Нашы імёны, маё і Шалона, былі для яго гарантыяй. Ён адправіў рукапіс у набор, нават не глянуўшы.

Вестка аб гэтым развеяла падазрэнні Шалона.

Тры дні місіс Пэкс яго не трывожыла, усклаўшы клопат на мяне. Калі ж дазналася пра мой візіт да выдаўца, сустрэла мяне з абурэннем і, адчытаўшы як мае быць за падатлівасць, напісала Шалону рэзкае пісьмо, якое ён назаўтра нам паказваў, ледзь не плачучы. Ён доўга вышукваў прычыну гэтай раптоўнай несправядлівасці. І прыйшоў да вываду дзікага, абсурднага, але які начыста змываў з яго ганебную пляму. Ён уявіў сабе, што Глэдзіс Пэкс пазнала сама сябе ў вобразе нягеглай ангелькі, паказанай у яго рамане, пасля чаго адразу павесялеў і перастаў аб ёй думаць.