Праз тры месяцы кніга выйшла ў свет. Дрэнных водгукаў у друку не было. Шалон карыстаўся агульнай сімпатыяй, і прычыняць яму боль ніхто не хацеў. Крытыкі сябры выказваліся аб кнізе стрымана, астатнія маўчалі.
Затое вусная крытыка разлівалася шумлівым патокам. Не было таго дня, каб у мяне не пыталіся: «Ну, а як Шалон? Вы бачылі яго раман? Гэта нешта жудаснае!..» Праз месяц увесь Парыж, не чытаючы, ведаў, што кнігу не варта чытаць. На вітрынах кнігарань прыгожыя жоўтыя вокладкі зрабіліся бледна-лімоннымі, потым павольна пачалі чарнець. Пад канец года амаль увесь тыраж вярнулі выдаўцу. Затраты не апраўдаліся, і Шалон заявіў, што яго абакралі.
Няўдача адабрала ў яго спакой, абудзіла нянавісць. Цяпер ён дзяліў чалавецтва на дзве катэгорыі: «тыя, хто цэніць маю кнігу» і «тыя, хто не цэніць маёй кнігі». Жыць у грамадстве стала яму цяжка. Калі мы збіраліся наладзіць таварыскі абед, Шалон гаварыў:
– Гэтага не запрашайце, я яго цярпець не магу.
– Чаму? – пытаў Фабер. – Ён разумны і зусім не злы.
– Хто? Ён? Змяя. Нічога не напісаў пра маю кнігу, – адказваў сярдзіта Шалон.
Гэты чалавек, раней такі мілы і скромны, стаў фанабэрыстым да немагчымасці. Ён заўсёды насіў у кішэні хвалебную заметку, з натугай праціснутую мной у друк, і чытаў яе абы-каму. Калі які-небудзь крытык пералічваў таленавітых раманістаў нашага пакалення, ён дзівіўся, не знаходзячы свайго імя: «Гэты Біду – паскуднік!» – сцвярджаў ён. Альбо так: «Ад Жалу я такой подласці не чакаў!..» Неўзабаве, падобна вар'ятам, якія, абвінаваціўшы ўсіх суседзяў у злачынных падкопах пад свой дабрабыт, канчаюць тым, што нават на жонку і на дзяцей сваіх глядзяць, як на ворагаў, так і Шалон – вырашыў, што ў «Саюзе пяці» яго як пісьменніка не цэняць, і паступова адвярнуўся ад нас.
Можа, у новым асяродзішчы, менш інфармаваным, ён і знайшоў бы тое бескарыслівае, пачцівае давер'е, якое мы так доўга яму аказвалі. Тры разы ўзапар ён не з'явіўся на нашы сходы. Бельтара напісаў яму і не атрымаў адказу. Тады мне даручылі быць паслом ад «чатырох» і схадзіць да яго на кватэру.
– Бедны хлопец, ці ж ён вінаваты, што не мае таленту? – гаварылі мы.
Ён быў дома і мяне прыняў, але вельмі холадна.
– Не, не, – сказаў ён, – даўно вядома, што людзі – дрэнь. І вы такія ж, не лепшыя. Пакуль я быў вашым дарадчыкам, з захапленнем слухаў вас, вы сябравалі са мной. Калі ж я захацеў сам нешта стварыць, ты, асабліва ты, адчуў ва мне магчымага саперніка і арганізаваў змову маўчання вакол маёй кнігі.
– Я? Каб ты ведаў, колькі разоў я абіваў парогі, прасіў за цябе!
– О, так! Падлізваліся, каб потым угробіць! Ашуканцы! Крывадушнікі!..
– Пабойся бога, Шалон!.. Узводзіш паклёп! Успомні той дзень, калі ты мне паведаміў, што збіраешся паехаць у Напуль, хочаш узяцца за работу. Ты вагаўся, быў не ў форме. Я падбадзёрыў цябе, павіншаваў…
– Помню. І ніколі вам гэтага не дарую: табе і Глэдзіс Пэкс.
Ён падняўся, падышоў да дзвярэй і расчыніў іх, каб паказаць, што аўдыенцыя скончана. Выходзячы, я пачуў:
– Вы загубілі маю кар'еру.
– І самае цікавае, – прамовіў Бельтара, – самае дзіўнае, што ён сказаў праўду.
Катэдральны сабор
У 18.. годзе нейкі студэнт спыніўся на вуліцы Сэнт-Анарэ перад вітрынай гандляра карцінамі. Там было выстаўлена палатно Эдуарда Манэ «Шартрскі катэдральны сабор». Манэ ў той час прызнавалі толькі некаторыя аматары. Але ў студэнта быў добры густ, і хараство гэтай карціны яго глыбока ўразіла. Некалькі дзён ён хадзіў любавацца ёю. Нарэшце адважыўся ўвайсці ў краму і запытаў цану.
– Так і быць, – сказаў гандляр, – яна тут вісіць даволі доўга. Уступлю яе вам за дзве тысячы франкаў.
У студэнта не знайшлося такой сумы, але ён быў не з бедных. Яго сваякі ў правінцыі мелі дастатак. Адпраўляючы хлопца ў Парыж, адзін з яго дзядзькоў сказаў: «Маладому чалавеку хочацца пажыць. Калі будзе пільная патрэба, пішы». Ён папрасіў у гандляра тыдзень тэрміну, каб выкупіць карціну, і напісаў свайму дзядзьку.
У студэнта была каханка – асоба даволі вульгарная, недалёкага розуму, але вельмі прыгожая. Яна была замужам за чалавекам намнога старэйшым і нудзілася без пэўных заняткаў. Вечарам таго ж дня, калі студэнт даведаўся пра цану «Сабора», жанчына гэтая сказала яму:
– Заўтра з Тулона да мяне прыедзе ў госці мая пансіёнская сяброўка. У майго мужа няма часу гуляць з намі. Я разлічваю на вас.