Выбрать главу

Назаўтра сяброўка сапраўды з'явілася і не адна, а прывяла з сабой яшчэ адну сяброўку. Студэнт быў вымушаны некалькі дзён вадзіць усіх трох і паказваць ім Парыж. Ён іх паіў, карміў, наймаў рамізніка, плаціў за квіты ў тэатр і хутка растраціў усё, што яму было прыслана на месяц. Ён пазычыў грошай у таварыша і зусім ужо засмуткаваў, як раптам прыйшоў ад дзядзькі ліст, і ў ім дзве тысячы франкаў. Гэта быў ратунак. Ён расплаціўся з даўгамі і купіў сваёй каханцы падарунак. «Катэдральны сабор» быў прададзены калекцыянеру, які пазней завяшчаў свае карціны Луўру.

Мінула шмат гадоў. Студэнт стаў славутым пісьменнікам, пасівеў, пастарэў, захапляецца малюнкамі прыроды і хараством жанчын. Часта на вуліцы, выходзячы са сваёй кватэры, ён сустракае пажылую даму, якая жыве ў суседнім доме. Дама гэта – яго былая каханка. Твар яе заплыў тлушчам, прыгожыя вочы выцвілі, і пад імі вісяць мяшкі, на верхняй вусне расце шэрая шчэць. Яна ідзе грузна, і ногі ў яе як налітыя воскам. Пісьменнік вітаецца, але праходзіць міма, бо ведае, што яна злая, і яму сорамна нават падумаць, што ён яе калісьці кахаў.

Часам ён заходзіць у Луўр і падымаецца ў залу, дзе красуецца «Катэдральны сабор», доўга глядзіць на яго і ўздыхае.

Кірмаш у Нэйі

– Банівэ быў гадоў на пяць-шэсць старэйшы за мяне, – пачаў Мафра, – але яго кар'ера была такая бліскучая, такая раптоўная, што я прывык лічыць яго хутчэй сваім апекуном, чым сябрам. Я яму за многае павінен дзякаваць. Стаўшы міністрам грамадскіх работ, ён узяў мяне ў сваю канцылярыю, а калі міністэрства распалася, цудоўна ўладкаваў у прэфектуру.

Вярнуўшыся да ўлады, Банівэ атрымаў партфель міністра калоній. Я займаў тады ў Парыжы ніштаватую пасаду і прасіў яго, каб мяне нікуды не пераводзіў. Адносіны паміж нашымі сем'ямі былі найлепшыя, і мы часта разам праводзілі адпачынак: то мы ў іх, то яны ў нас. Нэлі Банівэ мела гадоў пад сорак, прыгажосці не страціла і была ідэальнай жонкай міністра. Муж яе моцна любіў.

Я ўжо гадоў дзесяць, як быў жанаты, і жылі мы з Мадлен, вы гэта ведаеце, вельмі дружна.

Нейк у пачатку чэрвеня Банівэ запрасілі нас паабедаць у адной з рэстарацыяў Булонскага Лесу. Нас было шэсць, вечар правялі мы весела, і пад поўнач ніхто не хацеў разыходзіцца. Банівэ, чалавек дасціпны і з гумарам, прапанаваў нам усім паехаць на кірмаш у Нэйі. Дарваўшыся да ўлады, ён любіць прыкідвацца каліфам Гарунам-аль-Рашыдам, гэтакім дабрадзеем, і слухаць, як навокал шэпчуцца: «Гляньце, гляньце, Банівэ!»

Тры немаладыя пары, што ў дзіцячых гульнях стараліся аднавіць чары юнацтва, былі даволі сумным відовішчам. Мы выйгралі ў розных латарэях макароны, шкляныя караблікі, цукровых звяроў; мужчынская кампанія збівала ў ціры люлькі з круцёлак і яечныя шкарлупіны, што падскаквалі ў вадзяных фантанчыках. Потым мы дабраліся да адмысловай чыгункі, якая пасля аднаго-двух кругоў на вольным паветры хавалася ў штучным тунелі. Нэлі Банівэ прапанавала праехацца ў цягніку. Мадлен гэта забава не надта падабалася, дый сядзенні здаліся бруднымі, але яна не хацела псаваць святочнага настрою, і мы купілі квіткі. У мітусні пры пасадцы наша група раскалолася, і я апынуўся ў адным купэ з Нэлі Банівэ. Нас было двое, і нікога больш.

Цягнік-малютка шпарка мчаўся па крывой, і павароты былі разлічаны так, каб пасажыры навальваліся адзін на аднаго.

Мадам Банівэ пры першым штуршку ледзь не трапіла ў мае абдымкі. У гэты момант цягнік уляцеў у тунель, адразу стала цёмна, і я дзіву даюся, як гэта магло здарыцца за некалькі секунд. Наша цела не заўсёды падпарадкоўваецца розуму. Я ўвесь час адчуваў Нэлі ў сябе на каленях і лашчыў яе, як дваццацігадовы салдат лашчыць дзяўчыну, якую ён прывёў з сабой на кірмаш. Я шукаў яе губы, нічога не ўсведамляючы, яна не супраціўлялася, і, калі нарэшце пацалаваў яе, мы выехалі са змроку ў святло. Рэзка, як па камандзе, мы абое адсунуліся і, вытрашчыўшы вочы, аслупянелыя, пазіралі адно на аднаго.

Помніцца, я тады сіліўся разгадаць, што напісана ў яе на твары. Нэлі Банівэ прывяла ў парадак валасы, спакойна глянула на мяне і не сказала ні слова. Збянтэжанасць хутка развеялася. Цягнік ужо спыняўся каля платформы, і праз хвіліну мы далучыліся да Банівэ, Мадлен і двух другіх нашых спадарожнікаў.

– Гэты кірмашовы атракцыён не для нашага ўзросту, – з нудотай заўважыў Банівэ, – ці не пара дадому?

Мадлен падтрымала яго, мы накіраваліся ў Порт-Мэйё, а ўжо адтуль хто куды. Цалуючы Нэлі руку на развітанне, я прабаваў зірнуць ёй у вочы. Яна весела размаўляла з Мадлен і адышла, так мне нічога і не намякнуўшы.

Заснуць я не мог. Гэта нечаканая прыгода парушыла роўную плынь майго жыцця. Я наогул не быў бабнікам, а тым больш пасля таго, як ажаніўся. Я любіў Мадлен ад усяго сэрца, і наша ўзаемнае давер'е было моцным і шчырым. Да Банівэ я адчуваў прыхільнасць і глыбокую ўдзячнасць. Але ўсё ж нейкі чорт мяне падбухторваў сустрэцца з Нэлі, каб хутчэй дазнацца, што азначаў яе позірк, пасля той фатальнай хвіліны. Здзіўленне? Гнеў? Вы ведаеце, якая фанабэрыя часам можа таіцца ў самым скромным мужчыне. Я ўявіў сабе працяглае, маўклівае пачуццё, якое раптам абудзілася, дзякуючы выпадку. Побач са мной на суседнім ложку мірна спала Мадлен.