На другі дзень я быў вельмі заняты і не было мне калі асабліва думаць аб учарашнім дзівосным здарэнні.
На трэці дзень мяне паклікалі да тэлефона.
– Вас пытаюць з міністэрства калоній, – пачуўся голас у трубцы. – Не адлучайцеся, з вамі будзе гаварыць міністр… Хвіліначку…
У мяне заныла сэрца. Ніколі Банівэ не званіў мне сам. Запрашэнні і адказы на іх звычайна паступалі ад нашых жонак. Ніякага сумнення, дадуць мне дыхту за кірмашовую прыгоду.
– Ало! – пачуўся раптам голас Банівэ… – А, гэта вы, Мафра?.. Вы маглі б з'явіцца зараз жа да мяне ў кабінет?.. Так, тэрмінова… Я вам растлумачу асабіста… Добра, чакаю!
Я павесіў слухаўку… Значыць, Нэлі належала да кодла тых агідных істот, што знарок спакушаюць мужчын (бо яна першая, даю вам слова, павалілася мне на калені), а потым прыстаюць да мужа і скардзяцца: «Ведаеш, дарэмна ты так верыш Бернару… Ён табе зусім не сябар…» У, ненавісінае племя!
Шукаючы таксоўку, каб адправіцца да Банівэ, я прабаваў угадаць, што мяне чакае. Дуэль? Я б згадзіўся ахвотна. Ва ўсякім разе гэта самы просты выхад, але пасля вайны на дуэлях не б'юцца. Не, хутчэй за ўсё, Банівэ пачне мяне ўпікаць і дасць зразумець, што між намі ўсё скончана. Гэта быў бы канец не толькі важнага для мяне сяброўства, але і ўсёй маёй кар'еры, як-ніяк, а Банівэ – чалавек магутны. Ёсць чуткі, што ён зойме пасаду прэм'ера.
І што тады сказаць Мадлен, як растлумачыць ёй гэты недарэчны разрыў?
Гэтыя думкі і розныя іншыя, яшчэ болей злавесныя, прыгняталі мяне па дарозе ў міністэрства. Я пачаў разумець тых няшчасных людзей, што ў цяжкім становішчы, не маючы мужнасці цярпець да канца, шукаюць збавення ў самагубстве.
Мне давялося некаторы час пачакаць у прыёмнай сярод шматлікіх наведвальнікаў і сакратароў. Маё сэрца моцна калацілася. Каб супакоіцца, я пачаў разглядаць насценную фрэску: «Анаміты збіраюць ураджай». Нарэшце сакратар назваў маё імя. Я ўстаў. Перада мной былі дзверы ў кабінет міністра. Што мне рабіць? Даць яму выказацца? Ці папярэдзіць прыкрую сцэну шчырым прызнаннем і споведдзю?
Банівэ падняўся насустрач і паціснуў мне руку. Я быў збянтэжаны яго ласкавасцю. А можа, ён усё ж такі здагадаўся, што здарэнне было выпадковае і ненаўмыснае?
– Перш за ўсё, – пачаў міністр, – прашу прабачыць, што выклікаў вас так спешна, але зараз вы самі зразумееце, што рашэнне трэба прымаць неадкладна. Справа вось у чым… Нэлі і я ў наступным месяцы збіраемся ў доўгае падарожжа па Заходняй Афрыцы… Я – з інспекцыйнымі мэтамі, яна – як турыстка для новых уражанняў… Я вазьму з сабой апроч служачых міністэрства таксама некалькі журналістаў, таму што пара нарэшце французам пазнаёміцца са сваімі ўладаннямі… Дагэтуль я не думаў гаварыць вам пра свой намер, паколькі вы не чыноўнік нашага міністэрства і не журналіст, апроч таго, у вас ёсць служба. Але ўчора ўвечары Нэлі сказала мне, што наша падарожжа амаль супадае з вашым водпускам і што ёй прыемней бавіць час з вамі і вашай жонкай, чым з нашымі афіцыйнымі кампаньёнамі, і што, яна спадзяецца, магчымасць пабачыць Афрыку на такіх выгадных умовах павінна спакусіць вас. Так што мяркуйце… Калі вы згодны, мы вас уключым у групу ўдзельнікаў… Толькі мне трэба ведаць гэта зараз жа, бо ў маёй канцылярыі скончваюць складаць маршрут і спісы.
Я падзякаваў і папрасіў даць мне некалькі гадзін, каб параіцца з жонкай. Спачатку я быў гатовы згадзіцца. Але, застаўшыся адзін, уявіў сабе ўсю непрыстойнасць і агіднасць гэтай напалову любоўнай інтрыжкі ды яшчэ пад пільным наглядам Мадлен і ў якасці госця Банівэ. Нэлі была прыгожая, але я сурова яе асуджаў.
Снедаючы дома, я расказаў жонцы аб нечаканай прапанове, утаіўшы, вядома, прычыны, якімі яна была выклікана. Я шукаў спосабу ветліва адмовіцца. Мадлен у момант прыдумала шэраг раней узятых абавязкаў, і мы не паехалі ў Афрыку.
Я ведаю, што з гэтага часу Нэлі Банівэ гаворыць пра мяне з іроніяй і нават з некаторай варожасцю. Наш сябар Ламбер-Леклерк нейк раз пры ёй назваў мяне магчымым кандыдатам на пасаду прэфекта дэпартамента Сены. Яна зрабіла грымасу і са здзекам прамовіла: