Выбрать главу

Аднойчы ў сакавіку ён прынёс ёй букет фіялак і прымул. Неба было сіняе, паветра цёплае, сонечныя блікі клаліся на мармур. Чамусьці яму стала прыемна, і ён адразу ж упікнуў сябе за гэта.

Як заўсёды, ён увайшоў задуменны. «Ты любіла вясну. Кожны год у той дзень, калі ўжо можна было выйсці без паліто, прышпіліўшы да плацця жывую кветку, у цябе быў такі ўрачысты выгляд! Ты была, як багіня! І гэтага я ўжо ніколі не пабачу…» Міжвольна ён павярнуў галаву. Маладая жанчына, апранутая ў чорнае, ішла па дарожцы і спынілася метраў за дзесяць ад яго перад магілай. Яна прынесла кветкі і з любоўю паклала іх на камень, укленчыўшы на прыступку.

Яе твар быў часткова прыкрыты капелюшом. Эцьен чакаў моманту, калі яна паверне галаву. Нарэшце яна паднялася, і відаць было, што яна плакала. Сур'ёзная, з правільнымі рысамі твару. Чорныя валасы абрамлялі высокі лоб. Плашч і доўгая жакетка падкрэслівалі тонкі стан. Яна пайшла не аглядаючыся і, мінаючы магілы і помнікі, выбралася на цэнтральную алею. Калі крокі заціхлі, ён падышоў да таго каменя, перад якім на каленях стаяла жанчына, і прачытаў: «Антуан Канстан. 1891–1928». Значыць, яна плакала не па сыне, не па бацьку, а па мужу. Потым падумаў: «А можа, каханак?» Але ў гэта не верылася.

У наступны чацвер, без усякіх намераў, проста так, ён з'явіўся дакладна а той жа гадзіне. Яна не прыйшла. Ён заставаўся доўга, нечага чакаў, і настрой у яго быў куды больш маркотны, чым звычайна. Яму стала шкада сябе. Жыццё пустое. Сяброў няма. Люсіль і ён трымаліся далей ад радні, не жадаючы, каб нехта трэці ўмешваўся ў іх інтымныя справы.

«Якая вялікая розніца, – разважаў ён, – паміж тымі нашымі вечарамі і цяперашняй маёй адзінотай! Як сумна абедаць наспех, без апетыту, потым садзіцца ў крэсла чытаць вячэрнія газеты, прымушаць сябе зацікавіцца якой-небудзь кнігай, лажыцца спаць і пакутаваць ад бяссонніцы».

Праца захапляла яго толькі тады, калі ў гэтым прымала ўдзел і жонка. Ён чытаў ёй усё, што пісаў, і ахвотна слухаў яе заўвагі, заўсёды трапныя і разумныя. Але прыходзіў час, і яны замыкаліся ў пакоі. Якой чароўнай была яна ў начным туалеце, распусціўшы залацістыя валасы! Няўжо ён ніколі не будзе мець такога шчасця?

Ніколі, ніколі! Ён павінен навекі адмовіцца ад ласкі. Жаніцца яшчэ раз, заляцацца да другой жанчыны? Нават думка аб гэтым здавалася блюзнерскай. Як ён можа паўтарыць другой тыя самыя словы, якія шаптаў незабыўнай Люсілі? Хіба можна ўпускаць чужую жанчыну ў жыллё, поўнае ўспамінаў аб любай Люсілі? Мэбля была застаўлена яе партрэтамі. У шафах па-ранейшаму віселі яе плацці. Мадам Абан, яе мачыха, прыехаўшы на пахаванне з правінцыі, параіла яму здаць усё ў прытулак для бедных.

– Так, так… А то як жа… Што вы будзеце з імі рабіць, галубок?.. Яны толькі смутку дабавяць.

Згадзіцца з такой прапановай ён палічыў злачынствам.

Паблізу пратупала нейкая бабуля. Яна трымала ў руках бляшанку з вадой і, мабыць, збіралася паліваць кветкі. Хмара праплыла перад сонцам. Эцьен здрыгануўся, зірнуў апошні раз на шэрую мармуровую пліту і накіраваўся да выхаду. Але замест таго, каб выбрацца на цэнтральную алею, ён міжвольна павярнуў убок і прайшоў каля магілы Антуана Канстана. Там ляжаў букет свежых касачоў. Невядомая, відаць, прыходзіла нядаўна, можа, нават сёння раніцай.

Два чацвяргі ён яе не бачыў. На трэці, з'явіўшыся, застаў яе каля магілы. У Эцьена склалася ўражанне, што яна зірнула тайком на прынесеныя ім кветкі. Гэта былі цюльпаны, чырвоныя і жоўтыя. «Нічога ў іх няма жалобнага, – падумаў ён. – Абсалютна… Але ты іх любіла. Ты казала: трэба ажывіць, упрыгожыць пісьмовы стол… Ах!.. Я хацеў бы цябе ажывіць, твае цёплыя шчокі, твой чысты лоб!» Потым, у сваю чаргу, кінуўшы позірк на даму ў чорным, ён разгледзеў яе кветкі. Як і ён, яна выбрала на гэты раз яркія колеры, толькі не цюльпаны, а гваздзікі.

З таго часу ён бачыў яе кожны чацвер. Яна прыходзіла то раней за яго, то пазней, не мяняючы дня. «Вядома, я тут ні пры чым», – тлумачыў ён сабе. Аднак заўсёды чакаў яе прыходу з лёгкім хваляваннем. Кожны з іх вельмі старанна выбіраў кветкі і цяпер смялей разглядаў, а што ж прынёс сёння другі свайму блізкаму. Між імі пачалося як бы спаборніцтва: хто праявіць большую пашану да нябожчыка, бо якасць букетаў увесь час паляпшалася. У адзін і той жа дзень яны прынеслі першыя ружы, дама – пунсовыя, Эцьен – светлыя чайныя, потым запалалі гладыёлусы ў самых дзівосных спалучэннях.

Вяртаючыся дадому, ён чакаў, пакуль яна адыдзе далей, каб не было ўражання, што ён ходзіць за ёю следам і набіваецца на знаёмства. Яна гэтага яўна не жадала, бо крочыла шпарка, не аглядаючыся.

Аднойчы ў майскі дзень, калі Эцьен, ідучы да Люсілі, мінаў надмагільныя збудаванні багацеяў, ён пачуў сярдзіты голас і ўбачыў вядомага яму вартаўніка, які трымаў за руку тую самую бабулю, што праходзіла тут не раз, носячы ваду. Старая прабавала вырвацца. Вартаўнік клікаў у сведкі даму ў чорным, што стаяла паблізу, але, заўважыўшы Эцьена, звярнуўся да яго: