Выбрать главу

– Ага… Вас, месье, гэта таксама датычыцца.

Эцьен, з букетам у руках, падышоў да вартаўніка.

– Што тут такое?

– Ды вось гэтая жанчына крадзе кветкі, і я яе сёння злавіў… Так, так, мадам… Яна брала ў вас і ў вас таксама, месье… Я сачу за ёю некалькі тыдняў, нарэшце злодзей папаўся.

Маладая дама была ўзрушана.

– Адпусціце яе, – папрасіла яна. – Для мяне гэта не мае ніякага значэння. Кветкі павялі: я ж і прыйшла сюды, каб іх перамяніць.

– Павялі… але ж не ўсе, – сказаў вартаўнік. – Яна выбіраць умее, з кожнага букета выцягне што лепшае. Вы адно гляньце нумар сто сёмы, восьмая дзялянка, пабачыце яе гаспадарку. Там поўная шклянка ландышаў, і ўсё задарма, паверце. Адусюль напрыносіла.

– Што ж тут дрэннага? – прамовіла дама. – Яна ж імі не гандлюе.

– Чаму вы гэта робіце? – спытаў, разглядваючы бабулю, Эцьен, і тая апусціла вочы. Выгляд у яе быў даволі інтэлігентны.

– Чаму вы гэта робіце? – паўтарыў ён. – У вас няма грошай купіць кветак? Праўда?

Бабуля падняла галаву:

– Вядома, праўда… А вы як думалі?.. Думаеце, іншая прычына?.. Што б вы, скажам, рабілі, мадам, каб тут у вас была магіла сына… а ваш муж такі скнара, што шкадуе вам пучка фіялак, каліва ландышаў?.. А? Што б вы рабілі?

– Тое самае, што і вы, – смела падтрымала бабулю дама ў чорным.

– Яно так, – сказаў вартаўнік, – але існуюць правілы.

Ён зняў шапку і, адпусціўшы старую, растлумачыў Эцьену:

– Бачыце, месье… Вы, напэўна, служылі ў арміі?.. Правілы ёсць правілы. Я не горшы за іншых… але мой абавязак…

– Абы ніхто не скардзіўся, – заўважыў Эцьен. – Мадам і я прыходзім сюды ў чацвер і мяняем кветкі. А калі з таго, што мы прынеслі тыдзень таму назад, можна яшчэ нешта выбраць, тым лепш!

– Ну што ж, – згадзіўся вартаўнік, – калі вам добра, дык і ўсім добра…

І, павярнуўшыся да злашчаснай бабулі, прамовіў:

– Ідзіце, я вас не трымаю.

Эцьен даў старой трошкі грошай, дама ў чорным таксама нешта дала. Потым Эцьен пайшоў да магілы Люсілі, каб там, як заўсёды, марыць аб мінулым. Але, усхваляваны здарэннем, на гэты раз не мог сабрацца з думкамі. Дарагія вобразы, якія ён прабаваў уявіць, расплываліся і знікалі. Калі дама ў чорным выйшла на алею, ён рашуча дагнаў яе.

– Я вельмі вам удзячна, – сказала яна. – Як добра, што вы з'явіліся! У мужчыны больш аўтарытэту.

– Бедная жанчына! Мы з вамі разумеем, як, можа, ніхто, гэту яе натуральную патрэбу чым-небудзь дагадзіць, прынесці хоць маленькую ахвяру любімай істоце.

– Так, – сказала яна. – Гэта робіцца і для іх і для сябе.

– Каб захаваць іх жывымі ў душы.

Яна зірнула на яго са здзіўленнем і падзякай.

– Вы адчуваеце тое самае, што і я. Між іншым, я даўно заўважыла, з якім замілаваннем… выбіраеце вы кветкі. Вы вельмі любілі сваю жонку, месье Карлю?

– Вы ведаеце маё прозвішча!

– Нейк раз, калі вас не было, я пацікавілася глянуць і даведалася, што яна памерла ў дваццаць сем гадоў… Гэта жахліва.

– Жахліва! Яна была такая цудоўная… прыгожая, ласкавая, разумная…

– Гэтак жа і ў мяне. Я страціла мужа найлепшага ў свеце… Сапраўды, я не ведаю, ці была дзе жанчына, якую любілі б так пяшчотна, так уважліва ахоўвалі… Парой аж занадта… Антуан рабіў для мяне ўсё, і яго смерць – катастрофа, крушэнне маіх надзей.

– Памерці такім маладым! Даруйце, не буду таіцца, што… спачуваючы вам, я таксама прачытаў надпіс. Там было: 1891–1928… Як гэта здарылася?

– Аўтамабільная аварыя… Яго прынеслі да мяне без памяці вечарам… Раніцай я была такая шчаслівая… Яго збіраліся прызначыць начальнікам праўлення. А вечарам…

– Ён быў служачы?

– Не… Буйны завод хімічнай вытворчасці. У трыццаць сем гадоў ён трэцяя асоба на прадпрыемстве. І хутка стаў бы поўным гаспадаром.

– У вас ёсць дзеці?

– Няма. І гэтай уцехі няма.

Яны падышлі да галоўнай брамы. Старшы вартаўнік, кланяючыся ім, ухмыльнуўся.

– Бач ты іх! – сказаў ён свайму памочніку, калі тыя былі ўжо на вуліцы. – Справа наладжваецца… Як ты думаеш?

У наступны чацвер, нібы дамовіўшыся зараней, пасля наведвання магіл яны вярталіся разам па той жа алеі. Эцьен расказваў пра сваё жыццё. Ён старшы выкладчык у адным з парыжскіх ліцэяў, пісьменнік. Яму прапанавалі кіраваць крытычным аддзелам у часопісе.

– Калі памерла мая жонка, я пачаў пісаць п'есу. Але ў мяне не хапае духу займацца драматургіяй.