Дык вось, уявіце сабе вечарынку ў Мірыям: срэбныя кандэлябры… свечкі – ружовыя і блакітныя… святло мяккае… закускі далікатныя, амаль эўрапейскія… шампанскага ўдосталь… Жанчыны бялявыя, і ўсе крыху пад чаркай… Пасля абеду селі гуляць у покер. Я ў карты невялікі мастак. А ў гэты вечар мне асабліва не шанцавала. Я быў па вушы закаханы ў Мірыям, і ёй падабалася дражніць мяне, распальваць маю рэўнасць. Пад поўнач у мяне не было ўжо ні цэнта, і, калі я ўбачыў Мірыям каля Эрнеста Франца, музычнага крытыка, да якога яна ледзь не тулілася, прымушаючы гэтага педанта піць віно, я раптам заявіў, што стаміўся, што заўтра раніцай у мяне работа і што я іду спаць.
Уся кампанія шумна запратэставала. Каля майго паліто і капелюша завязалася сапраўдная бойка. Мяне нізашто не адпускалі. Мірыям села мне на калені і пачала абдымаць. Але я, змарыўшыся за вечар, ад свайго не адступаў. Тон спрэчак, спачатку вясёлы, стаў нарэшце прыкры, і скончылася тым, што я нагаварыў ім грубасцей. Няньчыцца са мной ім надакучыла. Я аплаціў свой пройгрыш, нейкую фантастычна завышаную суму, і збіраўся ўжо ўцячы, але, праверыўшы кішэні, пераканаўся яшчэ раз, што ў мяне няма грошай нават на таксі. Пачаў накрапваць дождж. Дом Мірыям быў вельмі далёка ад майго гатэля, апроч таго, я дрэнна сябе адчуваў пасля шматлікіх кактэйляў і шампанскага. І я адважыўся прасіць у гэтых п'яных вар'ятаў, ці не дасць мне хто з іх адзін даляр. Зразумела, яны зноў прычапіліся да мяне, прабуючы затрымаць. Усе са смехам адмовілі, абяцаючы даставіць мяне ў сваёй машыне, калі я іх пачакаю да шасці гадзін раніцы. Мяне ўжо разбірала злосць, але тут Мірыям дастала з сумачкі адзін даляр і падала мне:
– Вазьміце, мой мілы, я адна ў вас сяброўка без эгаізму… Я хачу вас мець пры сабе і таму даю сродак збегчы… Спакойнай ночы.
І яна дакранулася губамі да маёй шчакі. Я паспешна схапіў даляр, пацалаваў Мірыям і выскачыў пад шалёныя крыкі і дружны рогат.
Густая імжака ляпілася мне на твар і на рукі. Пустыя вуліцы. Нізкія змрочныя дамы. Увесь квартал нібы вымецены таямнічай варожай сілай. Я не ведаю нічога больш вясёлага, як Ню-Ёрк Пятага авеню, з яго лёгкімі палацамі на цудоўных абрусах белага святла. Але, калі адысці ад галоўных вуліц, аблічча гэтага горада мяняецца са страшэннай хуткасцю. Ці то гангстэрскія фільмы далучылі ў нашым уяўленні да гэтых дэкарацый раптоўныя лютыя драмы? Не ведаю, але, як толькі я пакідаю рухомыя агні Брадвея альбо ціхую пышнасць Цэнтральнага парка, мяне ахоплівае туга.
Я ведаў, што не знайду таксі, пакуль не перабяруся цераз Іст-Рывер, і накіраваўся на вялізны жалезны мост… Забыў яго назву… Здаецца, Квінсбара-Брыдж… Пяць гадзін назад, праязджаючы там, я быў уражаны кіпучым рухам на мосце, грукатам аўтамабіляў, чырвонымі і белымі агнямі ліхтароў.
Цяпер мясціна была бязлюдная, і толькі косыя лініі высокіх металічных ферм разразалі туман сваімі чорнымі ромбамі.
Я прайшоў ужо амаль палову моста, нікога не сустрэўшы, як раптам у тумане, з правага боку ад мяне, хутчэй угадаў, чым убачыў, жаночую постаць. Яна схілілася над парапетам – і гэта было небяспечна ці, ва ўсякім разе, дзіўна. Я адразу ж падумаў, як зрабілі б і вы на маім месцы, пра безліч выпадкаў самагубства, вядомых нам, і падышоў да жанчыны. Яна рэзка павярнулася, пачуўшы мае крокі, і, убачыўшы мяне побач, кінулася на парапет з такой рашучасцю, што я інстынктыўна схапіў яе за руку і пацягнуў да сябе.
Перада мной стаяла вельмі прыгожая дзяўчына, без капелюша, са збітымі, вільготнымі валасамі і тварам, залітым слязьмі. Не памятаю, у якім яна была адзенні. Аднак у мяне тады не склалася ўражання, што яна з бедных. Мне нават здаецца, што на шыі ў яе была ліса ці якое іншае футра. Не… Гэта не ад беднасці – яе прыгнаў сюды страх. Яна ляскала зубамі, і губы яе дрыжалі.
– Што вам ад мяне трэба? – закрычала яна. – Пакіньце мяне! Не прыставайце да мяне!
Цяпер я быў упэўнены, што магу стаць удзельнікам адной з банальных драм: прахожы перашкаджае жанчыне ўтапіцца. Такая роля мяне вельмі бянтэжыла. Кактэйлі Мірыям не прасвятлілі маіх думак і не прыдалі цвёрдасці маім учынкам. Не ведаю, што я гаварыў гэтай няшчаснай, мабыць, якое-небудзь глупства. Зрэшты, гэта не мае значэння. Жанчыне, якую я трымаў за руку, патрэбен быў жывы чалавечы голас і трошкі сілы, каб адцягнуць яе ад парапета. А гэта ў мяне было.
Праз хвіліну, па-ранейшаму трымаючы яе за руку, я ішоў разам з ёю па кладках моста і няскладна паўтараў:
– Ну, што гэта з вамі?.. Што гэта з вамі?.. Што здарылася?.. Вас кінуў мужчына?.. Магу вас запэўніць, што паміраць праз гэта не варта… Каб вы толькі ведалі, колькі разоў я сам у нядобрую часіну жадаў знікнуць… Нават толькі што я б не дорага даў за жыццё, а цяпер вельмі рад, што апынуўся тут, каля вас.