Яна не адказвала. Праходзячы пад ліхтаром, я разгледзеў яе лепш. Яна была не проста прыгожая, а рэдкай красы жанчына. А вы ведаеце, які я ў той час быў сентыментальны. Вострае спачуванне, рамантычныя абставіны, лёгкае ап'яненне, злосць на Мірыям – усё гэта спрыяла таму, што, дайшоўшы да канца моста, я нічым, апроч гэтай невядомай, больш не цікавіўся. Мы мінулі паставога, які глянуў на нас з падазронасцю. Я баяўся, каб мая спадарожніца не зрабіла новага глупства, але яна не супраціўлялася, ішла побач і толькі ціхенька плакала… Вы, напэўна, думаеце, што я мог бы тут жа здаць яе палісмену і вызваліць сябе ад усякай адказнасці? Так то яно так, але ж я не ведаў, а можа, у гэтай даведзенай да адчаю істоты былі сур'ёзныя прычыны пазбягаць паліцыі… А потым, я павінен прызнацца, што прыгода гэта абудзіла ва мне цікавасць і хацелася зрабіць нешта добрае.
Перабраўшыся цераз мост, я крыху супакоіўся, але тут яшчэ адзін клопат. Куды мне дзець гэтую маладую жанчыну? Пакінуць яе на вуліцы? Яна ізноў пабяжыць тапіцца. Завесці ў мой гатэль? Гэта немагчыма. Правілы ў амерыканскіх лепшых гатэлях былі тады вельмі строгія, і ліфцёр не прапусціў бы мяне з ёю наверх. Была ў яе кватэра? Сям'я? Я паспрабаваў распытаць. Але з яе нельга было выцягнуць нічога талковага. Яна толькі дрыжала і ўсхліпвала.
Нарэшце я спытаў:
– Вось што… Я не магу вас кінуць у такім становішчы… Куды вас праводзіць? Ёсць у вас дом? Бацькі?
Яна маўчала, і я зразумеў, што няма.
– Пакой?
Яна адмоўна кіўнула.
У гэты момант мы праходзілі паўз ярка асветленыя дзверы з шыльдай «Гатэль Берагавы. Нумары ад аднаго даляра і вышэй». Гэты гатэль не быў падобны на раскошныя гатэлі Паркавага авеню, аднак паказаўся мне прыстойным, чыстым, і чаму б не перабыць тут некалькі гадзін?
– Слухайце, у вашым становішчы вы не можаце нічога растлумачыць. Мне таксама пара дадому. Перш за ўсё, вам трэба адпачыць, сагрэцца і выспацца. Вазьміце нумар у гэтым гатэлі. Я заплачу наперад і вас часова пакіну. Адпачывайце, засніце, а заўтра я прыйду вас праведаць. У Ню-Ёрку ў мяне многа сяброў у розных колах грамадства, і я амаль упэўнены, што, ведаючы вашу бяду, змагу вам дапамагчы… Пры ўсіх вашых пакутах вы ж можаце адкласці рашэнне на адну ноч. І хто ведае? Можа, тое, што ў гэтым тумане і змроку здавалася вам жахлівым тупіком, заўтра раніцай будзе выглядаць зусім іначай… Вы згодны?.. Вы абяцаеце, калі я вас уладкую ў гатэлі, адгэтуль нікуды не выходзіць і чакаць мяне?
Яна згадзілася, моўчкі кіўнуўшы галавой.
– У вас ёсць грошы? – нясмела запытаў я.
Яна сціснулася, як пабіты сабака.
– Няма… Ну, гэта не мае значэння. На жаль, у мяне самога на гэты раз мала, усяго адзін даляр. Але гэтага нам якраз хопіць. Вы бачыце: «Ад аднаго даляра і вышэй». Я заплачу за нумар, а заўтра раніцай прыйду і ўладжу ўсё астатняе… Так што, калі хочаце есці альбо яшчэ чаго, не саромейцеся, заказвайце. Я потым разлічуся. Вы згодны? Так і быць.
Я пазваніў у гатэль. Ніхто не адазваўся. Я пазваніў яшчэ раз і яшчэ раз. Нарэшце пачуліся крокі, заляпалі шлапакі, бразнула засаўка, і паказаўся калідорны – рослы, кучаравы дзядзька, які праціраў кулакамі заспаныя вочы. Ён дрэнна гаварыў па-ангельску і зусім не размаўляў на вядомых мне мовах (па-французску і па-італійску), так што мне было вельмі цяжка ўбіць яму што-небудзь у галаву.
– Гэта дзяўчына, – тлумачыў я, – толькі пераначуе. Багажу пры ёй няма. Заўтра раніцай я вярнуся; усе яе выдаткі я аплачу… Магу вам пакінуць у заклад гадзіннік ці яшчэ што… але, думаю, абыдзецца і так… Падазронага тут абсалютна нічога няма, вы самі бачыце… Я ж з ёю не застаюся. Зараз я толькі прашу даць ёй нумар на адну ноч, і вось вам даляр. Вы мяне зразумелі? Мы дамовіліся? Усё ў парадку?..
Я пачаў ужо злавацца на гэтага без'языкага тупіцу. Трэба было паўтараць па некалькі разоў адно і тое ж… Нарэшце ён узяў даляр і адышоў убок, каб прапусціць дзяўчыну. Я не ведаў, чым яе ўцешыць на развітанне. Пад «заслону» трэба было сказаць нешта цёплае, ласкавае, але слоў такіх я не знаходзіў.
– Ну, дык да заўтра… І пастарайцеся заснуць, – прамовіў я паспешліва і працягнуў руку.
Яна схапіла яе і, ажывіўшыся, упершыню загаварыла:
– Вы харошы чалавек.
І хоць, апроч гэтых трох слоў, я ад яе нічога не чуў, у маіх вушах і цяпер яшчэ гучыць яе нізкі пявучы голас. Застаўшыся адзін, я тут жа ўспомніў, што, аддаўшы незнаёмай свой апошні даляр, не маю за што паехаць ні на таксі, ні нават на аўтобусе і да свайго гатэля павінен дабірацца пеша. Дзе ж я быў? 60-я вуліца? 62-я? А папасці мне трэба было ў Ніжні горад, гэта больш за гадзіну хады ў слоту і непагадзь. Але я быў так задаволены сваім мужным учынкам, што рушыў у дарогу ў вясёлым настроі, насвістваючы на бязлюдных вуліцах старадаўнія салдацкія мелодыі. Мабыць, упершыню Мэдзісан-авеню слухала ў гэтую ноч «Бравага артылерыста».