Выбрать главу

На другі дзень раніцай, калі я прачнуўся, спачатку ў мяне было ўражанне, што ўчарашняя дзіўная прыгода мне проста прыснілася. Пасля некаторай развагі, я прыпомніў усе дэталі начнога здарэння і вырашыў, перш чым адправіцца на работу, заехаць у «Гатэль Берагавы», завезці крыху грошай гэтай таямнічай дзяўчыне і, калі яна шчыра пра ўсё раскажа, заняцца яе справай. Сярод палітычных дзеячаў Ню-Ёрка ў мяне было нямала сяброў… І хто яго ведае? Пачуццё ўдзячнасці…

Гатэль я адшукаў лёгка, каля самага моста. Дзённае святло пазбавіла яго ранейшага крыху падазронага выгляду, як мне тады здалося. За сталом сядзела жанчына, абкладзеная ключамі.

– Выбачайце, – звярнуўся я да яе, – хацеў бы даведацца, як тая маладая асоба, якую я прывёў сюды мінулай ноччу…

Яна зірнула на мяне са здзіўленнем:

– Маладая асоба?

Я растлумачыў і расказаў пра сваю прыгоду. Відаць было, што факты гэтыя для яе навіна.

– Прыблізна гадзіны ў дзве ночы… Вы ж ёй далі нумар… Зусім маладзенькая дзяўчына, без багажу…

– Але ж ніякай адзнакі ў кнігах…

– Як жа так, нарэшце! У вас тут дзяжурыў калідорны, ён нават па-ангельску не ўмее, чарнавалосы, кучаравы.

– А, Стэпан… Ну і што?

– Ён нас прымаў. Паклічце яго.

Яна націснула кнопку, і праз некалькі хвілін з'явіўся калідорны. Убачыўшы мяне, ён вытрашчыў вочы.

– Вы мяне пазналі? – запытаў я.

– Пазнаў, – буркнуў ён злосна.

– Гэтай ноччу я прыходзіў сюды разам з маладой дзяўчынай. Дзе яна?

– Пайшла, – вызверыўся калідорны. – Я яе выгнаў.

– Што? – ускіпеў я. – Вы яе выгналі? Як вы пасмелі! Я заплаціў… Вы не мелі права…

Ён выцягнуў з кішэні паперку і, шпурнуўшы яе мне ў твар, замармытаў:

– А гэта? Маеце права?.. Фальшывы даляр даваць?

– Фальшывы даляр?!.

Я падняў паперку і аслупянеў. Гэта нават не была фальшыўка. Гэта быў адзін з тых білецікаў, дзе на адным баку намаляваны даляр, а на другім – пералік тавараў – рэклама, якую некаторыя крамы раздаюць прахожым на вуліцы. Напэўна, я не разгледзеў яго мінулай ноччу, тым больш, што сагнуты папалам, ён вельмі нагадваў даляр, і ў мяне не было прычыны сумнявацца. А можа, гэты нягоднік яго падмяніў? Але пайсці на такое дробнае жульніцтва было б занадта подла, а гнеў калідорнага быў натуральны… Не… Значыць, работа Мірыям і яе сяброў. Пажартавалі, называецца!.. І гэта няшчасная…

– Куды яна пайшла? – закрычаў я. – Яе трэба абавязкова знайсці. Разумееце, мадам, чалавек гіне!.. Трэба ратаваць жыццё…

Я паўтарыў свой расказ аб начным здарэнні, але на гэты раз касірка мне, відаць, не паверыла.

– Нарэшце не цяжка ўявіць, мадам, што гэта – памылка, жахлівае непаразуменне… Што яна падумае? Яна была ў вялікім адчаі, калі я яе сустрэў… І вось прывёў яе сюды, пакінуў з гэтым фальшывым білетам, і ваш калідорны яе выгнаў, вытурыў… Ах! Разбіла ёй сэрца людская лютасць! У тым стане, у якім яна была, усё магчыма… нават самагубства…

Дарэмныя спрэчкі. Трэба было дзейнічаць. Я памчаўся ў Цэнтральны паліцэйскі ўчастак, дзе ў мяне быў знаёмы адзін высокапастаўлены кіраўнік – Мелвенэй. Ён выслухаў маё паведамленне з раўнадушнасцю чыноўніка, які ўсё ведае і да ўсяго прывык, але мігам падняў па трывозе паліцэйскія машыны ў квартале блізкім да моста. Вы ведаеце – у Ню-Ёрку безліч радыёфікаваных аўтамабіляў з узброенымі дэтэктывамі, якія трымаюць сталую сувязь з цэнтрам. Адказы паступалі адмоўныя. Гэтай жанчыны ніхто не бачыў.

– Зрэшты, гэта нічога не даказвае, – растлумачыў Мелвенэй. – Мною раскрыта нямала бясшумных самагубстваў. Заўтра ў нас будуць весткі ад рачной паліцыі.

Я адразу ж паехаў да Мірыям. Яна яшчэ спала. Пабудзіў і пачаў упікаць. Яна доўга смяялася.

– Праўда, гэта я. Але выпадкова… Раскрыўшы сумачку, каб ад шчырага сэрца даць вам тое, што вы прасілі, я заўважыла рэкламны білет, які мне падсунулі ў краме і які я чамусьці захавала. Я ўявіла сабе вашу разгубленасць, калі шафёр адмовіцца ўзяць гэту пустышку. Я лічыла, што жарт мой зусім бяскрыўдны, паколькі ў сваім гатэлі вы маглі пазычыць грошай у швейцара… Мне і ў галаву не прыходзіла, што вы надумаецеся сярод ночы выконваць ролю вандроўнага рыцара.

Праз тры дні Мелвенэй паведаміў мне па тэлефоне, што труп няшчаснай знойдзены ў водах Іст-Рывера. Следства так нічога і не выявіла. Ні адна з зарэгістраваных жанчын, што бясследна прапалі ў Ню-Ёрку і наваколлі, не была на яе падобна. Ніхто яе не апазнаў. Ні адна сям'я, ні адзін мужчына не прад'явілі прэтэнзій. Я і цяпер не разумею, як магла дзяўчына такой рэдкай прыгажосці расстацца са светам, не пакінуўшы пасля сябе ні жалю, ні смутку.