Мірыям і я, абое мы, прысутнічалі на пахаванні няшчаснай. Мы адчувалі, яна і я, што нейкім чынам адказваем за гэта, хоць непасрэднай віны за намі і не было. Мірыям дазволіла ў адносінах да свайго сябра нявінны жарт. А я прабаваў, можа, і з пэўным разлікам, але без ліхіх думак, выратаваць гэту дзяўчыну. Сістэма перадач фатальнай машыны, прыведзеная намі ў рух, з няўхільнай дакладнасцю прывяла няшчасную да гібелі. Суладжанасць выключная: адзін даляр, які мне дала Мірыям… адзін даляр за нумар у гатэлі… адзін даляр, які выратаваў бы жыццё і, магчыма, перайначыў бы маё…
– Будуць гаварыць, – сказала Мірыям, калі мы пакідалі могільнік, – будуць гаварыць…
– Што?
– Нічога. Я так…
І я падумаў тады, што яна ўспомніла пра бязлітасны лёс і пра кароткае наша жыццё ў гэтым дзіўным свеце.
Падарожжа ў нябыт
Гэта шалёная мітусня ў апошнія нашы хвіліны мне нагадвае выраз А.Жыда ў яго «Дзённіку», дзе ён кажа, што смерць падобна на ад'езд. Параўнанне смерці з ад'ездам дало мне ідэю гэтага апавядання.
Я болей не мог ні варушыцца, ні гаварыць. Маё цела, мой язык, мае павекі не падпарадкоўваліся маёй волі, і, хоць вочы мае былі расплюшчаны, я нічога не бачыў, апроч светлай імглы, у якой скакалі бліскучыя кропкі, як пылінкі ў промені сонца. Я адчуваў, што маё існаванне канчаецца. Аднак я нешта яшчэ чуў. Гучанне слоў да мяне даплывала невыразна, гэта быў хутчэй шэпт, чым гутарка, але галасы я пазнаваў. Я ведаў, што каля майго ложка былі доктар Галцье, які лячыў нас (свой вясковы акцэнт ён змякчаў, як мог), другі доктар, аўтарытэтны тон якога біў, як молатам, па маіх напятых нервах, і Данаціна, мая жонка. Яна стрымлівала рыданні і, задыхаючыся, пытала ў дактароў:
– Ён пры памяці?
– Не, мадам, – адказаў незнаёмы доктар. – Напэўна, не. Ён нават больш не трызніць. Каматозны стан. Гадзіна альбо некалькі хвілін, і ўсё.
– А можа, – нясмела прапанаваў Галцье грубаватым голасам, – як вы думаеце, можа, зрабіць укол?..
– Навошта мучыць няшчаснага? – запярэчыў кансультант. – У яго ўзросце, дарагі калега, падобны шок не дасць вынікаў… Пеніцылін быў нашай апошняй надзеяй. Але ён не даў належнага эфекту. Ніякіх іншых сродкаў, на жаль, няма.
– А можа, як вы думаеце, – пачціва прамовіў Галцье, – арганізм пацыента – фактар не менш важны, чым яго ўзрост? Месяц назад я аглядаў яго, перад самым запаленнем лёгкіх… Сэрца ў яго і ціск, як у маладога.
– Толькі на выгляд, – заўважыў прафесар. – Толькі на выгляд… Хочацца гэтаму верыць… Але ўзрост ёсць узрост.
– Ды не, прафесар! – ледзь не крыкнула Данаціна. – Мой муж быў малады, зусім малады.
– Ён лічыў сябе маладым, мадам, а ілюзіі – гэта самае небяспечнае… Вы павінны адпачыць, мадам. Я абсалютна ўпэўнены, што ён вас не бачыць. Сядзелка вас пакліча, калі што…
Рыданне Данаціны, яе крык разарвалі на момант імглістую заслону, і мне здалося, што здалёку бліснулі яе вочы, як агеньчык на беразе ахутанай туманам ракі. І тут жа згаслі… Галасы змоўклі, і я застаўся адзін у магільнай цішыні. Колькі часу прайшло? Не ведаю. Туга сціскала мяне ўсё мацней і мацней, і, калі стала зусім нясцерпнай, я раптам надумаўся падняцца. Некалькі разоў прабаваў паклікаць сядзелку, але яна не прыйшла. І тады я закрычаў: «Данаціна».
Мая жонка не адазвалася.
«Пайду яе шукаць», – вырашыў я.
Як я здагадаўся, што магу варушыцца, апусціць на дол свае худыя ногі, хадзіць? Помню толькі, што быў перакананы ў гэтым, і не без падставы, бо падняўся лёгка і пайшоў праз густы малочны туман адразу да адзежнай шафы. Але не паспеў я дакрануцца да яе дзверцаў, як, дзіўная рэч, намацаў на сваім целе вопратку. Я пазнаў варсістае паліто, купленае ў Лондане для падарожжаў у ліхое надвор'е. Нахіліўшыся, я ўбачыў, што абуты і стаю не на паркетнай падлозе, а на нейкім няроўным бруку. Якім чынам я, будучы непрытомным, як лунацік, злез з ложка, адзеўся, абуўся і пакінуў дом? Я быў занадта ўсхваляваны, каб паглыбляцца ў роздум. Але самае дзівоснае было тое, што я не паміраў, нават не быў хворы. І што гэта за горад? Парыж? Малочны туман з жаўтаватым адценнем хутчэй уласцівы Лондану. Засланяючы рукамі твар, каб не наткнуцца на нябачную перашкоду, я зрабіў некалькі крокаў, прабуючы дабрацца да якой-небудзь сцяны. Здалёку раз-пораз даносілася велічнае завыванне параходных сірэн. Вецер быў моцны і салёны, нібы дзьмуў з акіяна. Што гэта за порт?
– Гэй! Там! Зважай, куды ідзеш!..