– Даруйце! – адказаў я. – Я нічога не бачу… Дзе я знаходжуся?
Чалавек трымаў вялікі электрычны ліхтар. Ён павярнуў святло спачатку на мяне, потым на сябе, і я заўважыў, што ён апрануты ў форму, але з выгляду ён не быў падобен ні на французскага агента паліцыі, ні на ангельскага палісмена. Яго куртка хутчэй нагадвала форму пілотаў амерыканскіх ліній. Ён узяў мяне моцна, але не груба за плячо і павярнуў налева.
– Ідзіце прама ў гэтым кірунку, – сказаў ён, – і выйдзеце на пляцоўку.
Я зразумеў, што ён гаворыць пра аэрапорт. Дзіўна было толькі тое, што ён ані не сумняваўся ў маім жаданні папасці туды, а я нават не запытаў сябе, чаго і куды мне ляцець, ледзь-ледзь падняўшыся з пасцелі пасля такой страшнай хваробы. «Дзякуй, капітан», – прамовіў я механічна і пайшоў паказанай мне дарогай.
Ці то туман рассейваўся, ці то мае вочы сталі прывыкаць? Не ведаю. Але я мала-памалу пачаў адрозніваць сілуэты людзей. Усе ішлі ў тым жа напрамку, што і я. Паступова натоўп павялічваўся, і ў хуткім часе ўтварылася нешта падобнае на працэсію. Мы як мага прыспешвалі крок, бо здагадваліся інстынктыўна, не разважаючы (калі меркаваць па маіх адчуваннях), што павінны з'явіцца неадкладна. Але рухацца наперад было ўсё цяжэй, і дарога рабілася як быццам вузейшая…
– Не штурхайцеся! – сярдзіта прамовіла нейкая старая жанчына.
– Я не штурхаюся, мяне самога штурхаюць, – пачаў я апраўдвацца.
– У чаргу, станавіцеся ў чаргу, як усе людзі!..
Я рашуча спыніўся, чамадан выпаў з маіх рук (я толькі цяпер заўважыў, што пры мне быў чамадан) і ўпёрся ў ногі чалавеку, які ішоў следам. Я павярнуўся. Смуга распаўзлася, і адразу пасвятлела. Я выразна ўбачыў твар абуранага негра, маладога, прыгожага, у ружовай кашулі з адкрытым каўняром.
– Прабачце, пане, – сказаў ён з горкай іроніяй, тэатральна мне пакланіўшыся, – прабачце, што я маімі чорнымі нагамі зачапіў ваш белы чамадан.
– Вы ж бачыце, я ненаўмысна.
– Даруйце мне, пане, я больш не буду, даруйце, – прамовіў ён здзекліва і пакланіўся з яшчэ большым нахабствам.
Тады я ўгледзеў, што перада мной выцягнулася даўжэзная калона – некалькі тысяч пасажыраў. Перад імі невыразна вырысоўваліся агароджа, будынкі, дыспетчарская вежа, ангары. Здалёку гулі і стракаталі маторы, час ад часу прарэзліва раўла сірэна. Моцны вецер разганяў нізкія навальнічныя хмары, і ў разрывах дзе-нідзе відаць было шэрае неба.
З гэтай хвіліны наш рух стаў страшэнна марудны. Жанчына, што ішла перада мной, азірнулася, і я ўбачыў яе гладкія, кранутыя сівізной, валасы і вочы ірландкі, прыгожыя і мяккія. Яна больш не гневалася і ўсміхалася мне, нібы казала: «Усё гэта вельмі цяжка, але мы з вамі людзі мужныя і будзем цярпець без нараканняў».
Пратупаўшы на месцы добрую гадзіну, яна захісталася:
– Я так рана ўстала сёння – сіл не хапае.
– А вы сядзьце на мой чамадан, – параіў я жанчыне.
Ставячы на зямлю чамадан, я раптам адчуў, што ён занадта лёгкі.
– Ах, божа мой! – спалохана крыкнуў я. – Ні аўтаручкі, ні тапачак! Я ж іх забыў пакласці…
І бягом кінуўся ў горад. Чаму я так спяшаўся? Хто мяне там чакаў? І куды было бегчы? Я не ведаў.
Як я адшукаў дарогу ў гэтым незнаёмым горадзе? І якім чынам я заняў нумар у невялічкай гасцініцы па суседству з аэрапортам? Вагоны электрычкі мчаліся паўз мае вокны з жалезным скрогатам; каляровыя агні рэклам рытмічна ўспыхвалі, мігацелі і пераліваліся. Сваю аўтаручку я знайшоў на стале, тапачкі пад ложкам. Я ўкінуў іх барзджэй у чамадан разам з кнігамі, брытвай, піжамай і пусціўся бегчы назад. Гіганцкі аўтобус спыніўся ўздоўж высокага тратуара, дзе пахаджала партовая паліцыя з рэвальверамі на белых паясах. Я ўскочыў у аўтобус. Праз дзесяць хвілін я вылез недалёка ад стракатай людской калоны перад агароджай пасадачнай пляцоўкі.
Яшчэ раз я павінен быў перацярпець мучэнне павольнага руху. Калі гадзіны праз дзве я наблізіўся крыху да агароджы, я зразумеў, чаму мы не маглі пасоўвацца хутчэй. На пляцоўку можна было папасці толькі праз будку, каля якой стаяў вартаўнік. Так што калона, метраў за сто ад будкі, выцягвалася ў шнур. Нарэшце перада мной аказалася ўсяго шэсць чалавек. Цяпер я мог разглядзець твар вартаўніка. Гэта быў адзін з тых непадкупных здаравякоў-тупіц, якімі карыстаецца любая ўлада… Тры… Два… Апошні… Вось і мая чарга. Я стаяў адзін перад дубінай-дзецюком.
– На які рэйс? – запытаў ён.
– А хіба тут некалькі рэйсаў?
– А то як жа, – адказаў ён спакойна. – Рэйс каталіцкі, рэйс англіканскі, рэйс прэсвітэрыянскі, рэйс баптысцкі, рэйс мармонскі…
– У вас што, рэйсы ў залежнасці ад веравызнання?
– Не затрымлівайце! Хутчэй! На які рэйс?