Выбрать главу

– А калі пасажыр атэіст? Хіба ў вас няма рэйсаў для няверуючых?

– Ёсць, – прамовіў, здзівіўшыся, вартаўнік, – але я вам не раю. Гэта – кароценькі маршрут, нядаўна адкрыты, дрэнна арганізаваны… Калі вы жадаеце пытанне веры звесці да мінімуму, прапаную ўнітарную лінію, аб'яднаны рэйс… чыста, дагледжана, мадэрн…

За мною бунтавалася чарга.

– Ёсць жа людзі, – бурчаў дробненькі дзядок, – што каля самых дзвярэй будуць вам разводзіць тары-бары, а ты тут хоць да ночы стой.

Я пачырванеў і сказаў вартаўніку:

– На аб'яднаны, калі ласка.

– Цэнтральны будынак… Паўднёвае крыло… Наступны!

* * *

Усё было так, як растлумачыў вартаўнік. Памяшканне ўнітарнай лініі мне здалося і дагледжаным і ўтульным. Канвеерная актыўнасць панавала ўсюды. Лакіраваныя драўляныя стойкі, безліч папак з ярлыкамі і рэгістрацыйнымі лісткамі, якія спрытна, у дзве рукі, перабіралі служачыя самых розных колераў скуры. Карты, утыканыя малюпасенькімі мадэлямі самалётаў, вялізныя афішы кубістаў з надпісам «Ляціце аб'яднаным рэйсам!» і некалькі прыгожых дзяўчат у чорнай уніформе, якія сустракалі пасажыраў. Адна з іх падышла да мяне і запытала:

– У вас ёсць віза на вылет?

– Якая віза?

Я не ведаў…

Яна ўздыхнула і ласкава папрасіла:

– Звярніцеся да пана Фразера.

Пан Фразер, магутны мужчына ў чорным, нагадаў мне капелана ў амерыканскім універсітэце – тая ж сілішча.

Яго прафесійная ветлівасць мне здалася зусім натуральнай.

– Нам прыемна, нам вельмі прыемна прымаць нашых дарагіх гасцей, – прамовіў ён пявучым голасам. – Нашы кліенты – гэта нашы сябры. Нашы сябры – гэта нашы кліенты. Усё часцей і часцей інтэлігентныя людзі карыстаюцца аб'яднаным рэйсам.

– Якраз гэтага я і хачу, – згадзіўся я. – Але вось тут маладая асоба патрабуе візу на вылет.

– Абавязкова, іначай нельга, абавязкова, – сказаў ён. – Дастаньце візу на вылет, астатняе зробім мы.

– Але ў каго ж мне яе прасіць? Якія патрэбны захады?

У гэты момант на стале зазваніў тэлефон.

– Калі ласка, адну хвіліначку, – спакойна спыніў мяне пан Фразер і, зняўшы трубку з правага тэлефона, загаварыў па-ангельску:

– Так, доктар… Так, доктар… Яшчэ дзесяць… Добра, доктар, добра, вы не пакідаеце нас без работы… Праявіць да іх належны клопат?.. Праявім, доктар, ручаюся.

Ён паклаў адну трубку і ўзяў другую, з левага боку, дзе таксама званіў тэлефон:

– Пяцьдзесят? Цудоўна, палкоўнік… Разумею… У якіх чынах? Звычайныя салдаты? Разумею… Мы паспрабуем іх трымаць групай… Дзякуй, палкоўнік, што не забываеце нас. Да вашых паслуг… Маё шанаванне, палкоўнік…

Пасля гэтага ён пачаў гаварыць у два тэлефоны адразу, і мне здалося, я пачуў сваё імя.

– Вы не можаце яго агледзець пасля дванаццаці? – запытаў ён у тэлефон. – Ну так, ён спяшаецца… Чаму? Вы ж ведаеце, Франк, звычайная гісторыя. У шаснаццаць гадзін? Добра… Дзякуй, Франк! За мной ваша не прападзе.

Потым, паблажліва павярнуўшыся да мяне, растлумачыў:

– Ідзіце ў будынак Б, першае крыло, пакой 3454, і папрасіце пана Франка, каб вас агледзеў. Вядома, давядзецца пачакаць, але вас ён прыме сёння… Ён мне абяцаў… Калі ласка… Нам вельмі прыемна, што вы з'явіліся да нас.

Падышла дзяўчына ў чорнай уніформе. Ён рашуча падняўся, і гэта быў знак, што размова скончана.

* * *

З вялікай цяжкасцю я знайшоў будынак Б. Каб туды дабрацца, трэба было ісці вузенькай сцежкай, плюхаючы па гразі, і жаўтаваты туман зноў апусціўся на пляцоўку.

Вакол мяне коўзаліся кучкамі ашалелыя пасажыры.

Вось ён будынак Б – небаскроб, і ліфт падняў мяне на трыццаць чацвёрты паверх. Перад пакоем 3454 – даўжэзны хвост мужчын і жанчын. Я цярпліва стаў у чаргу. На гэты раз людзі пакутавалі ў два этапы. Спачатку трэба было выстаяць, не прысядаючы, у цёмным калідоры, потым, у пярэдняй пана Франка, дзе было штук дваццаць крэслаў, людзі садзіліся ў рад. Матавае шкло аддзяляла іх ад інспектара, які час ад часу выгукваў: «Наступны!» Тады бліжэйшы падымаўся, а ўсе астатнія перасоўваліся ланцужком. Перада мной была маладая дама ў футравым манто, яна выцірала слёзы. Нарэшце яе выклікалі, і праз хвіліну яна вярнулася. Калі жанчына выходзіла, мне здалося, што яна трошкі павесялела. За матавым шклом пачуўся голас:

– Наступны!

Я ўвайшоў.

За белым драўляным сталом сядзеў мужчына без пінжака, з тлустым тварам, інтэлігентны. Ён абуджаў давер'е; я міжвольна паставіў чамадан на стол і пачаў яго адмыкаць. Але ён усміхнуўся:

– Не, ваш багаж мяне не цікавіць… Мая задача – правяраць тое, што вы прынеслі ў сабе: успаміны, пачуцці, страсці…

– Яно, калі па закону…

– Па закону, – перабіў ён, – вы маеце права мець строга абмежаваную колькасць успамінаў, прычым толькі лёгкіх… Ваш узрост?