Выбрать главу

– Шэсцьдзесят пяць гадоў.

Ён зірнуў у табліцу і адзначыў лічбу:

– У вашым узросце колькасць іх зменшана. Вам дазваляецца: крыху чуллівасці, некаторая цікавасць да мастацтва, адна-дзве прыхільнасці сямейнага характару, разбаўленыя моцным эгаізмам, і гэта амаль усё… Вось вам спісак забароненых пачуццяў. Вазьміце, пазнаёмцеся і скажыце мне, калі што ў вас ёсць.

– Фанабэрыя і славалюбства? Не, фанабэрыі ў мяне няма… Можа, калісьці я і шукаў славы, але, дасягнуўшы вяршынь, пераканаўся, што радасці яна не дае. З гэтым пакончана.

– Вельмі добра, – ухваліў ён. – А імкненне да ўлады?

– Што вы? Наадварот, імкненне ад улады. Нашто мне ўлада? Я лічу, што ўсякі начальнік – асоба залежная, раб сваёй службы і пэўных думак. Я не жадаю адказваць за ўчынкі, мне навязаныя.

– Вельмі добра… А па вашай прафесіі празмерных захапленняў не было? Анкета сведчыць, што вы драматург. Вы не думалі, што зможаце напісаць яшчэ адну п'есу, лепшую, чым папярэднія?

– Не. Пераканаўся, што не змагу… Прабаваў у мінулым годзе. Яшчэ тады крыху верыў у свае сілы… і стварыў нейкую дрэнь, страхоцце… З гэтым пакончана.

– Гэта ваша цвёрдае рашэнне?

– Так, сваю справу я зрабіў; яна варта таго, чаго варта; судзіце, як знаеце.

– Вельмі добра… Выдатна… Грошы? Маёмасць?

– Я за гэтым не гнаўся. Маёмасці не набыў.

– А як з палюбоўніцамі?

– Пятнаццаць гадоў ні адной. Ёсць у мяне жонка Данаціна… Я ажаніўся позна.

– Вы яе любіце?

– Ад усяго сэрца.

– Ай! Ай! І як вы сюды папалі? Ад усяго сэрца – тэрмін, які не дапускаецца ў нашай установе… Узважым… Вы яе любіце фізічна? Па-сяброўску? Інтэлектуальна?

– Па-рознаму.

– Гэтак жа, як і ў першы дзень?

– Мацней, чым як у першы дзень.

Інспектар Франк нахмурыўся:

– На вялікі жаль, пры такіх умовах я не магу вам даць візы.

– Але ж я хачу выехаць!

– Вы гаворыце, што хочаце выехаць, але хто ж гэта ахвотна расстаецца са светам, пакінуўшы там такую дарагую істоту?

– Вы не разумееце мяне, – зазлаваў я, – іменна каб вызваліць яе, я і хачу выехаць. Вось ужо тры месяцы, як я павіс грузам у яе на шыі. Навошта псаваць ёй маладое жыццё!.. Мне трэба выехаць!

Франк заківаў галавой:

– Шкада, шкада… Мы ніколі не давалі візы людзям, што захоўваюць такі запал… Мы іх ведаем… Забраніруеш ім месца, за кошт іншых пасажыраў, вядома, а яны ў апошні момант бягуць ад нас – і месца прападае, нікім не выкарыстанае.

Я ўявіў сябе зноў выкінутым у зеленаваты туман, у натоўп, у штурханіну, на шумныя вуліцы незнаёмага горада, у жалезны бразгат і скрогат; убачыў, як змораны, з чамаданам у руках, блукаю без надзей, без прыстанішча, без сілы… Жах агарнуў мяне, і я пачаў прасіцца:

– Калі ласка… Знайдзіце хоць які-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькіх пакут перабрацца ў іншы свет. Я стаміўся. Дайце мне спакой. Калі ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час… толькі не выкідайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары… Не выкідайце.

Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваімі цяжкімі вачамі, пад якімі віселі пухлыя мяшкі; ён пакручваў у пальцах аловак і нейк дзіўна прыціскаў яго да ніжняй губы.

– Лепш за ўсё вам падыдзе, – прамовіў ён павучальным тонам, – транзітная віза ў Лімб.[3]

– Калі гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.

– Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.

– А ад каго залежыць?

– Ад ККК… Камісіі Каматознасцей і Каталепсій.

– О госпадзі! А дзе яна знаходзіцца?

– Невялічкі асобны будынак у паўднёва-заходнім канцы поля.

Ён зірнуў на гадзіннік:

– Але вы не паспееце туды да закрыцця.

– Што ж мне рабіць?

– Вярнуцца ў горад… Прыйсці заўтра.

– У мяне сіл няма.

– Ну так, ну так… Усе вы на гэта спасылаецеся… І будзеце хадзіць дзесяць дзён, дваццаць дзён… Наступны!..

* * *

І вось я зноў апынуўся на балоцістай сумнай пляцоўцы, якую агортвалі адразу ноч і туман. Ізноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вільготнай цемры прахадную будку. Ізноў трамвай са скрогатам даставіў мяне ў душны пакой, у якім мігаценне светлавой рэкламы і грукат электрычкі не давалі заснуць. Гэта была жудасная ноч. Абліты потам, я задыхаўся. На світанні ўзяў чамадан і паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явіўшыся ў такі нялюдскі час, пападу адным з першых. Аднак іншыя пасажыры разважалі гэтак жа, і яшчэ ніколі я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргі. Выстаяўшы гадзіны тры і дабраўшыся да будкі, я сказаў вартаўніку тонам бывалага пасажыра:

вернуться

3

Лімб – мясціна на тым свеце для праведнікаў дахрысціянскай эры і няхрышчаных дзяцей (у католікаў).