Аднак трыумфальны поспех Байрана ў Лондане падзейнічаў на сельскага джэнтльмена, і праз некаторы час ён пачаў ганарыцца гэтым сяброўствам, нават выхваляўся перад суседзямі. Нараджэнне дзіцяці ўмацавала пазіцыі лэдзі Спенсэр-Свіфт. А чаму б не папрасіць Байрана быць хросным яе дачушкі? Гучнае імя казытала самалюбства мужа. Сэр Уільям здаўся: «Я напішу яму, але ж ён не згодзіцца. Яму хапае па горла жанчын і работы». Аднак Байран згадзіўся. Ён любіў кантрасты і дысанансы. Тое, што сатанінскага паэта надумаліся выбраць хросным, ды яшчэ каго – маленькай дзяўчынкі, яго вабіла і спакушала.
Эрвэ Марсена так захапіўся чытаннем, што яго не бралі ні голад, ні смага, ні сон. Але руплівы Мілер не забыў наведаць яго ў суправаджэнні лакея з падносам.
– Лэдзі Спенсэр-Свіфт вітае вас і пытаецца, можа, ёсць якая патрэба, сэр?
– Ніякай. Скажыце ёй, што гэта так цікава, што я, відаць, прабуду тут усю ноч.
Дварэцкі зірнуў на яго з прыхаваным нездавальненнем.
– Усю ноч, сэр? Сапраўды? Тады мне прыйдзецца прыслаць сюды запасныя свечкі.
Эрвэ хутчэй пакаштаваў, чым з'еў свой абед, да прыкрасці ангельскі, і прагна ўзяўся за альбом. Прыезд Байрана апісваўся з хваляваннем. Імклівыя дробненькія літары ледзь-ледзь удавалася разабраць.
«Сёння раніцай аб адзінаццатай гадзіне прыехаў лорд Б. Які ён прыгожы і бледны! Ён выглядае няшчасным. Саромеецца сваёй кароткай нагі. Гэта можна заўважыць, бо ён не ходзіць, а бегае, каб калецтва не кідалася ў вочы. Як ён памыляецца! Гэты недахоп робіць яго яшчэ больш цікавым. Проста дзіўна, што Ўільям асцерагаў мяне і казаў, што з жанчынамі ён смелы да нахабства. Але ж мне ён ні слова. Час ад часу кідаў на мяне позірк употай, аднойчы я злавіла гэты позірк у люстры. А калі завязалася гутарка, то звяртаўся да Ўільяма ці да лорда Пітэрсана, а да мяне ні разу. Чаму?»
Да позняй ночы Эрвэ Марсена вывучаў, як з кожным днём Пандора ўсё больш паддавалася чарам паэта. Яму стала ясна, што маладая жанчына, шчырая і непрактычная, не магла зразумець, у чым прычына такіх мала байранічных паводзін госця. Байран прыехаў у Ўайндхорст з цвёрдым намерам быць стрыманым, па-першае, таму што не лічыў геройствам спакушаць жонку гаспадара і, нарэшце, таму што бачыў наіўнасць і кволасць Пандоры і не жадаў прычыняць ёй боль. Чалавек у душы сентыментальны, сваю пяшчотнасць ён прыкрываў цынізмам.
Вось чаму ён нават не намякнуў ёй пра каханне. Потым падзеі разгарнуліся. Сэр Уільям напомніў Байрану пра Ньюстэдскае абацтва і гуляшчых німфаў, якія там жылі. Адну з іх вельмі ўпадабаў сельскі джэнтльмен і выказаў жаданне пабачыцца з ёю яшчэ раз. «Слухайце, Байран, а чаму б вам не запрасіць мяне ў Ньюстэд?.. Без жонкі, вядома!» Байран груба спыніў яго: «Як вам не сорамна! Маладажон, называецца… А калі ваша жонка ўздумае вам за гэта адпомсціць?» Сэр Уільям зарагатаў: «Мая жонка? Ха-ха-ха! Але ж мая жонка праведніца і, між іншым, мяне абажае».
Пандора, пільна прыслухоўваючыся, улавіла сэнс іхняй гутаркі і запісала яе ў альбом з гнеўнымі каментарыямі: «Яна мяне абажае! Ну і дурань! Няўжо мне суджана пражыць свой век з гэтым бугаём? І чаму, сапраўды, не адплаціць яму тым жа? Гэта сцэна давяла мяне да такога шаленства, што, каб лорд Байран паспрабаваў дзе-небудзь у парку пацалаваць мяне, здаецца, я б не пярэчыла».
Даўно мінула поўнач. Усхваляваны Эрвэ прабягаў вачамі старонкі дзённіка. У змрочным склепе дагаралі свечкі, і пры цьмяным святле яму, як жывыя, ўяўляліся постаці нябожчыкаў. Ён бачыў барвовае аблічча гаспадара і чуў яго нахабны рогат. Ён бачыў, як на прыгожым твары Пандоры ўсё выразней адлюстроўвалася яе закаханасць. І ў цёмным кутку бачыў гордага Байрана, які з насмешкай глядзеў на гэту дрэнна дапасаваную пару.
Запахла чадам, і адна свечка пагасла. Эрвэ запаліў новыя і з яшчэ большай энергіяй узяўся за чытанне. Цяпер ён прысутнічаў пры спробах Пандоры вырваць Байрана з задуменнасці і зблізіцца з ім, прычым рабілася гэта смела і занадта хітра для такой маладзенькай жанчыны. Пакрыўджаная яго абыякавасцю, яна шукала розных подступаў. Каб сустракацца без сведак, яна дамовілася гуляць з ім на більярдзе.
«У гэты вечар я яму сказала: «Лорд Байран, калі жанчына любіць мужчыну і гэты мужчына не звяртае на яе ўвагі, што ёй тады рабіць?» «А вось што…» – адказаў ён і абняў мяне моцна-моцна і…» Адно слова там было закрэслена, але Эрвэ, за тонкімі кратамі рысак, даволі лёгка мог прачытаць «пацалаваў».