Франк паклікаў сакратара, яны схапілі мяне за плечы і выпхнулі з канторы. На шум з'явіліся два здаравенныя вартаўнікі, сціснулі мне рукі і вывалаклі з будынка. Вырваўшыся на волю, я пачаў бегаць па пляцоўцы і крычаць:
– Я не паеду!
Навокал сабралася шмат пасажыраў. Некаторыя прабавалі мяне ўгаварыць, але я нікога не слухаў.
– Я не паеду!
Раптам перада мной адкрыўся нейкі прасвет. Я кінуўся туды. Свежы салёны вецер павеяў мне ў твар. Два агеньчыкі выбліснулі ў тумане. Дзе яны? На якім беразе. Чуцён быў глухі грукат марскога прыбою.
– Я не паеду.
Агні набліжаліся. Што гэта? Агні ці чалавечыя вочы? Гэта былі вочы, мілыя шэрыя вочы, поўныя болю і смутку, вочы маёй жонкі Данаціны.
– Я не паеду, – прамовіў я слабым голасам.
– Доктар, – закрычала яна, – ён пачаў гаварыць!
– Значыць, хвароба адступіла, – пачуўся грубаваты голас доктара Галцье.
Апошнія пасмы туману чапляліся за фіранкі. Прывычныя контуры мэблі выразна вырысоўваліся ў дзённым святле. На сценах зазіхацелі жывымі колерамі знаёмыя карціны, і над самым маім тварам, блізка-блізка, блішчалі ў слязах вочы Данаціны, гордыя і поўныя любві.
Мурашкі
У каробачцы паміж дзвюма шклянымі пласцінкамі, абклеенымі з бакоў паперай, варушылася і працавала цэлае племя дробненькіх карычневых пачвар. Прадавец насыпаў мурашкам трошкі пяску, і яны пракапалі ў ім хады, адусюль накіраваныя ў адзін пункт. Там, у самым цэнтры, амаль нерухома сядзела крыху большая мурашка. Гэта была Каралева, і ўсе астатнія з пашанай кармілі яе.
– З імі няма ніякага клопату, – сказаў прадавец. – Даволі раз у месяц пакласці ім кроплю мёду ў гэтую дзірачку… Толькі адну кроплю… А мурашкі ўжо самі перанясуць яе і падзеляць.
– Усяго адну кроплю ў месяц? – здзівілася маладая жанчына. – Няўжо адной кроплі мёду хопіць гэтым істотам на цэлы месяц?
На ёй быў вялікі капялюш з белай саломкі і муслінавая сукенка ў кветачкі, без рукавоў. Прадавец маркотна паглядзеў на яе.
– Адной кроплі хопіць, – паўтарыў ён.
– Цудоўна, цудоўна! – усклікнула ў захапленні маладая жанчына.
І купіла празрысты мурашнік.
– Дружа мой, вы яшчэ не бачылі маіх мурашак?
Беленькая ручка з наманікюранымі пальчыкамі трымала шкляную каробачку з жывымі істотамі. Мужчына, які сядзеў каля маладой жанчыны, любаваўся яе плячамі і зграбнай шыйкай.
– Як з вамі цікава, дарагая… Вы ўносіце ў жыццё навізну і разнастайнасць… Учора вечарам Бах… Сёння мурашкі…
– Вы толькі гляньце, мой дарагі! – сказала яна з дзіцячым запалам, які яму так падабаўся (і яна гэта ведала)… – Вы бачыце вунь тую вялізную мурашку? Гэта Каралева… Работніцы ёй прыслужваюць… Я іх сама кармлю… І паверце, дарагі, ім хапае адной кроплі мёду ў месяц… Ды гэта ж паэзія!..
Праз тыдзень і мужу яе і каханку надакучыў мурашнік. Маладая жанчына сунула яго за люстэрка на каміне. У канцы месяца яна забыла пакласці ў каробачку кроплю мёду. Мурашкі доўга паміралі ад голаду. Да самага канца яны хавалі трошкі мёду для Каралевы, і яна загінула апошняя.
Мірына
Лепшыя пісьменнікі нашага часу захапляліся Крысціянам Менетрые. Праўда, і ворагаў прыдбаў ён шмат, паколькі іх заўсёды плодзіць чужая ўдача і асабліва таму, што ўдача гэта прыйшла да Менетрые позна, тады ўжо, калі сябры і крытыка прывыклі лічыць яго паэтам для нямногіх, вартым пашаны, але не здольным распальваць страсці, і ўвага да яго твораў набыла характар спакойны і бяскрыўдны. Яго жонка, Клер Менетрые, асоба з прэтэнзіямі, гарачая і энергічная, вывела Крысціяна ў людзі ў 1927 годзе, угаварыўшы кампазітара Жана Франсуа Мантэля напісаць оперу «Мерлін і Вівіяна» на сюжэт драматычнай паэмы свайго мужа. Але найбольшая заслуга ператварэння Крысціяна Менетрые ў папулярнага драматурга належыць акцёру Леону Ларану. Гісторыя гэта мала вядомая, і, можа, будзе цікава яе прыпомніць, паколькі яна асвятляе некаторыя слаба даследаваныя праявы творчага працэсу…
Леон Ларан, які так многа зрабіў для адраджэння французскага тэатра ў перыяд паміж дзвюма войнамі, на першы погляд здаваўся чалавекам далёкім ад акцерскай прафесіі. Ніякага зазнайства, заўсёды гатовы з поўнай аддачай узяцца за пастаноўку добрай п'есы, ён глядзеў на тэатр, як на храм. Яго культурнасць проста здзіўляла. Ён меў бездакорны густ і мог дасканала разабрацца ў самым складаным і нязвычным. Кіруючы ўласнай трупай, ён адважыўся паставіць «Праметэя» Эсхіла, «Вакханак» Эўрыпіда і «Буру» Шэкспіра. Яго Праспера і Арыэль у выкананні Элен Месьер – цудоўныя, незабыўныя вобразы. Ён асвяжыў Мальера, Мюсэ, Марыво арыгінальным прачытаннем і рэжысёрскай трактоўкай яшчэ тады, калі Камедзі-Франсэз соладка спала, чакаючы, пакуль яе пабудзіць Эдуард Бурдэ. Нарэшце, ён умеў вышукваць сярод пісьменнікаў нашага часу тых, хто быў гатовы падтрымаць слаўныя традыцыі тэатра паэтычнага. Французскай драматургіі ён даў школу і сцэну.