Я сказаў, што на першы погляд у ім не было нічога акцёрскага. Гэта праўда. Тонам, манерай, падборам слоў ён хутчэй нагадваў маладога настаўніка альбо лекара. Але такое ўражанне трымалася нядоўга. Некалькі хвілін ігры – і вы пераконваліся, што перад вамі артыст магутнага дару і шырокага дыяпазону, які мог зрабіцца велічным Аўгустам у «Цынне», пацешным абатам у «Дарма слова не давай!» альбо трагікамічным донам Базіліо ў «Севільскім цырульніку».
Крысціян Менетрые ім захапляўся, не прапускаў ніводнай прэм'еры з яго ўдзелам, але, напэўна, ніколі б не пазнаёміўся з Ларанам, бо яны абодва саромеліся, каб не ўмяшалася ў справу рашучая Клер. Клер Менетрые ў дачыненні да выдатнага артыста цалкам падзяляла пачуцці мужа і выказала пажаданне, каб Крысціян напісаў п'есу. Яна меркавала, і зусім слушна, што спрактыкаваны артыст знойдзе спосаб яго прымусіць, і ўжыла ўсе захады, каб прывабіць Ларана ў свой дом. Гэта ёй удалося. Бледныя шчокі і ясныя вочы колеру марской вады надавалі Клер прывабнасці, а жаночае хараство было той сілай, якая заўсёды ўзрушвала Леона Ларана. Зрэшты, пазнаёміўшыся, мужчыны адразу ж знайшлі ўдзячную тэму для дыскусій – «тэатр». У Крысціяна на гэты конт было мноства ідэй, і большасць іх супадала з думкамі мастацкага кіраўніка трупы.
– Вялікая памылка рэалістаў, – сказаў Крысціян Менетрые, – у тым, што яны выносяць на сцэну бытавую гутарку… А гэта якраз і не цікава гледачу ў тэатры. Не трэба забываць, што драма бярэ свой выток з абрадаў, а таму працэсіі, выхады і хоры займаюць у ёй значнае месца… І нават камедыя… Гавораць, што Мальер вывучаў мову насільшчыкаў на мосце Понт-о Шанж. Гэта магчыма, гэта напэўна так, але ён вывучаў, каб потым яе стылізаваць.
– Згодзен, – сказаў Леон Ларан. – Цалкам згодзен. І гэта яшчэ адзін довад, Менетрые, каб я вам параіў заняцца пісаннем для тэатра… Вашы лірычныя строфы, адмысловая вобразнасць, пры ўсёй іх як быццам неадпаведнасці, – цудоўны матэрыял для акцёра… Зрабіце нам статуі – мы дадзім ім жыццё.
Леон Ларан гаварыў кароткімі фразамі, і яго прыгожы голас надаваў ім непаўторнае гучанне.
– Але ж я пішу для тэатра, – запярэчыў Крысціян.
– Не, дарагі мой!.. Не!.. Вы пішаце паэмы-дыялогі для дамашняга ўжытку, а не для публікі.
– Калі ж мяне не іграюць.
– Скажыце лепш, што вы ніколі не ставілі сваёй мэтай, каб вас ігралі… Вы і дагэтуль не ўяўляеце законаў сцэнічнага мастацтва. А без іх тэатра няма… Напішыце п'есу для мяне… Так, дарагі мой, для мяне, такога, які я ёсць. Тады вы пабачыце рэпетыцыі… І гэта будзе вам навука!.. Вось што, у вас ёсць (і гэта, па-мойму, адзіны ваш недахоп) некаторая афектацыя, уласцівая сімвалістам… Але, як толькі тэксты вашы прагучаць, вы самі лёгка адрозніце сапраўднае ад фальшывага. Сцэна для аўтара тое самае, што для прамоўцы пласцінка з запісам яго голасу. Ён знаходзіць свае памылкі і выпраўляе іх.
– Гэта самае я гавару яму кожны дзень, – заўважыла Клер. – Драматургія – яго прызванне.
– Не ведаю, не ведаю, – прамовіў Крысціян.
– А вы паспрабуйце… Паўтараю яшчэ раз: напішыце п'есу для мяне.
– А на які сюжэт?
– У вас жа іх сотні, – здзівіўся Леон Ларан. – Што вы? Калі я заходжу да вас, вы мне ў некалькі хвілін расказваеце цалкам першы акт і амаль заўсёды выдатна. Сюжэт! Вам толькі трэба сесці за стол і запісаць тое, што вы мне ўжо расказалі… Гэта ж вельмі проста! І я абяцаю вам наперад, што сыграю ўсё, што вы для мяне напішаце.
Крысціян Менетрые задумаўся:
– Ну добра. Здаецца, у мяне ёсць ідэя. Вы не ведаеце, як турбуе мяне зараз пагроза вайны, колькі сіл я прыкладаю, і між іншым дарэмна, каб звярнуць увагу французаў на яўныя намеры вар'ятаў, што кіруюць Германіяй…
– Я чытаў вашы артыкулы ў «Фігаро», – пацвердзіў Леон Ларан. – Здорава і карысна… Але злабадзённы спектакль, разумееце…
– Я ж вам не прапаную п'есу пра нашу сучаснасць. Не! Я хачу зрабіць перамяшчэнне. Вы помніце становішча афінцаў у момант, калі Філіп, цар македонскі, абвясціў, што яму не хапае жыццёвай прасторы, і заняў, адзін за адным, некалькі дробных грэчаскіх гарадоў. «Сцеражыцеся! – папярэджваў Дэмасфен афіцэраў. – Сцеражыцеся! Калі вы не заступіцеся за Чэхаславакію, ён і вас праглыне праз некаторы час!» Але афінцы былі даверлівыя, легкадумныя, а Філіпу памагала «пятая калона»… Дэмасфена спасцігла няўдача… І вось аднойчы прыйшла чарга да Афін… Гэта ўжо змест другога акта.