– Здорава! – бліснуў вачыма Леон Ларан. – Выдатна? Вось ён, наш сюжэт! Пачынайце работу!
– Не спяшайцеся. Не адразу. Мне трэба перачытаць дзесяткі кніг. Але я выразна бачу вас у ролі Дэмасфена на трыбуне. Вы ж, мабыць, будзеце іграць Дэмасфена.
– Ну вядома.
Узрадаваная Клер аж да пяці гадзін раніцы слухала дыскусію наконт п'есы. І калі госць нарэшце развітаўся, галоўныя эпізоды былі ўжо намечаны. Крысціян нават знайшоў бліскучую канцоўку. Пасля розных ускладненняў высветлілася, што толькі раптоўная смерць Філіпа цудам ратуе Афіны ад гібелі. Але Дэмасфен не верыў у трываласць цудаў, не спадзяваўся на ласку нябёс, а заклікаў афінцаў адважна абараняць свой горад. «Так, – гаварыў ён, – гэта праўда… Філіп Македонскі памёр… Але як завецца сын Філіпа?» І нехта з натоўпу адказваў: «Аляксандр…»
– Дасканала! – сказаў узрушаны артыст. – Дасканала! Я іх чую… Я ўжо вымаўляю гэтыя словы… Менетрые, калі вы праз месяц не напішаце гэту п'есу, вы не драматург.
Роўна праз месяц п'еса была гатова. Сёння мы ведаем, што твор гэты ў поўнай меры апраўдаў надзеі Клер і Ларана. Аднак, калі Леон Ларан, пасля трыумфальнай чыткі ў тэатры, з'явіўся да Менетрые, каб дамовіцца аб размеркаванні роляў, тэрмінах і рэпетыцыях, ён быў стрыманы і на выгляд заклапочаны. Крысціян, вельмі чуллівы, як і ўсякі мастак, калі справа датычыцца яго творчасці, адразу зразумеў, што акцёр нечым не задаволены.
– Не, – заявіў ён Клер, калі выйшаў Ларан, – не, настрой у яго няважны… Чаму? Ён мне не сказаў. Ён мне нічога не сказаў. Але тут нешта ёсць… І не тое, што яму не падабаецца п'еса. Наадварот, ён яшчэ раз пахваліў сваю ролю ў сцэне сустрэчы з кіраўнікамі, і гэта было шчыра. Толькі ён нешта ўтойвае… А што? Не магу здагадацца.
Клер усміхнулася:
– Крысціян, вы – геній, я ў захапленні ад вашага таленту, але вы наіўны як дзіця ў справах элементарных адносін між людзьмі… Нават не бачыўшы Ларана, я магу запэўніць вас, што ведаю прычыну. У вашай п'есе ёсць…
– Што там ёсць?
– Лепей сказаць, няма. У вашай п'есе, дарагі мой, няма ролі для Элен Месьер… Вось і ўвесь сакрэт. Ва ўсякім разе я вас папярэдзіла.
Крысціян з нецярплівасцю пачаў тлумачыць:
– Адкуль там можа ўзяцца роля для Месьер? Сімпатычная актрыса, цудоўная ў п'есах Мюсэ і Марыво, што яна можа рабіць у палітычнай трагедыі?
– Ах, мой любы, як вы блытаеце пытанні! Справа не ў тым, што можа рабіць Элен у палітычнай трагедыі, а ў тым, каб Леон Ларан мог спакойна жыць са сваёй каханкай.
– Элен Месьер – каханка Леона Ларана?
– Вы што, з неба зваліліся, мой друг? Яны жывуць разам ужо чатыры гады.
– Не ўсё ж мне ведаць. І прычым тут мая п'еса? Вы думаеце, што Ларан хацеў бы?..
– Я думаю, што Ларан не толькі хацеў бы, а нават будзе патрабаваць ролі для Месьер. І яшчэ дадам, што не прадбачу асаблівых цяжкасцей, каб яго задаволіць. Варта ўключыць персанаж, які…
– Ні за што!.. Гэта парушыць кампазіцыю твора.
– Добра, Крысціян… Пагаворым як-небудзь потым.
І такая размова адбылася, бо Ларан прыходзіў змрочны, марудзіў з пастаноўкай, спасылаючыся на складанасць увасаблення, на раней узятыя абавязкі і розныя іншыя перашкоды. У Крысціяна, які гарэў жаданнем хутчэй пабачыць сваю п'есу на сцэне, таксама пачалі здаваць нервы.
– Слухайце, мой друг, – звярнулася да мужа Клер, – вы не будзеце пярэчыць, калі я адна пабуду з Ларанам? Мне ён адважыцца даверыць тое, што яго мучыць, і я вам абяцаю справу ўладзіць… Вядома, пры ўмове, што вы напішаце ролю.
– Але як? Не магу ж я перайначваць закончаны твор, і тым болей твор мастацкі, для таго, каб…
– Ах, Крысціян! Гэта так лёгка, і ў вас такая багатая фантазія… Напрыклад, у другім акце, дзе вы паказваеце, як македонцы арганізоўваюць у Афінах «пятую калону», чаму б ім не выкарыстаць для гэтай мэты адукаваную куртызанку, прыяцельку афінскіх арыстакратаў, банкіраў, дзяржаўных дзеячаў. Вось вам і персанаж, прычым абсалютна праўдзівы.
– Так, магчыма… І нават можна было б… Парада слушная… Яно сапраўды цікава паказаць тайныя спосабы прапаганды, старыя, як само чалавецтва…
Клер ведала, што ўсякае зерне, папаўшы ў мыслі Крысціяна, абавязкова прарасце. Яна затрымала Ларана, і гутарка між імі дала плённыя вынікі.
– Ах! Якая шчаслівая ідэя! – прызнаўся ён з палёгкай. – Вы ведаеце, я не асмельваўся прасіць аб гэтым вашага мужа, чалавека бескампраміснага ў пытаннях творчасці. Але п'еса без жанчын наўрад ці будзе мець поспех у публікі. Сам Шэкспір у «Юлію Цэзары»… Карнель у трагедыі пра Гарацыяў не абышоўся без Сабіны, Расін у міф пра Федру дадаў і Арысію… А яшчэ, мадам, скажу вам шчыра, я не люблю ставіць п'есы, у якіх не прымае ўдзелу Элен… Не люблю. Яна такая маладая, такая прыхільная да мяне… але ёй хочацца танцаваць, боязна заставацца адной… І калі я буду пакідаць яе на ўвесь вечар, дык у яе завядуцца кампаньёны, і гэта, павінен прызнацца, будзе мяне вельмі трывожыць. А калі ваш муж напіша для яе невялічкую ролю, усё стане на сваё месца, і праз тыдзень я пачну рэпетыцыі.