Так зарадзіўся вобраз Мірыны. Крысціян, ствараючы яго, уяўляў сабе некаторых жанчын Арыстафана, нахабных і разумных, і адначасова какетлівых красунь Марыво, у п'есах якога бліскуча выступала Элен Месьер. Прадуктам гэтай парадаксальнай мешаніны, нечакана для самога аўтара, быў характар свежы і на рэдкасць прывабны. «Залатая роля!» – пахваліў Ларан. Клер запрасіла Элен Месьер на абед, каб Менетрые прачытаў ёй свой новы варыянт. Гэта была абаяльная асоба, мініяцюрная, з доўгімі апушчанымі вейкамі, з грацыяй асцярожнай кошкі, гаварыла яна мала і ні разу не сказала глупства. Элен спадабалася Крысціяну.
– О, актрыса з душком! – прамовіў ён. – Небяспечная штучка! Такая сапраўды можа арганізаваць «пятую калону».
– А вы не закахаліся ў яе, Крысціян?
– Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. І не толькі кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсім.
– Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасці робіць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын і хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, і ўсё ідзе як не трэба лепей.
Сапраўды, некалькі дзён усё ішло як мае быць. Потым ізноў Ларан спахмурнеў.
– Што ў яго яшчэ? – запытаў Крысціян.
– На гэты раз нічога не ведаю, – адказала Клер. – Але я магу даведацца.
Ларан не прымусіў сябе прасіць. Ён растлумачыў:
– О не, роля цудоўная, і Элен на сёмым небе… Але ж… вы разумееце, мы жывём разам і наймаем у тэатр адно таксі; ехаць паасобку – абсурд… Калі ж Элен будзе выступаць толькі ў другім акце, што ж ёй тады рабіць у сваёй прыбіральні цэлую гадзіну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з'явяцца візіцёры, і тады, я ведаю сваю натуру… гэта сапсуе мне ігру… а яшчэ больш, пашкодзіць сэрцу… Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цікавіць, а вось мая ігра…
– Карацей кажучы, – падагуліла Клер, – вы жадаеце, каб Мірына дзейнічала і ў першым акце.
– Ад вас нічога не схаваеш, мадам.
Калі яна расказала Крысціяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: «Прымушаць пісьменніка! Навязваць яму!..» Клер нядрэнна разбіралася ў сістэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоіць яго сумленне.
– Чакайце, Крысціян, усе драматургі працавалі ў залежнасці ад абставін. Шэкспір, як вам вядома, улічваў фізічныя асаблівасці сваіх акцёраў, Расін пісаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваіх «Пісьмах» мадам дэ Сэвінье.
– Яна ненавідзела Расіна.
– Яна яго добра ведала.
Мірына з'явілася і ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксі, вельмі важная для сумеснай дастаўкі каханкаў у тэатр, была не менш важная і для адначасовага іх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п'есы Мірына трапіла і ў трэці акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:
– А чаму б, Крысціян, гэтую Мірыну, пасля паражэння афінцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасці. Зрабіце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўніцы Дэмасфену.
– Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасці, як у галівудскіх фільмах. Даволі, хопіць, я не дадам ні радка.
– Чаму вы лічыце гэта банальным і нерэальным? Хіба жанчына лёгкіх паводзін не можа стаць патрыёткай? У жыцці такое бывае скрозь. Кастыльёне спакусіла Напалеона Трэцяга ідэяй аб'яднання Італіі… Трэба толькі разумна і нечакана падрыхтаваць перамену ў Мірыне… Вы ж распісваць мастак. Ну, а без палюбоўніцы Дэмасфен можа абысціся, я сказала гэта жартам.
– Чаму жартам?.. Успомніце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыі…
Клер, праявіўшы вытрымку, прымусіла Крысціяна нарэшце згадзіцца, і роля Мірыны, павялічаная і ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п'есе.
Надышоў дзень прэм'еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераіню вачамі Ларана. Публіка, падзяляючы ў душы палітычныя трывогі Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на «Персаў» Эсхіла, зрабіла аўтару авацыю. Спецыялісты высока ацанілі майстэрства, з якім ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхільны да сваіх калег, прыветліва сустрэў Клер за кулісамі.
– Не іначай, як вы прыклалі сваю лапку да гэтай Мірыны, смуглявая чараўніца! – прабурчаў ён добразычліва. – Нічога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына… І ваш праведны муж сам без дапамогі ніколі б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмік… Можа, няпраўда?