– Прыемна чуць, што вам спадабаўся вобраз Мірыны, – усміхнулася Клер, – але я тут ні пры чым.
Назаўтра Рабер Кемп у сваёй рэцэнзіі гаварыў толькі пра Мірыну. «З гэтага часу, – пісаў ён, – імя Мірыны стане такім жа славутым, як імя мальераўскай Агнесы альбо Селімены».
Клер сядзела каля мужа і, з асалодай чытаючы хвалебны артыкул, шаптала:
– Падумаць толькі, каб не праблема таксі, не існавала б і Мірыны!
Астатняе належыць гісторыі літаратуры. Трагедыя «Філіп» была перакладзена на многія мовы і дала пачатак новым плыням у развіцці тэатральнага мастацтва. Засталася невядомай толькі адна дэталь. Нядаўна, пасля таго як Элен Месьер кінула Леона Ларана і выйшла замуж за рэжысёра з Галівуда, Ларан звярнуўся да Клер, якая, аўдавеўшы, стала наследніцай твораў Менетрые, з просьбай выкрасліць ролю Мірыны.
– Ва ўсякім разе, – сказаў ён, – мы з вамі ведаем, што ў п'есу яна трапіла выпадкова і ў першым варыянце яе не было. Дык чаму ж не аднавіць аўтарскую задуму?.. Тады роля Дэмасфена набыла б аскетычную суровасць, а гэта на карысць вобразу і мне бліжэй. Ну, і эканомія сродкаў. Не трэба шукаць гераіні.
Але Клер адмовіла далікатна і рашуча:
– Што вы, Ларан! Няўжо вам так цяжка знайсці актрысу? Пры вашых здольнасцях вы створыце яшчэ адну Мірыну. Даруйце, я не магу дазволіць папраляць п'есу майго мужа… Не будзем разлучаць тых, каго зблізіў Крысціян.
І Мірына, дачка натхнення і неабходнасці, па-ранейшаму ўпрыгожвае сцэну.
Нараджэнне майстра
Мастак П'ер Душ якраз канчаў нацюрморт – кветкі ў аптэчным слоіку і баклажаны на талерцы, – калі ў майстэрню ўвайшоў пісьменнік Поль-Эміль Глез. Некалькі хвілін Глез глядзеў, як працуе яго сябар, потым рашуча сказаў:
– Не!
Мастак перастаў падпраўляць баклажан і ў здзіўленні падняў галаву.
– Не, – паўтарыў Глез. – Не! Так ты ніколі не будзеш мець поспеху. Ёсць у цябе майстэрства, ёсць у цябе талент, і чалавек ты сумленны. Але твой жывапіс, галубчык, занадта просты, нават банальны. Ён не крычыць, не лезе ў вочы. У Салоне, дзе пяць тысяч палотнаў, твае карціны не прыцягнуць увагі сонных разявак… Не, П'ер Душ, поспеху мець ты не будзеш. А шкада.
– Але чаму? – уздыхнуў сумленны мастак. – Я малюю тое, што бачу. Стараюся выявіць тое, што адчуваю.
– Справа не ў гэтым, мой бедны сябра. У цябе ёсць жонка, галубчык, жонка і трое дзяцей. Кожнаму з іх трэба па тры тысячы калорый у дзень. А карцін куды больш, чым пакупнікоў, і дурняў куды больш, чым знаўцаў. То якім жа спосабам, П'ер Душ, ты мяркуеш выбіцца з натоўпу нікому не вядомых няўдачнікаў?
– Працай, – адказаў мастак, – і шчырасцю.
– Гэта несур'ёзна. Ёсць толькі адзін спосаб разбудзіць сонных дурняў, П'ер Душ, – адважыцца на што-небудзь небывалае. Абвясці ўсім, што ты едзеш на Паўночны полюс паляваць сярод ільдоў. Выйдзі на вуліцу ў вопратцы эгіпецкага фараона. Альбо яшчэ лепш – ствары якую-небудзь новую школу. Выцягвай, як білецікі з капялюша, розныя вучоныя словы: экстэрыярызацыя, дынамізм, падсвядомасць, абстракцыя – і складай маніфесты. Адмаўляй рух ці, наадварот, спакой, белае ці чорнае, круг ці квадрат. Выдумай які-небудзь «неагамерычны» жывапіс, які прызнае толькі жоўты колер і чырвоны, жывапіс «цыліндрычны», «актаэдрычны», «чатырох вымярэнняў»…
У гэты момант дзівосны і тонкі пах духоў абвясціў аб з'яўленні пані Каснеўскай. Гэта была прыгожая полька, сінімі вачамі якой захапляўся П'ер Душ. Выпісваючы дарагія часопісы з раскошнымі рэпрадукцыямі шэдэўраў, намаляваных трохгадовымі дзецьмі, яна не сустракала там прозвішча сумленнага Душа, а таму лічыла яго жывапіс нікуды не вартым. Выцягнуўшыся на канапе, яна зірнула на пачатае палатно, трасянула пасмамі льняных валасоў і ўсміхнулася з лёгкай пагардай:
– Учора я была на выстаўцы мурынскага мастацтва эпохі росквіту, – паведаміла яна сваім пявучым, раскацістым голасам. – Ах! Якая экспрэсія! Якая выразнасць! Якая сіла!
П'ер Душ прынёс і паказаў ёй гатовы партрэт, які яму самому падабаўся.
– Нядрэнна, – працадзіла яна праз зубы. І пайшла… пахучая, пявучая, імклівая і расчараваная.
Шпурнуўшы палітру ў кут, П'ер Душ паваліўся на канапу.
– Пайду ў страхавыя агенты, у банк, у паліцыю, абы куды! – заявіў ён. – Мастацтва – самы нікчэмны занятак. Каб мець поспех у разявак, трэба быць махляром альбо шэльмай. А крытыкі, замест таго каб падтрымліваць майстроў, расхвальваюць дзікунства. Хопіць з мяне! К д'яблу!