Выслухаўшы гэты крык душы, Поль-Эміль Глез закурыў цыгарэту і надоўга задумаўся.
– А можаш ты, – запытаў ён нарэшце, – аб'явіць урачыста і зусім сур'ёзна Каснеўскай і некаторым іншым, што апошнія дзесяць гадоў распрацоўваеш новы творчы метад?
– Хто? Я?
– Пачакай… Я апублікую ў часопісах парачку артыкулаў для нашай «эліты» і паведамлю, што ты засноўваеш ідэааналітычную школу жывапісу. Да гэтага часу партрэтысты ў сваім невуцтве вывучалі чалавечае аблічча. Глупства! Сапраўдная сутнасць чалавека – гэта тыя вобразы, якія ён абуджае ў нас. Напрыклад, партрэт палкоўніка: блакітны з золатам фон, а на ім пяць вялізных пагонаў, у адным кутку – конь, у другім – крыжы. Партрэт фабрыканта: заводская труба і здаравенны кулак на стале. Разумееш, П'ер Душ, якую ты навіну нясеш свету? Скажы мне, зможаш ты намаляваць за месяц дваццаць ідэааналітычных партрэтаў?
Мастак журботна ўсміхнуўся:
– За адну гадзіну намалюю. Але сумна тое, Глез, што, каб я быў чалавекам іншым, твая выдумка, можа, і ўдалася б.
– Паспрабуем.
– Я не ўмею трапаць языком.
– Вось што, галубчык… Калі цябе папросяць растлумачыць, ты, не спяшаючыся, запалі сваю люльку, пусці ў твар таму, хто пытае, воблака дыму і, памаўчаўшы, скажы так: «Вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?»
– А што гэта азначае?
– Нічога, – адказаў Глез. – Вось таму і палічаць, што ты – сіла. Пачнуць цябе раскрываць, вывучаць, захапляцца табой, а потым, калі ты ўжо будзеш на вяршыні славы, мы і прызнаемся, што ўсё гэта містыфікацыя. Цікава, як яны будуць сябе адчуваць?
Мінула два месяцы. Выстава карцін Душа ператварылася ў сапраўдны трыумф. Пахучая, пявучая, імклівая, чароўная пані Каснеўская не адыходзіла ад свайго новага куміра.
– Ах! – паўтарала яна. – Якая экспрэсія! Якая выразнасць! Якая сіла! І якім чынам, дарагі сябар, вы дабіліся такога цудоўнага сінтэзу?
Мастак, не спяшаючыся, запаліў сваю люльку, выпусціў воблака дыму і, памаўчаўшы, сказаў:
– Мадам, вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?
Вусны прыгожай полькі задрыжалі, абяцаючы яму пахучае і пявучае шчасце.
Малады бліскучы Струнскі ў паліто з трусіным каўняром тлумачыў групе наведвальнікаў:
– Файна! Файна! Магутна! Скажыце мне, Душ, як вы натрапілі на такое адкрыццё? Ці не з маіх артыкулаў?
П'ер Душ доўга маўчаў, потым выпусціў яму ў твар воблака дыму і прамовіў з надзвычайнай сур'ёзнасцю:
– Дарагі мой, вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?
– Файна сказана! Магутна! – аслупянеў Струнскі.
Тым часам вядомы гандляр карцінамі, закончыўшы агляд майстэрні, падхапіў мастака пад руку і зацягнуў яго ў куток.
– Душ, дружа мой, – сказаў ён, – а вы – хітрун! На гэтым можна выскачыць. Так і быць, бяру вашу прадукцыю. Толькі не ўздумайце без майго дазволу мяняць манеру. Купляю пяцьдзесят карцін у год… Згодны?
Нічога не адказаўшы, П'ер Душ спакойна паліў.
Мала-памалу майстэрня апусцела. Наведвальнікі выйшлі, і Поль-Эміль Глез зачыніў дзверы. З лесвіцы, паступова аддаляючыся, даносіўся гул захаплення. Застаўшыся з мастаком сам-насам, пісьменнік весела засунуў рукі ў кішэні.
– Ну як, галубчык, – запытаў ён, – абкруцілі мы іх вакол пальца? Чуў, што гаварыў гэты смаркач з трусіным каўняром? А прыгожая полька? А тры дзяўчынкі-красуні? Яны гатовы былі маліцца на цябе: «Ой, як нова! Ой, як свежа!» Ах, дарагі П'ер, ведаў я, што чалавечай дурасці канца няма, але тое, што адбылося сёння, перавысіла мае самыя горшыя меркаванні.
І яго ахапіў шалёны, нястрымны смех. Мастак нахмурыў бровы і, бачачы, што той аж заходзіцца з рогату, раптам выпаліў:
– Ідыёт!
– Ідыёт? – ускіпеў раз'юшаны пісьменнік. – Ды такая штука яшчэ нікому не ўдавалася з часоў Біксіу!..
Мастак з гордасцю агледзеў дваццаць ідэааналітычных партрэтаў і, канчаткова пераканаўшыся, зірнуў на свайго прыяцеля:
– Я не жартую, Глез, ты – ідыёт. У гэтых карцінах нешта ёсць.
Уражаны пісьменнік вытарапіў вочы.
– Ах, вось ты як! – закрычаў ён. – Ты што, забыў, хто табе падсунуў гэты новы творчы метад?
П'ер Душ, памаўчаўшы, выпусціў са сваёй люлькі воблака дыму і сказаў:
– Ты бачыў калі-небудзь, як цячэ рака?
Пасля вакацый
Машына мчалася на вакзал, і малому Алену было весела. Ён ніколі не выязджаў з дому, і думка, што цяпер ён будзе жыць у гарах, паступіўшы ў школу-інтэрнат, яму падабалася. Таварышы сказалі яму, што там працуюць менш, чым у ліцэі. Ален бачыў дырэктара, калі той прыязджаў у Парыж, і знайшоў, што ён добры, памяркоўны.
– Ведаеш, тата, ён мне сказаў, што зімой пасля абеду заняткаў у іх няма і вучні бегаюць на лыжах альбо катаюцца на каньках.