Ён хвіліну вагаўся.
– Даруйце, – сказаў ён, – што ўмешваюся не ў сваю справу, але дзяціная шчырасць не тоіць сакрэтаў… Я выпадкова даведаўся, і мой абавязак… Вы, мабыць, не ўсведамляеце, які настрой у вашага сына… Ён прызнаўся майму… Даруйце, я не знаходжу слоў… Дзіця, вядома…
Мадам Кірыліна была агаломшана. За акном вагона пачалі вырысоўвацца горы, замест камяніц пайшлі драўляныя хаткі, замест дубоў – кашлатыя елкі, у люстраныя рэчкі ўліваліся шумныя патокі.
– Божа мой! – прашаптала яна. – Гэта жахліва… Беднае дзіця… Я адчувала, што ён не любіць гэтай школы, але думала, што ён лянуецца, не хоча вучыцца… А самае галоўнае, рэўнасць… Ён ненавідзіць майго мужа, і без усякай прычыны, бо што я магу зрабіць адна ў доме? Нават і яму будзе потым моцная апора.
– Безумоўна, – сказаў Бертран. – Але ж ён яшчэ малы… Не разумее.
Яе вочы напоўніліся слязамі.
– Што ж мне рабіць? – забедавала яна. – Вы лічыце, што я павінна адвезці яго назад у Парыж, не пакідаць там? Мой муж разгневаецца… Ён кажа, што я надта пешчу Жана-Луі, а яго трэба загартоўваць… Па-мойму, думка слушная. Жан-Луі – хлопчык вельмі ўражлівы, выдумляе абы-што… Пасля нашага шлюбу лічыць, што ён – ахвяра… Гэта няпраўда, няпраўда, але калі дзіця ўваб'е сабе нешта ў галаву…
Мадам Кірыліна з сынам выйшлі на дзве-тры станцыі раней. Ален глядзеў у акно і доўга маўчаў.
– Тата, – сказаў ён нарэшце, – калі старэйшыя вучні будуць мяне біць і я прышлю табе тэлеграму, ты прыедзеш, забярэш мяне, праўда?
Пакаранне золатам
Я ўгледзеў, увайшоўшы ў ню-ёркскі рэстаран «Залатая змяя», дзе звычайна абедаў, за першым сталом невялічкага дзядка, які еў вялізны крывавы біфштэкс. Я звярнуў увагу на свежае мяса, вельмі рэдкае ў той час, і тонкі засмучаны твар старога. Напэўна, я яго калісьці ведаў, у Парыжы ці ў іншым месцы. Уладкаваўшыся, я паклікаў гаспадара, бойкага і спрытнага перыгорца, які здолеў з гэтага цеснага падвальчыка зрабіць прытулак для гурманаў:
– Скажыце мне, пан Рабер, кліент, што направа ад дзвярэй, француз, я не памыліўся?
– Каторы? Той, што адзін сядзіць?.. Гэта пан Бурдак. Ён тут бывае кожны дзень.
– Бурдак? Прамысловец? Ну так, я цяпер пазнаю. Я ніколі не бачыў яго ў вас.
– Бо ён прыходзіць, як правіла, раней за ўсіх. Чалавек гэты не любіць кампаніі.
Гаспадар нахіліўся да мяне і ціха прамовіў:
– Дзівакі яны, ведаеце, гэты пан і яго жонка… Нейкія не такія, як людзі. Ён заўсёды снедае адзін. Ну, добра! Прыходзьце ўвечары а сёмай гадзіне і за абедам вы застанеце яго жонку, таксама адну. Можна падумаць, што яны пазбягаюць адно аднаго. Тым часам адносіны ў іх найлепшыя, жывуць яны разам у гатэлі «Дэльмоніка»… Для мяне гэта сям'я – загадка.
– Шэф, рахунак на пятнаццаты, – далажыў афіцыянт.
Пан Рабер адышоў ад мяне, але з галавы маёй усё яшчэ не выходзіла гэта дзіўная пара.
Бурдак… Ну, ясна, я яго сустракаў у Парыжы. Паміж першай і другой вайной яго часта можна было бачыць у драматурга Фабера, які чамусьці сябраваў з ім. Мабыць, таму, што ў абодвух была аднолькавая цяга – надзейна хаваць капіталы, і аднолькавы страх – вылецець з капіталамі ў трубу… Бурдак… Напэўна, яму ўжо каля васьмідзесяці год. Я прыпамінаю, што ў 1923 годзе ён кінуў справы, нажыўшы немалую колькасць мільёнаў.
Тады яго турбавала зніжэнне курсу франка.
– Гэта чорт ведае што! – лямантаваў ён. – Я працаваў сорак год, каб апынуцца голым на вуліцы. Не толькі мая рэнта і мае аблігацыі зараз нічога не варты, нават мае лепшыя акцыі не падымаюцца. Нашы грошы цякуць як вада. Як мы будзем жыць на старасці год?
– Рабіце, як я, – параіў яму Фабер. – Я перавёў усё, што маю, у фунты стэрлінгаў… Самая цвёрдая валюта.
Калі мне давялося бачыць іх ізноў гады праз тры ці чатыры, абодва былі збянтэжаныя і разгубленыя. Бурдак паслухаўся Фабера; але тут праз некаторы час Пуанкарэ падняў франк, а фунты стэрлінгаў пакаціліся ўніз. Цяпер Бурдаку не давала спакою думка, як ухаваць свае прыбыткі ад падаткаў, якія няўхільна раслі.
– Вы – дзіця, – навучаў яго Фабер. – Рабіце, як я… Адзіная і самая надзейная валюта – гэта золата… Каб вы ў 1918-м купілі залатыя зліткі, ніхто б не бачыў вашых прыбыткаў, вы б не плацілі падаткаў і сёння разбагацелі б яшчэ больш… Памяняйце на золата ўсё, што ў вас ёсць, і будзеце жыць, як у бога за пазухай.
Бурдак паслухаўся. Ён і яго жонка накупілі золата, дасталі адмысловы куфар і цешыліся тым, што час ад часу, прачыніўшы дзверы ў запаветны куток, маліліся на свайго ідала. Потым гадоў дзесяць яны мне не пападаліся на вочы. Нейк раз у 1937 годзе я іх сустрэў у гандляра карцінамі ў прадмесці Сэнт-Анарэ. Ён – галантны і сумны, яна – рухавая і наіўная, маленькая акуратная бабулька, у чорным шаўковым плацці з карункавым жабо.