Выбрать главу

– Вы – мастак, паважаны пане, – звярнуўся ён да мяне, – скажыце, калі ласка, ці можна спадзявацца, што падаражэюць імпрэсіяністы?.. Вы часам не чулі?.. Мне кажуць, што напэўна, але ж яны і так у цане, не дакупішся… Трэба было запасацца імі ў пачатку стагоддзя… Мабыць, самае ідэальнае – дазнацца, якая новая школа заменіць іх, каб набыць карціны зараней, пакуль яны не ўвайшлі ў моду. Але, на жаль, ніхто не дае гарантый… Што за эпоха!.. Нават эксперты нічога не ведаюць! Вы проста не паверыце! Я іх пытаю: «Што цяпер найбольш у хаду?» Яны вагаюцца, дарагі мой, блытаюцца. Адны кажуць – Утрыло, другія – Пікасо… Але ж гэта ўсім вядома.

– Ну, а як ваша золата? – запытаў я.

– Яно пры мне… пры мне… Дабавілася яшчэ некалькі зліткаў… Але ж урад мае намер рэквізаваць золата, ачысціць прыватныя сейфы… Гэта жахліва!.. Вы мне скажаце: самае разумнае – пераправіць усё за мяжу. Правільна, дарагі мой, правільна… Але куды? Брытанскі ўрад такі ж цвердалобы, як і наш, Галандыя і Швайцарыя – прахадны двор у выпадку вайны… Застаюцца Злучаныя Штаты… Але ж там пры Рузвельце сам даляр… Ну, і туды трэба ехаць жыць, каб не рызыкаваць, што калі-небудзь нам перакрыюць дарогу да нашай маёмасці.

Не памятаю, што я тады адказаў. Ва мне падымалася злосць на гэтых старых, што, як смала, чапляліся за свой скарб у той час, як развальвалася цывілізацыя. Выходзячы з галерэі, я развітаўся з імі і назіраў, як яны асцярожна ступалі дробнымі крокамі, абое ў чорным, карэктныя і непрыемныя.

І вось ізноў я сустракаю іх на Лексінгтон-авеню ў рэстаране «Залатая змяя». Што яны рабілі ў час вайны? Якім чынам трапілі ў Ню-Ёрк? Мне цікава было даведацца пра гэта І, калі Бурдак устаў, я падышоў да яго і назваў сябе.

– А як жа, як жа!.. Вельмі добра помню, – ажывіўся ён. – Якое шчасце пабачыць вас ізноў, дарагі мой пане! Спадзяюся, вы не адмовіцеся зрабіць нам гонар і прыйсці да нас на шклянку чаю ў гатэль «Дэльмоніка». Мая жонка будзе так рада… Жыццё ў нас аднастайнае, ангельскай мовы мы не ведаем, ні я, ні яна…

– І вы пражываеце ў Амерыцы пастаянна?

– Іначай нельга. Я вам усё растлумачу. Прыходзьце заўтра а пятай гадзіне.

Я прыняў запрашэнне і з'явіўся ў вызначаны тэрмін. Пані Бурдак была ў тым самым чорным шаўковым плацці з карункавым жабо, што і ў 1937 годзе, і ў жамчужным калье. Яна мне здалася занадта змрочнай.

– Мне так нудна! – паскардзілася яна. – У нас усяго два пакоі, ніякіх сяброў… Ах! Ніколі я не думала, што давядзецца канчаць свой век у выгнанні.

– Мадам, хто ж вас прымусіў? – запытаў я. – Наколькі мне вядома, у вас не было асаблівых прычын баяцца немцаў. Я разумею, што вам не хацелася жыць пры іх; аднак па сваёй волі адплываць у чужую краіну, выгнаннікамі, не ведаючы мовы…

– О, немцы тут ні пры чым. Мы прыехалі сюды яшчэ да вайны, – журботна прамовіла яна.

Яе муж падняўся, прачыніў дзверы ў калідор, каб праверыць, ці не падслухоўвае хто, замкнуў іх, потым, вярнуўшыся, сеў і ціха сказаў мне:

– Я вам усё растлумачу. Мы ведаем, што вы чалавек стрыманы, і ахвотна выслухалі б вашу параду. Ёсць у мяне амерыканскі адвакат. Але вы мяне лепш зразумееце… Дык вось… Не ведаю, ці помніце вы, што, як прыйшоў да ўлады Народны фронт, мы палічылі небяспечным трымаць нашы залатыя зліткі ў французскім банку. Нам удалося знайсці спосаб пераправіць іх, надзейна і ўпотай, у Злучаныя Штаты. І, натуральная рэч, мы вырашылі там замацавацца. І не для таго, каб не разлучацца з нашым золатам… а нейк само па сабе… У Ню-Ёрку аднак, у 1938 годзе, мы яго памянялі на даляры, бо не верылі (і мелі падставу), што Амерыка дапусціць новую дэвальвацыю. Апроч таго, добра інфармаваныя людзі нам сказалі, што Расея збівае цану на золата, разгарнуўшы ў Сібіры геалагічныя пошукі… Але тут была праблема: у якой форме захоўваць нашы грошы? Рахунак у банку? У папяровых далярах? У акцыях? Калі б мы накупілі амерыканскіх аблігацый, нас бы прымусілі плаціць падаходны падатак, а ён тут вельмі вялікі. І мы ўсё пакінулі ў папяровых далярах.

Я не стрымаўся і перабіў яго:

– Значыцца, каб не плаціць пяцьдзесят працэнтаў падатку, вы гатовы выкінуць на вецер усе сто?

– Тут іншая прычына, – прамовіў ён таямнічым голасам. – Мы прадчувалі, што будзе вайна, а значыцца, рахункі ў банках могуць замарозіць, сейфы ачысціць, тым болей, што мы не з'яўляемся амерыканскімі грамадзянамі… І мы вырашылі трымаць нашы грошы заўсёды пры сабе.

– Пры сабе? – аслупянеў я. – Што вы такое гаворыце?.. Тут, у гатэлі?

Абое схілілі галовы з усмешкай, потым пераглянуліся, як хітрыя змоўшчыкі.