Выбрать главу

– Так, – прамовіў ён ледзь чутна. – Так, тут, у гатэлі. Мы ўсё – даляры і трошкі золата – паклалі ў дарожны чамадан. Ён там, у нашай спальні.

Бурдак падняўся, адчыніў суседнія дзверы і, узяўшы мяне за руку, паказаў мне на вялізны чорны чамадан, самы звычайны на выгляд.

– Вось… – прашаптаў ён, як святар перад алтаром, і зачыніў дзверы.

– А вы не баіцеся, – запытаў я, – што пра гэту гісторыю са скарбам у чамадане дачуюцца? Якая спакуса для зладзеяў!

– Не, – адказаў ён. – Ніхто гэтага не ведае, апрача нашага адваката… і вас, якому я поўнасцю давяраю… Усё прадугледжана, магу вас запэўніць. Чамадан не прыцягвае ўвагі, як, скажам, куфар. Ніхто не падумае, што там столькі багацця. А галоўнае, мы заўсёды на варце, і ўдзень і ўночы, тут, у пакоі.

– Вы ніколі не выходзіце?

– Разам ніколі! У нас ёсць рэвальвер, у шуфлядзе ў століку каля чамадана. І хто-небудзь з нас абавязкова дзяжурыць. Я хаджу снедаць у французскі рэстаран, дзе мы з вамі спаткаліся. Мая жонка там абедае. Так што чамадан без нагляду не бывае. Вы разумееце?

– Ну, шаноўны пане Бурдак, аднаго я не разумею, чаму вы асудзілі сябе на такое існаванне – мізэрнае, самотнае, як у манастыры?.. Падаткі? А што вам да іх? У вас жа столькі сродкаў, што вы маглі б жыць у раскошы да канца сваіх дзён!

– Справа не ў гэтым, – нахмурыўся ён. – Я не хачу аддаваць ім грошы, прыдбаныя мною ў вялікіх пакутах.

Я паспрабаваў змяніць тэму гутаркі. Бурдак быў адукаваны, нядрэнна разбіраўся ў гісторыі. Мне цікава было паслухаць пра калекцыю аўтографаў, сабраную ім калісьці, але яго жонка, апантаная яшчэ больш, чым ён, павярнула зноў на ранейшае.

– Ёсць адзін чалавек, якога я ўсё ж баюся, – сказала яна прыглушаным голасам, – гэта наш метрдатэль, немец, што прыносіць нам падсняданак. Позірк, які ён кідае часам на гэтыя дзверы, мне страшэнна не падабаецца. Але раніцай мы дома абое. Я думаю, што ў гэты час няма ніякай пагрозы.

І яшчэ мелі клопат – сабаку. У іх быў прыгожы пудзель, на рэдкасць разумны, які заўсёды ляжаў у кутку гасцінай. Але ж тры разы на дзень яго трэба было выпускаць. І яны вадзілі яго напераменку.

Я развітаўся.

Мне было прыкра ад іх вар'яцкай маніі, дурной упартасці, і разам з тым нешта прыцягвала мяне да гэтых незвычайных людзей.

Пасля візіту да іх я часта знарок пачаў раней адрывацца ад работы, каб прыйсці на абед у «Залатую змяю» роўна а сёмай гадзіне. Тады я мог сесці за адзін стол з пані Бурдак. Яна не была такой ваўкаватай, як яе муж, і даволі наіўна дзялілася са мной сямейнымі трывогамі і праектамі.

– Эжэн, – аднойчы прызналася яна, – чалавек выключнай інтуіцыі. Ён прадугледжвае ўсё. Сёння ўночы раптам у яго з'явілася думка, што ўрад можа абвясціць абмен грошай, каб выбраць іх з прыватных рук, і тады мы будзем вымушаны прад'явіць свае даляры.

– Вядома. І што ж тут дрэннага?

– Гэта вельмі сур'ёзна, – сказала яна. – Мы нічога не прад'яўлялі, калі Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў у 1943 годзе ўзяло на ўлік маёмасць бежанцаў… На нас бы пасыпаліся непрыемнасці… Але ў Эжэна ёсць новы план. Здаецца, у некаторых рэспубліках Паўднёвай Амерыкі падатак на прыбыткі не накладаецца. Калі б нам удалося туды перакінуць наш капітал…

– Як жа яго перакінуць, не паказаўшы ў таможні?

– Эжэн мяркуе, што трэба спачатку прыняць падданства тае дзяржавы, якую мы сабе выберам. Калі, напрыклад, мы станем уругвайцамі, перавод туды грошай будзе законны.

Гэта мне паказалася настолькі забаўным, што назаўтра я прыйшоў у рэстаран снедаць. Пан Бурдак, як заўсёды, сустрэў мяне з радасцю.

– О? – заварушыўся ён. – Гэта так добра, што вы якраз прыйшлі. Я хацеў у вас запытацца… Ці не ведаеце вы, якія трэба выканаць фармальнасці, каб стаць венесуэльцам?

– Не скажу, не ведаю.

– А калумбійцам?

– Таксама не ведаю. Наконт гэтага вы звярніцеся ў консульствы адпаведных краін.

– У консульствы? Вы што, ашалелі? Каб прыцягнуць увагу!

Ён з агідай адсунуў смажанае кураня і цяжка ўздыхнуў:

– Што за эпоха! Вось бы нарадзіцца ў 1830-м і пражыць увесь век без казначэйскага гвалту, без страху, што цябе абрабуюць! А цяпер кожная краіна – разбойнік з вялікай дарогі… Нават Ангельшчына… Я там прыхаваў некалькі карцін і габеленаў з разлікам даставіць іх сюды. І ведаеце, што яны ад мяне патрабуюць? Стопрацэнтную пошліну за вываз, што раўназначна канфіскацыі… Нас абкрадваюць, дарагі мой пане, як у цёмным лесе, як у цёмным лесе.

Пасля гэтага я выехаў па справах у Каліфорнію, так і не даведаўшыся, кім яны сталі: уругвайцамі, венесуэльцамі ці калумбійцамі. Калі праз год я зноў вярнуўся ў Ню-Ёрк, я запытаў пра іх у пана Рабера, гаспадара «Залатой змяі»: