Выбрать главу

Эрвэ Марсена свабодна ўздыхнуў. Ён проста не верыў свайму шчасцю. «Мне гэта сніцца ці што? – гаварыў ён сабе. – Здзейснілася тое, аб чым я мог толькі марыць». Ён устаў і прайшоўся па склепе, абмацаў вялізны сейф, канапу, сцены, каб упэўніцца, што гэта рэальнасць, а не міраж. Ніякага сумнення, усё вакол яго было матэрыяльнае і альбом сапраўдны. Ён ізноў сеў за стол.

«Я спужалася і сказала яму: «Лорд Б., я вас люблю, але ў мяне ёсць дзіця, і гэта звязвае мяне з яго бацькам. Я магу быць вам толькі сяброўкай. Але вы мне вельмі патрэбны. Памажыце мне». Ён быў на рэдкасць добры і здагадлівы. З тае хвіліны, як ён са мной, увесь яго смутак нібы растаў. Думаю, што мая прысутнасць яго лечыць».

Малады француз не стрымаў усмешкі. Ён добра вывучыў Байрана і ніяк не мог уявіць, каб той расцягнуў надоўга платанічныя залёты да гэтай юнай спакусніцы. Ён быццам чуў яго голас: «Калі яна ўбіла сабе ў галаву, што я ёй кавалер і буду гадзінамі трымаць яе за ручку, дэкламуючы вершы, яна, ох, як памыляецца! Дайшло да таго, што пара канчаць».

Потым ён падумаў, што, напэўна, знойдзе праўдзівы дакумент аб душэўным стане Байрана сярод пісем, якія таксама даверыла яму лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён паспешна развязаў стужку. Так, пісьмы Байрана. Эрвэ адразу пазнаў яго гарачую руку. Але ў пакеце былі і другія паперы, напісаныя тым жа почыркам, што і дзённік. Некаторыя з іх ён прачытаў. Гэта былі чарнавікі пісем Пандоры.

Знаёмячыся з перапіскай, ён са здавальненнем пераканаўся, што здагадка яго апраўдалася. Байрану хутка надакучыла гульня ў платанізм. Ён запытаў, ці можа ён сустрэцца з Пандорай уночы, калі ў замку ўсе спяць. Яна супраціўлялася, але слаба. Эрвэ падумаў: «Калі тое, што напісана ў чарнавіку, было яму паслана, Байран, напэўна, палічыў перамогу блізкай. Яна прастадушна прызналася: «Гэта немагчыма, бо я не ведаю, дзе вас убачыць, каб нас ніхто не заўважыў».

Ён ізноў узяўся за альбом. Пандора адзначыла, што, каб абменьвацца пісьмамі, яна пачала пасылаць Байрану кнігі з дамашняй бібліятэкі. Надзейны спосаб: нават на вачах у «строгага мужа» можна было перадаць «абранаму рыцару» кнігу з запісачкай. «А ёй было ўсяго дваццаць год!» – дзівіўся Эрвэ.

«Сёння Ўільям памчаўся з сабакамі на паляванне. Я засталася адна з лордам Б. на цэлы дзень, але пад наглядам слуг. Ён быў вельмі мілы. Нехта расказаў яму пра падвал, і яму захацелася там пабываць. Спусціцца разам з ім я не адважылася, але ўпрасіла місіс Д., гувернантку, паказаць яму склеп. Вярнуўшыся, ён сказаў мне з таямнічым выглядам: «Гэты склеп аднойчы будзе для мяне той мясцінай, аб якой я буду ўспамінаць з найбольшым хваляваннем». Што гэта значыць? Баюся зразумець, а галоўнае, без страху згадзіцца з думкай, што прычынай гэтага хвалявання буду я».

Пісьмы і альбом дазволілі ўявіць далейшыя прыгоды. Аднаго разу Пандора згадзілася прызначыць яму спатканне ў падвале глыбокай ноччу, у той час, калі яе муж гучна хроп у спальні, а слугі адпачывалі на трэцім паверсе. Ён спяшаўся, быў патрабавальны. Яна прасіла літасці, маліла, каб ён яе не крыўдзіў. «Лорд Байран, – гаварыла яна, – я ў вашых руках. Вы можаце рабіць са мной усё, што хочаце. Ніхто не сочыць за намі, ніхто нас не пачуе. А сама я не маю сілы абараняцца. Я прабавала, але супраць волі любоў прывяла мяне сюды. Ад вас аднаго я чакаю ратунку. Калі вы скарыстаеце сваю ўладу нада мной, я паддамся, але памру ад сораму і пакут».

Яна расплакалася. Байран, расчулены слязамі маладой жанчыны, праявіў дабрату. «Тое, што вы ад мяне патрабуеце, – сказаў ён, – вышэй чалавечых сіл, але ў мяне хопіць любві, каб прымусіць сябе адмовіцца ад вас». Яны сядзелі на канапе, абняўшыся, даволі доўга, потым Пандора вярнулася ў свой пакой. Назаўтра Байран паведаміў, што яго выклікае ў Лондан выдавец Морэй, і пакінуў Уайндхорст. Старонкі дзённіка за гэты дзень былі асабліва забаўныя.

«Дурань! Дурань! – пісала яна. – Усё скончана, усё страчана. І цяпер мне суджана ніколі не ведаць любві. І як гэта ён не зразумеў, што не магла ж я сама кінуцца яму на шыю. Не магла ж такая жанчына, як я, маладая і добра выхаваная, прыставаць нахабна, як тыя бессаромныя распусніцы, з якімі ён раней меў справу. Я павінна была плакаць. А яму, як мужчыну спрактыкаванаму, трэба было ўцешыць мяне, супакоіць і дабіцца, каб я аддалася любві, якую так моцна адчувала. Паехаўшы, ён растаптаў усе мае надзеі. Я яму гэтага век не дарую».

Пасля начнога спаткання былі яшчэ пісьмы: адно ад яго і адно ад яе. Байран пісаў стрымана, мабыць, думаў пра мужа, які мог выпадкова прачытаць пісьмо. Чарнавік Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённіку яна яшчэ сям-там успамінала Байрана ў сувязі з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападаліся іранічныя намёкі, якія выразна сведчылі, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.