– Скажыце, як Бурдакі? Вы штодня іх бачыце?
– О не! – здзівіўся пан Рабер. – Што вы? Хіба вы не знаеце? Яна памерла месяц таму назад, відаць, ад сардэчнай хваробы, і з таго дня яе муж сюды ні нагой. Не іначай сам захварэў ад перажыванняў.
Я ж уявіў сабе зусім іншую прычыну. Я паслаў старому спачуванне і папрасіў дазволу яго наведаць. Назаўтра ён пазваніў мне па тэлефоне, каб я прыйшоў. Ён быў вельмі бледны, страшэнна худы, губы белыя, голас як з-пад зямлі.
– Я толькі ўчора дачуўся аб вашым няшчасці, – прамовіў я, – і з'явіўся неадкладна, каб вам чым-небудзь дапамагчы, бо, апроч смутку і болю пасля такой страты, вы, я ведаю, цяпер і самі ў немагчымым становішчы.
– Не, не, – запярэчыў ён. – Зусім не… Можна прывыкнуць… Праз акно мне відны прахожыя, праязджаюць аўтамабілі… І потым, скажу вам шчыра, жывучы так, я нарэшце адчуваю сябе ў бяспецы. Раней, ідучы снедаць, я проста мучыўся… Мала што магло здарыцца за маю адсутнасць… Хоць я ведаў, што там мая жонка, мой бедны друг, але ж яна не любіла брацца за рэвальвер, асабліва, калі пачало здаваць сэрца. Цяпер я адчыняю дзверы, і чамадан у мяне заўсёды на воку… Перада мной тое, што мне даражэй за ўсё… І пакуты мае акупаюцца… Вось толькі адна бяда – мой бедны Фердзінанд.
Пудзель, пачуўшы сваё імя, падняўся, падбег і сеў у нагах гаспадара, пільна на яго паглядаючы.
– Нічога не зробіш, я не магу цяпер сам вадзіць яго на прагулку, але дамовіўся з пасыльным, па-іхняму «бел-бой», і што за мова, называлі б, як людзі – «пасыльны», а то ламай язык. Ах, гэта ангельская мова – чысты смех! Я знайшоў маладога хлопца, і за невялічкую плату ён абслугоўвае Фердзінанда, гуляе з ім, ну і ўсё іншае… Так што болей ніякіх сур'ёзных праблем у мяне няма… Вы мелі ласку, дарагі мой пане, прапанаваць мне вашу падтрымку, але ж яно ідзе на лад, усё ідзе на лад, магу вас запэўніць.
– А вы больш не збіраецеся перасяляцца ў Паўднёвую Амерыку?
– Не, дарагі мой пане, не… Што я там буду рабіць? Вашынгтон больш не ставіць пытання аб абмене грошай, і ў мае гады…
Ён сапраўды вельмі пастарэў: умовы, у якіх ён сябе прымусіў жыць, падрывалі здароўе. Ружовыя шчокі выцвілі, завастрыліся, кожнае слова вымаўлялася з натугай.
«Наўрад ці ён доўга працягне», – падумаў я.
Пераканаўшыся, што нічым яму не дапамагу, я развітаўся. Быў у мяне намер зрэдку заходзіць да яго, але праз некалькі дзён, разгарнуўшы «Ню-Ёрк Таймс», заўважыў загаловак: «Смерць французскага эмігранта. Поўны чамадан даляраў». Я прачытаў рэпартаж. Паведамлялі пра старога Бурдака. Яго знайшлі мёртвым раніцай. Ён ляжаў на сваім чорным чамадане, закруціўшыся ў коўдру. Смерць была натуральная, скарб некрануты. Я прыйшоў у гатэль «Дэльмоніка», каб даведацца, калі і дзе адбудзецца пахаванне. Таксама спытаў адміністратара, што з Фердзінандам:
– А дзе ж сабака нябожчыка пана?
– Прэтэнзій не паступала, аддалі гіцлям на жывадзёрню.
– А грошы?
– Калі не знойдуцца наследнікі, дык іх забярэ амерыканская казна.
– Канец вясёленькі, – сказаў я.
А сам падумаў: «Вясёленькі канец доўгай і нуднай гісторыі».
Палярына
– Ці ведалі вы цудоўнага аўстрыйскага паэта Рызэнталя? – запытаў ён.
– Я сустракаў яго толькі адзін раз, – адказаў я. – Мне помніцца, ён тады гаварыў пра Расею, нейк вельмі прыгожа сплятаючы наіўнае з таямнічым. Вакол яго расповядаў нібы калыхаўся лёгкі туман, які надаваў апісаным ім персанажам контуры прыблізныя і формы, што выходзілі за мяжу чалавечага… Нават голас яго быў дзіўны і як бы прыкрыты адлегласцю… Так, сапраўды, бачыць яго мне давялося ўсяго адзін раз, і ўсё ж я палюбіў яго больш, чым многіх звычных і блізкіх мне людзей… Хутка пасля гэтай кароткай сустрэчы я прачытаў паведамленне аб яго смерці. Сумна мне стала, але я не здзівіўся, бо выгляд у яго быў, як у жывога нябожчыка. Потым, даволі часта, вандруючы ў самых розных краінах, у Францыі, у Германіі, у Італіі, усюды я знаходзіў сяброў Рызэнталя: то мужчыну, то жанчыну, якім ён напоўніў сэнсам жыццё, прасвятліў розум і якія, дзякуючы яму, мелі больш далікатнасці і чуласці, чым іншыя чалавечыя істоты.
– Я вельмі рад, што мы аднолькавай думкі, – прамовіў ён, – бо я таксама быў другам Рызэнталя. Як і вы, я з ім бачыўся толькі гадзіну, але забыць яго ўжо не мог. Гады тры таму, праязджаючы праз маю мясцовасць, ён мяне ўзгадаў, даслаў ліст і спыніўся ў мяне на адзін дзень. Пачыналася восень, і было халаднавата. Я жыву каля падножжа высокіх гор. Рызэнталь, чалавек зябкі і кволы, быў апрануты па-летняму і адчуваў сябе дрэнна без цёплай вопраткі. «Ці не маглі б вы, – сказаў ён, усміхнуўшыся, – мне пазычыць паліто?» А вы бачыце, што я намнога таўсцей і ростам вышэйшы за нашага сябра. Я пайшоў шукаць сваю карычневую палярыну, у якой звычайна выходзіў узімку на паляванне. Рызэнталь, усцешаны, паказаў мне, што можа з галавой укруціцца ў пышныя падвойныя складкі матэрыі, і, накінуўшы на сябе палярыну, доўга прагульваўся разам са мной пад кронамі дрэў.