Выбрать главу

Мой дом, сад, асенняе, ледзь пажоўклае лісце, высокія горы навокал – днём, а ўвечары – камін, у якім зырка палалі сухія дровы, так яму спадабаліся, што ён вырашыў застацца ў мяне яшчэ на адзін дзень. Уночы ён разаслаў палярыну на сваім ложку, а назаўтра раніцай апрануў яе як рабочы халат. Вечарам ён сказаў мне, што яму не хочацца выязджаць адсюль, а я, са свайго боку, нічога так не жадаў, як затрымаць пры сабе як мага даўжэй гэтага арыгінальнага і мілага чалавека. Вось так, дзень за днём, мінула два тыдні, а ён усё гасцяваў у мяне, не разлучаючыся з палярынай. Нарэшце Рызэнталь паехаў, пакінуўшы мне на памяць паэму, напісаную ў гэтыя дні. Праз некалькі месяцаў я даведаўся, што ён памёр.

Пасля яго смерці, на другі год, таксама ранняй восенню да мяне з'явіўся новы госць – французскі пісьменнік, празрысты, адшліфаваны стыль якога мне вельмі падабаецца. Асабіста мы з ім тады былі яшчэ мала знаёмыя. Ён гэтак жа спыніўся ў маім гарадку толькі на адзін дзень, спяшаючыся па нейкіх справах у Вену. За ежаю гутарка ў нас не клеілася, ішла вельмі туга. Мне ўжо здавалася, што сяброўства, на якое я разлічваў, не мае пад сабой грунту, рассыпаецца, як пясок, што людзі мы розныя, і з жалем рабіў выснову, што так і давядзецца нам расстацца, не абмяняўшыся словам шчырым і значным. Паснедаўшы, мы выйшлі на прагулку ў крануты восенню сад. Госць пачаў скардзіцца на сырасць, і я прынёс яму палярыну Рызэнталя.

І тут здарылася дзіўнае. Накінуўшы на плечы гэтую адзежыну, ён зрабіўся адразу нейкім іншым, не такім, як быў. Яго лагічныя развагі, праўдзівыя і горкія, раптам страцілі рэзкасць, памякчэлі, напоўніліся ціхай журботай. У ім абудзілася давер'е, і размова наша набыла характар інтымны, нагадваючы споведзь дзвюх блізкіх душ. Калі надышоў вечар, сяброўства між намі ўмацавалася канчаткова. І, як некалі Рызэнталь, мой асенні госць, завітаўшы на дзень, правёў у мяне цэлых два тыдні.

Вы ўяўляеце, што, пасля гэтага, карычневая палярына стала для мяне як бы рэліквіяй, якой я прыпісваў, не надта верачы, вядома, таямнічую ўласцівасць тварыць дабро.

Тою ж зімой я закахаўся ў дзяўчыну рэдкай красы, родам з Вены, Інгеборг фон Дзітрых. Яна належала да збяднелай дваранскай фаміліі, сама сабе зарабляла на жыццё, працуючы ў выдавецтве. Я хацеў ажаніцца з ёю, прабаваў пасватацца, але яна, як большасць маладых дзяўчат, узгадаваных пасля вайны, трымала сябе з падкрэсленай незалежнасцю і, не адмаўляючыся ад знаёмства са мною, гаварыла, што сама думка звязаць сябе шлюбам ёй агідная. Мне было балюча бачыць гэту яе самастойнасць у вялікім горадзе, дзе не раз да яе чапляліся людзі без сораму і сумлення. Так прайшло некалькі цяжкіх месяцаў.

Увесну Інгеборг згадзілася наведаць мой дом у Вінэрвальдзе. У першы ж вечар, пасля абеду, мы выйшлі ў сад, і я ёй сказаў: «Калі ласка, зрабіце мне прыемнасць… Дазвольце, замест вашага манто, накінуць вам на плечы маю палярыну… Вы не сентыментальная, я ведаю… Гэта жаданне можа падацца вам недарэчным… Але што вам значыць?.. Вы ж у мяне ніколі не былі; калі ласка, апраніце, прашу вас».

Яна пасмяялася з мяне і, жартуючы, з чароўнай грацыяй дала згоду.

Ён перастаў расказваць, бо ў вячэрнім змроку ў глыбіні алеі выплыла зграбная постаць у карычневай палярыне і накіравалася да нас.

– Дазвольце вас пазнаёміць з маёй жонкай, – прамовіў ён.

Зялёны пас

– Бертран, – запытала Ізабэла, – вы будзеце сёння ўвечары дома да гарбаты? Вы б мне зрабілі прыемнасць. Я чакаю гэту бедную Наталі, і мне адной цяжка яе прымаць. Між іншым, яна піша ў сваім лісце, што хацела б з вамі параіцца.

Я зірнуў у свой блакнот і з прыкрасцю адмахнуўся:

– Гэта парушае ўсе мае планы.

– Даруйце, што дакучаю, Бертран, але вы не ўяўляеце, як мяне пужае гэта сустрэча… Мы не бачылі Наталі з таго часу, як памёр яе муж, і тое, што з ёю здарылася, мне здаецца такім жахлівым, што я проста не разумею, як яна перажыла… Можна ашалець з гора… Сямейная драма, беднасць… Ці не замнога для адной маленькай істоты!.. Шчыра кажу, няма ў мяне належных слоў… Не ведаю, чым яе ўцешыць!..

– І я таксама… А вам не здаецца, што найлепшы сродак у такіх выпадках гаварыць як мага менш?.. Я думаю, што, убачыўшы вас, яна пачне плакаць… Вы гэтак жа будзеце плакаць… Абдыміце яе, далейшае падкажа інстынкт.

Праз хвіліну ён дадаў:

– Уяўляю, якая гэта будзе для вас пакута. Пастараюся ў гэты час быць каля вас.