Выбрать главу

Вечарам, за некалькі хвілін да вызначанага тэрміну, ён увайшоў у пакой Ізабэлы.

– Ніяк не супакою нерваў, – сказала яна. – Спрабавала чытаць, але ўсе мае думкі аб гэтай няшчаснай… Гляджу на дзверы, праз якія яна зараз увойдзе, падбіраю словы і тут жа іх губляю. Мне так нядобра!.. Сама не свая…

– Вазьміце сябе ў рукі. Ніколі не трэба зараней рыхтавацца да выключных абставін. Кідайцеся ў цяжкую размову, як спрактыкаваны плывец у халодную ваду, – так раіў Стэндаль… Гарбата згатаваная?

– Так, я прасіла Марыю, каб яна прынесла нам гарбату хвілін праз пяць пасля яе прыходу… Я спадзяюся, што з'яўленне чужога чалавека спыніць рыданне і слёзы і пасля лягчэй будзе гаварыць.

Бертран узяў кнігу, разгарнуў яе, потым, уздыхнуўшы, адклаў. Абое маўчалі. Кароткі, нясмелы званок парушыў цішыню. Ізабэла паднялася.

– Гэта Наталі, – прашаптала яна.

– Сядзіце, не ўставайце, – прамовіў Бертран.

Яна пачула звонкі голас у пярэдняй.

– О, як у вас тут цёпла! Я скіну паліто.

Дзверы адчыніліся. На парозе паказалася Наталі. Яе твар трошкі схуднеў, трошкі пабляднеў, але амаль не змяніўся – быў такі ж малады і прыгожы.

– Добры дзень, – радасна прывіталася яна. – О! Бертран!.. Які вы слаўны!.. Я ніяк не спадзявалася, што вы захочаце мяне пабачыць… Як у вас тут цёпленька, Ізабэла!..

Калі праз гадзіну, праводзіўшы госцю, Бертран вярнуўся, Ізабэла сказала яму з абурэннем:

– Ніхто б не даў веры! Як вы лічыце, дарагі? Я ж дрыжала толькі ад адной думкі… А яна хоць бы слова аб сваім горы, аб сваім няшчасці…

– Хіба што туманныя намёкі, – пацвердзіў Бертран. – Часам уставіць нешта накшталт «у маім становішчы» і адразу ўбок. Нічога канкрэтнага. Дзіўлюся, нашто ёй спатрэбілася мая прысутнасць… Яна хацела нейкай парады, вы казалі?.. Але ж яна ў мяне нічога не спытала.

– Я тут ні пры чым, Бертран. Яе просьбу я перадала правільна. Не магу апамятацца!.. Вам даводзілася бачыць такое? Развяла нудную балбатню пра рукавы з напускам… Гэта праўда, што вам такія рукавы падабаюцца? Знайшлі што хваліць!.. А я думала, што вы прыхільнік строгіх строяў.

– Ды я зусім не хваліў… Вы маўчалі… Трэба ж было нейк заняць час.

– Я двойчы спрабавала нагадаць ёй пра мужа, і кожны раз яна спыняла мяне абыякавай фразай і пачынала гаварыць аб сваім намеры паехаць у Грэцыю, зрабіць марскую прагулку ў асобнай каюце. Відаць, яна яго ніколі не кахала.

– Хто ведае? – прамовіў Бертран.

– А яе дзеці?.. Вы чулі, што яна сказала, калі я заўважыла, што дзеці будуць ёй уцехай? «Вы так думаеце? – запытала яна. – Вы любіце дзяцей?.. А я – не… Заходжу ў дзіцячую. Калі яны гуляюць, то на мяне ніякай увагі… І мне тады робіцца сумна». Я не ведала, што адказаць… Затое пра вашу апошнюю кнігу яна гатова была гаварыць бясконца.

– А хіба гэта дрэнна? – заступіўся Бертран. – Відаць, яна яе з цікавасцю прачытала.

– Якраз гэтага я і не магу ёй дараваць… Як можна з цікавасцю чытаць кнігу, калі сэрца павінна разрывацца з роспачы?.. І потым, нарэшце, гэты зялёны пас!.. Вы звярнулі ўвагу?

– Звярнуў. Даволі прыгожа, між іншым, – палоска яркага колеру на чорным фоне.

– Прыгожа?.. Што вы, Бертран? Можа, і так, але ж гэта скандал!.. Як? Страціць такога выдатнага мужа пры такіх трагічных абставінах і праз тры месяцы парушыць жалобу!.. О! Я разумею, што вы не прывыклі надаваць значэння драбніцам… Я таксама… Але ўсё ж трэба хоць трошкі захоўваць прыстойнасць… Ярка-зялёны пас!.. Я вачэй не магла адарваць.

– Мілая Ізабэла, – прамовіў Бертран, узяўшы яе за руку. – Што вы так сябе мучыце, перажываючы чужую бяду!..

– Яна не заслугоўвае спагады… Вы ўяўляеце, у яе нават быў апетыт! Я ёй шклянку гарбаты не адразу адважылася прапанаваць… А яна ела ўсё: печыва, торт. «Вашы бутэрброды з сырчыкам вельмі смачныя». Бачыце, ёй бутэрброды смачныя… Я разгубілася, не знайшла, што адказаць.

Бертран усміхнуўся:

– Хто б паверыў, дарагая, што сёння раніцай я застаў вас амаль у слязах і толькі што, чакаючы яе, вы дрыжалі ад страху!.. Мая думка правільная: ніколі не варта загадваць наперад… Мары і рэчаіснасць не супадаюць, і ў жыцці часта бывае куды прасцей, чым нам уяўляецца.

Праз некалькі дзён яны даведаліся, што Наталі памерла, прыняўшы тры цюбікі вераналу.

Рыкашэт

Даніэль са здзіўленнем зірнуў на сваю жонку. Рэдкая з'ява, каб яна прыходзіла да яго раніцай.

– Вы хочаце мне нешта сказаць? – запытаў ён.

– Даніэль, зрабіце мне, калі ласка, прыемнасць – схадзіце са мной сёння ўвечары на канцэрт… Рубінштэйн іграе «Прэлюдыі» Шапэна, і я была б рада паслухаць іх разам з вамі. Вось ужо тры месяцы, як вы са мной вечарамі нікуды не ходзіце.