Выбрать главу

– Вось ужо тры месяцы, – нездаволена прамовіў Даніэль, – як вы мяне ні разу аб гэтым не прасілі.

– Я не прасіла, бо не хацела, каб мяне зняважылі, адмаўляючы. Я дала сабе слова, Даніэль, не навязвацца, чакаць, пакуль вы мяне самі паклічаце, але сёння Анна, для якой я ўзяла крэсла побач, патэлефанавала мне, што не можа, бо хворая. Вось ужо дзве гадзіны, як я шукаю, кім бы яе замяніць, і ўсё марны клопат… Вы ўяўляеце, як гэта сумна і брыдка прасядзець увесь вечар адной каля пустога крэсла!

– Прапануй якому-небудзь мужчыне, – параіў Даніэль.

– Вы ж ведаеце, я паклялася з іншымі мужчынамі кампаніі не вадзіць. Вы мой першы і мой апошні.

– Што тыя клятвы! – нахмурыўся Даніэль.

Хвіліну падумаўшы, ён няўпэўнена прагаварыў:

– Яно, вядома, я хацеў бы зрабіць вам прыемнае, але ў мяне ёсць іншыя абавязкі. Паспрабую ад іх вызваліцца. Калі ўдасца, пайду з вамі на канцэрт.

– Ах, як добра, што вы згадзіліся!

– Ды не, я вам нічога канкрэтна не абяцаю, я толькі сказаў, што паспрабую, – прабурчаў Даніэль.

Ён выйшаў у кабінет і ўзяўся за тэлефон: «Габелен, 43–14». Гэта быў нумар Беатрысы дэ Сольж, якая ўжо некалькі тыдняў была яго каханкай. Ён заляцаўся да яе горача, з няспрытнасцю пераспелага мужчыны.

– Гэта вы? – прашаптаў Даніэль. – Скажыце, гэта цвёрда, што сёння вечарам вы са мной пойдзеце? Не адмовіцеся ў апошні момант, як пазаўчора?..

– Ой, які вы нудны! – пачулася з тэлефона. – У вас зусім няма такту. Пара ведаць, што мне падабаецца толькі тое, што я вырашаю ў апошні момант. Вы што, хочаце сапсаваць мне настрой?

– Прабачце, прабачце, – замітусіўся Даніэль. – Наадварот. Няўжо вы дагэтуль не пераканаліся, што вашы жаданні для мяне закон? Але на сённяшні вечар мне трэба ведаць вашы планы, бо я сам павінен даць адказ.

– Вы жудасны чалавек, – пачулася з тэлефона. – Адкуль я магу ўсё зараней ведаць!.. Вось што… Патэлефануйце мне праз гадзіну… Пастараюся прыняць нейкае рашэнне.

У сталовай, снедаючы разам з Даніэлем, жонка запытала ў яго: ці можа яна разлічваць напэўна. Ён адказаў не без гумару, што яшчэ не высветліў, не паспеў дамовіцца па тэлефоне.

У гэты самы час Беатрыса дэ Сольж тэлефанавала П'еру Прад'е, маладому дэпутату, якога яна сустрэла ў Жэневе і паспела пакахаць.

– Гэта вы, Прад'е? – запытала яна. – Ах, не, гэта вы, мадмуазэль Друэ?.. Мне б хацелася пагаварыць з панам Прад'е… Не, не, калі ён загадаў, каб яго не турбавалі, у такім разе не трэба… Не, не, я разумею… Ён будзе злавацца… Я б толькі хацела ведаць, ці збіраецца ён са мной паехаць на вячэрні сеанс?.. Што?.. Збіраецца… Гэта ў яго запланавана… А вы ўпэўнены, што ён не пераменіць свайго намеру, як гэта было ўчора?.. Не ведаеце… Так, так… Натуральна… А зараз, канкрэтна, ён вам нічога не гаварыў?.. Дзякую, мадмуазэль Друэ… Да пабачэння…

Калі крыху пазней Даніэль патэлефанаваў з кабінета, пакаёўка Беатрысы дэ Сольж яму растлумачыла, што мадам у засмучэнні і вельмі шкадуе, што вечарам не будзе мець часу, бо ёй трэба абавязкова прысутнічаць на сямейным абедзе.

Даніэль накіраваўся да сваёй жонкі – праверыць, ці дома яна. Жонка ляжала на канапе і чытала кнігу.

– Дарагая, – звярнуўся ён да яе, – я вельмі рад, што мне ўдалося нарэшце вызваліцца. Мы разам паслухаем канцэрт. Як гэта цудоўна!

– Які вы мілы, харошы! Мне так прыемна!

– І мне таксама.

Калі ён выйшаў, жонка надоўга паглыбілася ў шчаслівыя мары. Яна моцна ўпікнула сябе за нядобрыя думкі аб сваім мужу.

Прыліў

– Скінуць маску? – сказаў Бертран Шміт. – Няўжо вы думаеце, што часта скідаць маску разумна і пажадана. Я лічу наадварот, апроч некалькіх рэдкіх выпадкаў дзівоснага сяброўства, толькі маскі, іменна маскі, робяць цярпімым жыццё ў грамадстве… Калі абставіны складуцца так, што хто-небудзь у нас раптам выкажа ўсю праўду тым, ад каго ён звычайна яе хаваў, вельмі хутка ён раскаецца ў сваёй безразважнай шчырасці.

Крысціян Менетрые падтрымаў:

– Я памятаю адну аварыю ў Ангельшчыне… Чалавек дзесяць шахцёраў засталіся ў забоі, адрэзаныя ад свету выбухам рудніковага газу. Праз тыдзень, страціўшы надзею на ратунак, чакаючы смерці, яны пачалі спавядацца ў сваім самым інтымным… Вы ўяўляеце тон: «Так і быць, раз усё роўна канец, я не хачу памерці, не прызнаўшыся…» Потым нейкім чынам іх усё ж выратавалі… Пасля чаго яны стараліся не сустракацца. Кожны з іх інстынктыўна пазбягаў людзей, якія ведалі больш, чым гэта дапускалася. Маска была зноў надзета, і грамадскі спакой захаваны.

– Яно так, – згадзіўся Бертран. – Можна прывесці і яшчэ падобныя прыклады. Я ўспамінаю, калі я вандраваў па Афрыцы, мне давялося быць міжвольным сведкам аднаго незвычайнага прызнання.