Ён адкашляўся і глянуў на нас, крыху вагаючыся. Як ні дзіўна, але Бертран, які так часта выступаў публічна, быў чалавекам нясмелым. Ён баяўся надакучыць. Аднак у гэты вечар, паколькі ніхто з нас яго не перабіў, ён адважыўся:
– Вы, напэўна, усе забылі, што ў 1938 годзе для Саюза прыхільнікаў французскай мовы я зрабіў падарожжа з публічнымі лекцыямі ў Заходнюю і Экватарыяльную Афрыку і на іншыя заморскія тэрыторыі. Я пабываў у ангельскіх, французскіх, бельгійскіх калоніях (тады іх яшчэ называлі калоніямі) і аб гэтым не шкадую. Турысты прыязджалі туды рэдка, і прымалі іх па-каралеўску альбо, што яшчэ лепш, па-братняму. Не буду прыгадваць назву дробнай сталіцы, аб якой я збіраюся вам расказаць, бо героі майго апавядання яшчэ жывыя… Галоўнымі персанажамі былі: губернатар – мужчына гадоў пад пяцьдзесят, брыты, срэбравалосы, і яго жонка – значна маладзейшая, чарнавокая бландзінка, тэмпераментная і разумная. Назавём іх умоўна Бусары. Яны даставілі мяне як госця ў свой «палац» – вялізную вілу казарменнага стылю між чырвоных скал, з адмысловай мэбляй і рознымі выгодамі. Два дні я ў іх з прыемнасцю адпачываў. У салоне на століку з чорнага дрэва, пад якім красавалася тыгравая шкура, я знайшоў «Новае французскае рэвю», «Французскі веснік» і некалькі свежых раманаў. Я пахваліў за гаспадарчы клопат маладога ад'ютанта губернатара лейтэнанта Дзюга.
– О, я тут ні пры чым, – запярэчыў ён. – Тое, што вам спадабалася, – гэта мадам Бусар… Кнігі і кветкі – яе стыхія.
– Ці ж мадам Бусар літаратар? – запытаў я.
– Вядома. Вы павінны былі гэта заўважыць. Жызэль, як мы яе тут непачціва празвалі, скончыла Сеўрскую нармальную школу. Да таго як выйшла замуж за губернатара, была выкладчыцай літаратуры ў Ліёне. Там ён сустрэўся з ёю яшчэ раз, прыехаўшы ў водпуск. Я кажу «яшчэ раз», бо яны былі знаёмы раней. Яна была дачкой аднаго з бліжэйшых сяброў губернатара. Ён яе любіў, і яна згадзілася ехаць з ім сюды. Здавалася, што яна таксама да яго прывязана з даўняга часу.
– Нягледзячы на розніцу ў гадах?
– Трэба сказаць, што губернатар быў тады мужчына прывабны. Тыя, хто ведаў яго да шлюбу, гаварылі, што ён карыстаўся выключным поспехам у жанчын… Цяпер ён пастарэў.
– Такая жаніцьба небяспечна для здароўя.
– О! Тут не толькі жаніцьба. Мой начальнік ніколі не жыў спакойна… Трыццаць гадоў у Афрыцы… Клімат, вечныя трывогі, сабачая работа… Начальнік мой – чалавек высокай годнасці… Дзесяць гадоў назад, як ён прыехаў сюды, зусім яшчэ дзікія плямёны насялялі гэтыя бяскрайнія джунглі. Яны паміралі з голаду. Іхнія ведзьмары падбухторвалі іх да ўзаемнага знішчэння, да выкрадання жанчын і дзяцей, прымушалі прыносіць ідалам чалавечыя ахвяры. Губернатар уціхамірыў плямёны, падзяліў іх на групы, прывучыў іх вырошчваць какаву. Гэта не так лёгка, магу вас запэўніць, пераканаць людзей, што жывуць сённяшнім днём, шэсць гадоў цярпліва чакаць, пакуль на саджанцах з'явяцца плады.
– А яны не мараць аб сваёй незалежнасці, не рвуцца на волю? Як яны адносяцца да губернатара?
– Любяць, я сказаў бы нават, глядзяць, як на бога. Неяк раз я суправаджаў яго ў адно першабытнае племя… Іхні важак, укленчыўшы перад ім, гаварыў наступнае: «Ты выхоўваў мяне, як лянівага сына… Ты добра рабіў… Ты прагнаў мой сон… Цяпер я стаў багаты…» Яны здольныя, вы пабачыце, ахвотна вучацца, абы знайсці падыход… Але трэба быць святым, каб заслужыць іх павагу.
– І што ж, ваш начальнік святы?
Малады лейтэнант зірнуў на мяне з усмешкай і ў сваю чаргу запытаў:
– А што такое святы?
– Я не знаю… Чалавек абсалютна чысты, без плям.
– А! Гэта ёсць. Я не знаходжу ў ім заган, нават празмерных захапленняў, за выключэннем, можа, аднаго… Ён імкнецца да славы, не да якіх-небудзь выпадковых пахвал, а да агульнага прызнання сваіх працоўных заслуг. Яму падабаецца быць адміністратарам, і ён хацеў бы кіраваць тэрыторыямі ў некалькі разоў большымі.
– Як маршал Ліатэй, які казаў: «Марока? Гэта – мястэчка. Мне патрэбен увесь свет».
– Іменна. Мой начальнік быў бы страшэнна задаволены, каб яму даручылі кіраваць нашай маленькай планетай… Ён бы рабіў гэта лепш, чым іншыя.
– Але ж ваш святы быў донжуанам.
– Святы Аўгусцін гэтак жа… Грахі юнацтва… Пасля жаніцьбы ён стаў прыкладам мужчынскай вернасці… Аднаму богу вядома, колькі ў яго становішчы было магчымасцей… Я сам, з'яўляючыся, так сказаць, яго ценем…
– Выкарыстоўвалі магчымасці?
– Я не губернатар, не святы, не жанаты… Стоячы збоку, лаўлю тое, што трапляецца… Пагаворым лепш аб вашым падарожжы, дарагі мэтр. Вы, мабыць, ведаеце, што губернатар надумаўся заўтра суправаджаць вас да вашага бліжэйшага пункта?