Выбрать главу

Раптам падпалкоўнік узяў мяне за руку і падштурхнуў да ілюмінатара.

– Глядзіце! – крыкнуў ён мне на вуха, – мора наступае. Прыліў! Дэльты ўжо не відаць…

Тое, што я ўбачыў, было сапраўды незвычайным. На тым месцы, дзе знікала чорная маса дрэў, разлівалася мора, бяскрайняе мора жоўтага колеру. Раз'юшаны вецер штурмаваў джунглі, і стваралася ўражанне, што яны часткова затоплены. Ад пляжа не засталося і следу. Пілот чыркануў алоўкам некалькі слоў і, павярнуўшыся напалову, падаў паперку падпалкоўніку, а той паказаў яе мне.

Ніякіх арыенціраў. Не чую радыёсігналаў. Не ведаю, дзе прызямліцца.

Падпалкоўнік падняўся і, хістаючыся, чапляючыся за крэслы, панёс запіску губернатару.

– Ці хопіць гаручага, каб вярнуцца назад? – запытаў той.

Падпалкоўнік перадаў пытанне і прынёс адказ.

– Не хопіць, – вымавіў ён спакойна.

– У такім разе няхай ён спускаецца ніжэй і шукае незатоплены астравок. Гэта наш адзіны шанс. – І да жонкі, якая расплюшчыла вочы: – Не палохайся, Жызэль. Гэта прыліў. Мы дзе-небудзь прызямлімся, перачакаем буру, і нас знойдуць.

Жахлівае паведамленне яна выслухала без эмоцый, з дзівоснай вытрымкай. Самалёт ляцеў зусім нізка. Я выразна бачыў вялізныя жоўтыя хвалі і ў змрочным святле сагнутыя ветрам дрэвы. Пілот трымаўся мяжы між лесам і морам, шукаючы прагаліны альбо палоскі пляжа. Я маўчаў, упэўнены, што гібель наша непазбежная.

«І чаго панесла мяне сюды? – думаў я. – Сам сабе выбраў катаргу! Выступаць перад дзвюма-трыма сотнямі раўнадушных слухачоў?.. Дурное, нікчэмнае падарожжа!.. Але што зробіш! Смерці сваёй не мінеш. Калі не тут, мяне мог бы раздушыць грузавік у ваколіцах Парыжа, даканаць які-небудзь мікроб альбо выпадковая куля… Хутка ўбачым».

Не падумайце, што я хвалюся, выстаўляючы сябе цярпліўцам. Проста, як і ўсякі чалавек, я хапаўся за надзею, неразлучную з целам, і не хацеў верыць, пры ўсёй відавочнасці, у блізкую смерць. Розум знаходзіў доказы, а цела іх адхіляла. Падпалкоўнік падышоў да пілота і разам з ім пачаў пільна ўглядацца ў брудна-жоўты акіян. Раптам ён ускінуў руку. Самалёт рэзка нахіліў крыло. Падпалкоўнік павярнуўся, і на яго дагэтуль абыякавым твары мільгануў прамень святла.

– Выспа, – далажыў ён.

– Вялікая, можна на ёй прызямліцца? – спытаў губернатар.

– Здаецца, можна.

Праз хвіліну ён пацвердзіў:

– Так, напэўна… Давайце, Баэк.

Хвілін праз пяць мы прызямліліся на вузкай пясчанай касе дэльты, і пілот так удала накіраваў самалёт ці, можа, яму пашанцавала, што той уклініўся паміж дзвюх пальмаў і, трымаючыся за іх, мог супраціўляцца ветру. А вецер свістаў і дзьмуў з такой сілай, што вылезці з самалёта было немагчыма. І што гэта дасць? Куды ісці? Направа і налева – метраў сто мокрага пяску. Наперадзе і ззаду – акіян. Мы выратаваліся на момант, уцалець надоўга можна было толькі цудам.

У гэтым адчайным становішчы я захапляўся нашай спадарожніцай. Яна ані не спалохалася, была спакойная і нават вясёлая.

– Хто хоча есці? – запытала мадам Бусар. – У мяне ёсць сандвічы і фрукты…

Пілот, які прыйшоў да нас у кабіну, сказаў, што лепш прыберагчы прадукты, бо толькі бог ведае, як і калі мы адсюль выберамся. Ён паспрабаваў яшчэ раз паведаміць аб здарэнні па радыё, але адказу не атрымаў. Я зірнуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін раніцы.

Апаўдні вецер трошкі прыціх. Нашы пальмы добра ахоўвалі самалёт. Губернатар задрамаў. Я адчуваў сябе змардаваным і аслабелым. Я зажмурыў вочы, потым міжвольна іх крыху расплюшчыў, ахоплены дзіўным уражаннем, быццам аднекуль павеяла на мяне цяплом і сілай. І вось я заўважыў, як Жызэль і падпалкоўнік абмяняліся позіркамі. Яны сядзелі блізка адно ад аднаго. Выраз іхніх твараў быў такі адданы, такі пяшчотны, што не магло быць сумнення: гэтыя двое былі каханак і яго палюбоўніца. Яшчэ ўчора вечарам я прадчуваў гэта, сам не ведаю чаму, бо іх паводзіны былі пры чужых бездакорныя. Я хутчэй заплюшчыў вочы і ад вялікай стомленасці заснуў.

Мяне разбудзіў шквалісты парыў ветру, які так скалануў самалёт, што, я думаў, вырве яго разам з пальмамі.

– Што такое? – запытаў я.

– Бура аднавілася, і вада прыбывае, – адказаў пілот не без горычы. – На гэты раз мы загінем, месье. Праз гадзіну мора затопіць гэты астравок… і нас.

Ён глянуў на губернатара з дакорам, нават злосна, і дадаў:

– Я брэтонец, веру ў бога… Буду маліцца.

Учора мне сказаў Дзюга, што паводле палітычнай традыцыі губернатар заядлы антыклерыкал, аднак да місіянераў ставіцца добразычліва, паколькі яны яму робяць значныя паслугі. Маліцца ён не збіраўся, але пілоту свайму не пярэчыў. У гэты момант пачуўся трэск: ураганны вецер расшчапіў пальму злева. Набліжаўся канец. І тады Жызэль, вельмі бледная, у нейкім палымяным натхненні, кінулася да маладога падпалкоўніка: