– Раз мы ўсе памром, я хачу памерці ў тваіх абдымках.
І, павярнуўшыся да свайго мужа, яна дадала:
– Даруйце мне, Эрык… Я рабіла ўсё, каб пазбавіць вас гэтага болю… Цяпер жа ўсё скончана, і для мяне і для вас… Я не магу больш ілгаць.
Падпалкоўнік задрыжаў увесь і падняўся, каб адхіліць ад сябе ашалелую жанчыну.
– Пане губернатар, – пачаў ён…
Свіст і шум урагана заглушылі яго словы. Губернатар сядзеў амаль побач і, як зачараваны, пазіраў на гэту пару. Губы яго падскаквалі, не ведаю, ці ён гаварыў што, ці толькі тужыўся нешта сказаць. Ён так пабляднеў, што мне здалося, вось-вось страціць прытомнасць. Самалёт, які ўчапіўся адным крылом за пальму справа, коўзаўся па пяску, трапятаўся і стукаў, як разгорнуты сцяг. У хвіліну смяротнай небяспекі я павінен быў думаць аб сям'і, аб маёй дарагой Ізабеле, але відовішча было такое выключнае, што я не мог адарваць вачэй.
Спераду, спіной да пасажыраў, укленчыў пілот і шаптаў малітву. Сэрца падпалкоўніка раздзіралі процілеглыя пачуцці: каханне прымушала яго прытуліць няшчасную жанчыну, а сумленне і боль за зняважаны гонар свайго шэфа, якога ён шчыра паважаў, звязвалі яму рукі. Што датычыцца мяне, то я сядзеў, скурчыўшыся, каб менш трасло, і стараўся трымацца ў баку ад драмы траіх, не перашкаджаць ім. Зрэшты, я ўпэўнены, што яны мяне не заўважалі.
Губернатар, хапаючыся за крэслы, падышоў да сваёй жонкі. У гэтым страшным няшчасці, якое адразу знішчала і яго жыццё і яго дабрабыт, ён захоўваў нейкую дзіўную высакароднасць. Гнеў не перакрывіў яго прыгожага твару, і толькі вочы былі вільготныя. Прыблізіўшыся, ён абапёрся на маё плячо і голасам, пяшчотнасць якога ўзрушвала да слёз, сказаў:
– Я ніколі не думаў, Жызэль, ніколі не думаў… Вярніцеся, сядзьце са мной… Жызэль! Я прашу вас… Я вам загадваю.
Яна абвіла рукамі падпалкоўніка і цягнула яго да сябе:
– Любы мой, любы мой! Не супраціўляйся!.. Усё скончана. Я хачу памерці, цалуючы цябе… Любы мой, у гэтыя апошнія хвіліны ніякіх дакораў сумлення… Калі было трэба, я цябе слухала, ты гэта ведаеш… Ты любіў, шанаваў Эрыка… Я таксама… Так, гэта праўда, Эрык, я цябе любіла!.. Але ж цяпер – канец!..
Нейкі металічны абломак пры чарговым штуршку парэзаў ёй твар. Тонкая палоска крыві выступіла на шчацэ.
– «Захоўваць прыстойнасць!» – прамовіла яна тужліва… – Колькі разоў ты паўтараў мне гэтыя словы, мой любы… І мы яе мужна захоўвалі… Цяпер жа… Што нам паказная прыстойнасць у гэтыя апошнія нашы хвіліны і потым глуха, з запалам:
– Смялей, не бойся!.. – прашаптала яна каханку. – Прыйшла наша смерць… Што ж ты стаіш, перапалоханы, як перад прывідам?..
Яе муж нахіліўся, трымаючы хустачку, і лёгкім, далікатным жэстам выцер ёй акрываўленую шчаку. Потым глянуў на падпалкоўніка са смуткам, але без суровасці. Яго вочы, здавалася, гаварылі: «Абдымі гэту няшчасную. Я пераступіў цераз усе межы чалавечых пакут…» Той, другі, прыгнечаны, раздаўлены, адказваў яму гэтак жа маўкліва: «Не магу. Я вас надта паважаю. Даруйце». Я ўявіў сабе Трыстана і караля Марка, мужа Ізольды. Больш патэтычнай сцэны мне ніколі не даводзілася бачыць. Чуліся толькі пранізлівы свіст ветру і, як далёкае журчанне, малітва пілота. Праз ілюмінатар відаць было шэрае свінцовае неба з табунамі касмыкаватых хмар, а калі зірнуць уніз, усюды варушылася і падымалася жоўтая вада.
Кароткая паўза, і жанчына, што прыпала да грудзей афіцэра, адкінулася назад. Потым з дзікім нахабствам, абшчапіла яго за шыю і пачала цалаваць. Ён трошкі абараняўся, потым, ад жалю ці, можа, ад іншых пачуццяў, адвярнуўся нарэшце ад свайго шэфа і горача пацалаваў яе сам. Губернатар пабляднеў яшчэ больш, адкінуўся на спінку крэсла і амаль страціў прытомнасць. Засаромеўшыся, я міжвольна заплюшчыў вочы.
Колькі часу мы правялі гэтак? Не ведаю. Я толькі дакладна помню, што ў жудаснай плыні хвілін ці гадзін, прабіўшыся праз буру, да маіх вушэй данеслася раптам стракатанне матора. Што гэта, галюцынацыя? Я прыслухаўся і азірнуўся. Мае спадарожнікі таксама слухалі. Падпалкоўнік і Жызэль ужо разышліся. Яна прыблізілася на паўкрока да свайго мужа. Ён углядаўся ў ілюмінатар. Пілот стаяў увесь насцярожаны:
– Вы чуеце, пан губернатар?
– Чую, – адказаў той. – Гэта самалёт?
– Думаю, што не. Шум матора значна слабейшы…
– Што ж бы гэта? – запытаў падпалкоўнік. – Я нічога не бачу.