– Магчыма, катэр берагавой аховы.
– Як маглі яны дазнацца, што мы тут?
– Не ведаю, пан падпалкоўнік. Матор працуе ва ўсю. Плывуць да нас. Шум з усходу, значыць, ад берага… Гляньце, гляньце, пан падпалкоўнік! Бачыце шэрую кропку там, там, на хвалях? Гэта катэр.
Пілот істэрычна зарагатаў.
– Божа мой! – уздыхнула Жызэль і яшчэ на адзін крок наблізілася да мужа.
Прытуліўшыся тварам да ілюмінатара, я выразна бачыў катэр, які накіроўваўся да нас. Ён плыў цяжка, змагаючыся з прылівам, час ад часу хаваўся за сцяною вады, але быў ужо недалёка. Добрую чвэрць гадзіны патрацілі матросы, каб прычаліць да астраўка. Мы ніяк не маглі дачакацца. Нарэшце, зачапіўшыся крукам за пальму, яны падплылі да нас. Але як нам выбрацца? Вецер няшчадна церабіў самалёт, і вылазіць адтуль было небяспечна. Дый катэр гайдаўся на хвалях, як шчэпка. Пілот нейк усё ж адчыніў дзверцы і яму ўдалося перакінуць вераўчаную лесвіцу, якую адразу ж падхапілі матросы. І цяпер яшчэ я не магу ўявіць, якім чынам мы ўсе пяцёра апынуліся на маленькім судне і ніхто не зваліўся ў мора.
Захінуўшыся ў цыратовыя плашчы, мы глядзелі з катэра на наш самалёт з пачцівым жахам. Звонку было асабліва ясна відаць, што гэты цуд раўнавагі доўга не мог пратрымацца. Жызэль з выключнай вытрымкай прыводзіла ў парадак свае валасы. Гардэмарын, які камандаваў вартавым катэрам, паведаміў нам, што вымушаную пасадку самалёта заўважыў дазорны і што ад самай раніцы яны прабавалі нам памагчы… Тры разы раз'юшанае мора прымушала ратавальнікаў вяртацца, і толькі за чацвёртым разам яны дабраліся да нас. Матросы расказалі аб жудаснай шкодзе, прычыненай навадненнем берагавым вёскам і порту Батока.
Мясцовы адміністратар сустрэў нас на набярэжнай. Гэта быў малады каланіяльны чыноўнік, крыху напалоханы цяжкімі вынікамі стыхійнага бедства. Але губернатар Бусар, як толькі ступіў на зямлю, праявіў сябе сапраўдным «гаспадаром». Гэта быў начальнік высокага класа, які ўмеў прымаць неабходныя меры. Ён звярнуўся да падпалкоўніка Анжэліні з патрабаваннем тэрмінова выдзеліць салдатаў для дапамогі насельніцтву. І я са здзіўленнем назіраў, як дружна яны абодва распараджаліся. Нікому і ў галаву б не прыйшло, што гэтых людзей падзяляе вялікая асабістая крыўда. Мадам Бусар завялі ў дом адміністратара, маладзенькая жонка якога напаіла яе чаем і дала ёй дажджавік. Пасля чаго мадам Бусар выказала жаданне прыняць удзел у агульнай працы і занялася дзецьмі і раненымі.
– Адкрыццё помніка, пане губернатар, я лічу… – мітусіўся малады чыноўнік.
– Перш чым ушаноўваць мёртвых, трэба выратаваць жывых, – спыніў яго губернатар.
Аб маім дакладзе і думкі быць не магло. Я адчуваў, што ўсе ўдзельнікі гэтай невялічкай драмы спяшаліся справадзіць мяне ў новае падарожжа. На гэты раз мне параілі ехаць чыгункай. Я прыйшоў развітацца з мадам Бусар.
– Які ўспамін вы аб нас захаваеце! – прамовіла яна.
Я так і не ведаю, што яна мела на ўвазе: жудасны палёт ці любоўную трагедыю.
– А вы іх бачылі пасля таго? – запытала Клер Менетрые.
– Чакайце, – пачаў Бертран Шміт… – Гады два пазней, у 194О-м, мабілізаваны як афіцэр, я сустрэў Дзюга, ужо ў чыне капітана, на бельгійскім фронце ў афіцэрскай сталовай генерала каланіяльнай дывізіі. Ён мне расказаў пра гэта страшнае падарожжа. Вы шчасліва выскачылі! Ваш пілот мне ўсё апісаў… Ён вельмі злаваўся на свайго шэфа, якому перад адлётам прадказваў катастрофу.
Нахмурыўшыся і памаўчаўшы, Дзюга дадаў:
– Скажыце, дарагі мэтр, што тады адбылося? Ніхто не прагаварыўся ні словам, але цень драмы не адступала ад губернатара, яго жонкі і падпалкоўніка Анжэліні пасля іх звароту ні на крок… Вы знаеце, падпалкоўнік папрасіў перавесці яго ў іншае месца, і неўзабаве яго адпусцілі. Мяне дзівіць тое, што шэф быў не супраць.
– Чаму дзівіць?
– Не ведаю. Ён яго вельмі паважаў. І потым, я быў упэўнены, што пастараюцца яго затрымаць.
– Хто? Вы хочаце сказаць – Жызэль?
Дзюга ўважліва паглядзеў на мяне:
– Яна першая прыклала ўсе сілы, каб ён выехаў.
– А дзе цяпер Анжэліні?
– Камандуе мотастралковым палком. У генералы меціць.
Надышла акупацыя. Пяць гадоў змагання, трывог і надзей. Потым мы з вамі бачылі, як ажываў заняпалы Парыж. У пачатку 1947 года Элен дэ Тыянж запытала мяне:
– Вы не жадаеце паснедаць у нас разам з Бусарамі? Кажуць, яго збіраюцца прызначыць галоўным рэзідэнтам у Індакітаі… Выдатны чалавек, трошкі суровы, але вельмі культурны. Вы чулі, што ён нядаўна апублікаваў зборнік вершаў пад псеўданімам?.. У яго красуня жонка.
– Я з ёю знаёмы, – адказаў я. – Перад вайной мне давялося спыняцца ў іх, калі Эрык Бусар быў губернатарам у адной з краін Чорнай Афрыкі… Цікава пабачыцца з імі яшчэ раз. Але ці будуць яны задаволены гэтай сустрэчай? – сумняваўся я. Як-ніяк, а я адзіны сведка іх вялікай сямейнай трагедыі. Аднак жаданне перамагло, і я прыняў запрашэнне.