Няўжо вайна і нягоды так змянілі мяне? Бусары пазналі мяне не адразу. Я падышоў да іх, але яны зірнулі на Элен з тым асцярожным запытаннем, што неадкладна просіць тлумачэння, і гаспадыня назвала мяне. Халодны твар губернатара пасвятлеў, а яго жонка ўсміхнулася:
– Вось як? – радасна сказала яна. – Вы былі нашым госцем у Афрыцы?
За сталом яна была маёй суседкай. Гутарка мая з ёю нагадвала прагулку па крохкім лёдзе, я ўвесь час баяўся, што правалюся. Нарэшце, пераканаўшыся ў яе лагоднасці і спакоі, я рызыкнуў напомніць пра ўраган на дэльце.
– Праўда, – пацвердзіла яна. – Вы былі ўдзельнікам гэтай недарэчнай экспедыцыі. Злашчасная авантура! Мы там ледзь не загінулі.
Яна на хвіліну спынілася, перад ёю паставілі блюда з закускай, потым, не павышаючы голасу, загаварыла далей:
– Тады вы, напэўна, бачылі ў нас Анжэліні… Вы ведаеце, яго забілі, небараку…
– Не, я не чуў… У гэтую вайну?
– Так, у Італіі… Ён камандаваў дывізіяй у баі каля Монтэ Касіна. Там і застаўся… Шкада! Мог бы зрабіць бліскучую кар'еру! Мой муж яго вельмі цаніў.
Я глядзеў на яе са здзіўленнем і сам у сябе пытаўся: няўжо яна не адчувае, што яе словы мяне глыбока ўразілі. Выгляд у яе быў нявінны, незалежны, прыстойна маркотны, як бывае, калі гавораць аб смерці чужога чалавека. Тады я зразумеў, што маска зноў на месцы і прыліпла так, што стала яе тварам. Жызэль забыла, што я ведаў яе тайну.
Вяртанне з палону
Гэта – праўдзівая гісторыя. Падзея адбылася ў 1945 годзе ў французскім сяле, якое мы назавём умоўна Шардэйль, сапраўдную ж назву пакінем у сакрэце па прычынах зразумелых. Пачалося гэта яшчэ ў цягніку, які вёз з Германіі палонных французаў. Іх было дванаццаць у купэ, разлічаным на дзесяць. Страшэнна змораныя, яны сядзелі ў цеснаце, але ўсхваляваныя і шчаслівыя, бо ведалі, што нарэшце, пасля пяці гадоў разлукі, ізноў пабачаць сваю радзіму, свой дом, сваю сям'ю.
Усю дарогу перад вачамі амаль кожнага з іх стаяў адзіны вобраз, які ніяк не выходзіў з галавы, – вобраз жонкі. Кожны думаў аб ёй з любоўю, з надзеяй, некаторыя з трывогай. Ці такая яна, як была? Ці захавала вернасць? Каго яна бачыла, што рабіла ў гэтыя цяжкія гады чакання і адзіноты? Ці можна будзе жыць з ёю разам, як і раней? Тыя, хто меў дзяцей, былі спакайнейшыя. Іхнім жонкам трэба было выхоўваць малых, і прысутнасць дзяцей, якія з цікавасцю сустрэнуць бацьку, уцешыць у першыя дні.
У кутку купэ сядзеў высокі худы чалавек. Яго бледны гарачы твар і бліскучыя вочы хутчэй нагадвалі іспанца, чым француза. Прозвішча яго – Рэно Леймары, а родам ён быў з Шардэйля з паўднёва-заходняй правінцыі Перыгор. Цягнік імчаўся ўночы. Глуха грукаталі колы, і толькі свісток паравоза час ад часу парушаў іх аднастайны, імклівы рытм. Леймары размаўляў са сваім суседам:
– Скажы мне, Сатурнін, ты жанаты?
– А то як жа. Вядома, жанаты… Гады два да вайны, і хлопчыкаў двое… Завуць яе Марта. Хочаш, пакажу?
Сатурнін, вясёлы нізенькі чалавек са шрамамі на твары, выцягнуў з унутранай кішэні стары зашмальцаваны бумажнік і з гордасцю паказаў яму парваную фотакартку.
– Ого, якая ў цябе красуня! – пахваліў Леймары. – І табе не боязна вяртацца дадому?
– Боязна?.. Ды я ад радасці скакаць гатоў. Чаму боязна?
– А таму, што яна прыгожая і адна, а навокал столькі ўсякіх розных…
– Глупства гародзіш! Для Марты існую толькі я… Мы жылі разам так шчасліва… І калі я табе пакажу яе лісты за гэтыя пяць гадоў…
– Ат! Лісты! Гэта нічога не даказвае… Я таксама атрымліваў добрыя лісты… І ўсё ж мне боязна.
– Ты не ўпэўнены ў сваёй жонцы?
– Наадварот… Ва ўсякім разе раней… Верыў ёй, можа, нават больш, чым хто іншы. Мы ўжо шэсць гадоў, як пажаніліся, і хоць бы хмурыначка.
– Ну то чаго ж ты?
– Гэта залежыць ад характару, братка… Я з тых людзей, якія не давяраюць шчасцю. Заўсёды я казаў сабе, што Элен мне не пара, што яна лепшая за мяне, і разумнейшая, і прыгажэйшая… Яна жанчына адукаваная і ўмее ўсё рабіць… За матэрыю возьмецца і такое плацце выштукуе – любата… Або хату абставіць, звычайную, сялянскую, – заходзіш, як у рай… Вось я і думаю, у часе вайны колькі ўсякіх бежанцаў у нас перабывала і сярод іх, мабыць, пападаліся хлопцы больш відныя, чым я. Дый чужаземцы, магчыма… саюзнікі… Першая красуня на сяле, напэўна, трапілася ім на вока.
– Ну і што з таго? Калі яна цябе любіць…
– Так то яно так, братка, але ты ўяві сабе, што значыць быць адной пяць гадоў… Шардэйль жа не яе радзіма, а мая. У яе там ні сваякоў, ні блізкіх. Спакуса была вялікая.