– Глупства гародзіш, яшчэ раз паўтараю! Ты нейкі кручаны… Дапусцім, і было нешта такое… Дык што ж тады на сцяну лезці, раз яна пра гэта забыла? Раз яна цябе сваім мужам лічыць? Каб мне, напрыклад, хто-небудзь нагаварыў пра Марту, я б яму адрэзаў так: «Маўчы і не плявузгай!.. Яна мая жонка, была вайна, яна была адна, а цяпер мір і ўсё трэба пачынаць спачатку».
– Гэта не ў маёй натуры, – рашуча сказаў Леймары. – Калі я, вярнуўшыся, даведаюся, што яна мне хоць кропельку…
– Ну і што ты ёй зробіш? Заб'еш яе? У цябе ж, можа, яшчэ ёсць трошкі мазгоў у галаве?
– Не, я ёй нічога не зраблю. Нават ліхога слова ад мяне не пачуе. Я проста знікну. Знайду сабе якую-небудзь мясціну і буду жыць пад чужым прозвішчам. Пакіну ёй грошы, хату, маёмасць… Мне нічога не трэба, у мяне ёсць прафесія… Не прападу, наладжу жыццё… Можа, гэта і неразумна, але я такі: усё або нічога.
Засвістаў паравоз, заскрыгаталі стрэлкі, цягнік набліжаўся да станцыі. Двое падарожных спынілі размову.
Мэр Шардэйля быў сельскім настаўнікам. Яго паважалі за душэўнасць і бацькоўскі клопат. Раніцай, як толькі прыйшло паведамленне з міністэрства, што дваццатага жніўня ў маршрутным эшалоне Поўдзень – Захад разам з іншымі вяртаецца і Рэно Леймары, ён вырашыў неадкладна сам схадзіць да яго жонкі з гэтай радаснай весткай. Яна якраз працавала ў садзе. Цудоўны быў садок, у сяле самы лепшы, з кустамі духмяных чырвоных руж паабапал брамкі.
– Я добра ведаю, мадам Леймары, што вы не з тых жанчын, якіх трэба папярэджваць аб вяртанні мужа, каб абараніць ад небяспечнага сюрпрызу… Не, і, з вашага дазволу, скажу вам шчыра, што вашы паводзіны, ваша стрыманасць прыводзяць у захапленне ўсё тутэйшае насельніцтва… Нават пляткаркі, якім чужая жанчына, як парушына ў воку, і тыя не могуць прычапіцца да вас.
– Прычапіцца заўсёды можна, пане мэр, – адказала яна з усмешкай.
– Ваша праўда, мадам, ваша праўда… Але вы ім усім наступілі на язык… Не, я проста хацеў зрабіць вам прыемнасць… Служыць народу для мяне найвялікшая асалода… Я ад душы падзяляю вашу радасць і думаю, вы падрыхтуеце ўсё для ўрачыстай сустрэчы… Вядома, кожнаму цяпер цяжка, прадуктаў не хапае, але, спадзяюся, для такога выпадку…
– Слушна, вельмі слушна гаворыце, пане мэр. Я пастараюся, каб Рэно быў задаволены… Вы кажаце, дваццатага жніўня? У колькі гадзін, вы думаеце, ён будзе тут?
– Міністэрства паведамляе: «Эшалон адправяць з Парыжа ў дваццаць тры гадзіны». Такія цягнікі ходзяць павольна… Ехаць ён павінен да станцыі Тывіе і адтуль чатыры кіламетры пехатой. Тут ён будзе не раней як каля поўдня.
– О, пане мэр, за гэты час я паспею прыгатаваць яму найлепшае снеданне… Даруйце, што не запрашаю вас… Ведаю, вы не пакрыўдзіцеся… Вельмі вам удзячна, пане мэр, за ваш ласкавы і добразычлівы візіт.
– Усё насельніцтва Шардэйля вас паважае, мадам Леймары… Вы не тутэйшая, гэта праўда, але вы для нас, як родная дачка.
Дваццатага жніўня Элен Леймары паднялася чуць свет, гадзіне а шостай. Усю ноч яна не магла заснуць. Яшчэ ўчора яна прыбрала хату, вымыла шыбы, нацерла да бляску падлогу, палінялыя стужкі на аконных фіранках замяніла свежымі. Потым схадзіла да Марцыяла, мясцовага цырульніка, зрабіла завіўку і легла спаць з сеткай на галаве, каб не сапсаваць прычоскі. Яна ўважна перагледзела ўсю сваю бялізну і з любоўю выбрала шаўковую сарочку, якую ні разу не насіла за гэтыя пяць гадоў адзіноты. А якое ж надзець ёй плацце? Больш за ўсё яму калісьці падабалася плацце ў блакітныя і белыя палоскі. Яна памерала яго і са смуткам заўважыла, што яно нязграбна вісіць на яе схуднелым ад недаядання целе. Не, яна надзене чорнае плацце, якое павузіла сама, ажывіўшы каляровым каўнерыкам і поясам.
Перш чым гатаваць снеданне, яна прыпомніла ўсе яго любімыя стравы… У Францыі 1945 года жылося бедна… Шакаладны дэсерт?.. О, гэта быў бы яму ласунак… А толькі дзе яго ўзяць, шакаладу?.. Добра, што ў яе былі свае куры і ў запасе некалькі свежых яек. Ён жа заўсёды хваліў яе амлет, казаў, што смачней не бывае… Любіў ён нятлустае мяса, смажаную бульбу, але ўжо два дні, як мяснік у Шардэйлі зачыніў сваю краму… Пазаўчора яна якраз зарэзала кураня, мяса не мяса, але, калі добра падсмажыць… Ах, вось яшчэ: суседка бажылася, што ў бліжэйшым мястэчку бакалейшчык цішком з-пад прылаўка прадае шакалад. І яна вырашыла абавязкова пабываць там.
«Калі ў восем выберуся, то ў дзевяць магу вярнуцца… Падрыхтую ўсё загадзя, каб потым засталася толькі кухня».
Узрушаная, заклапочаная, яна тым не менш была ў самым вясёлым настроі. Пагода дзівосная. Здаецца, ніколі ранішняе сонца не асвятляла так ярка даліну. Спяваючы, яна пачала накрываць стол: «Абрус у чырвоныя і белыя квадрацікі… Мы на ім вячэралі ў першы дзень нашага сумеснага жыцця… Ружовыя талеркі з малюнкамі, якія так яго забаўлялі… Бутэлька шыпучага… і, галоўнае, кветкі… Ён любіў, каб на стале былі кветкі, і гаварыў, што ніхто не ўмее іх так падбіраць, як я».