Выбрать главу

Яна зрабіла букет на тры колеры: белы рамонак, пунсовы мак, васількі і некалькі сцяблінак аўса. Потым, перад дарогай, абапёршыся на веласіпед, яна доўга глядзела праз адчыненае акно ў маленькі прыбраны пакой. Так, сапраўды, усё як мае быць. Зазнаўшы столькі гора, Рэно, напэўна, будзе здзіўлены, што яго хата і яго жонка вельмі мала змяніліся… Праз акно яна бачыла сябе ў вялікім люстры. Мабыць, трошкі худаватая, але такая беленькая, маладзенькая і, адразу відаць, што закаханая… Яна адчувала сябе на сёмым небе.

«Пара! – сказала яна сабе, – трэба спяшацца… Каторая гадзіна? Божа мой, ужо дзевяць гадзін!.. Ніколі не думала, што гэта зойме столькі часу… Але мэр ведае дакладна, што эшалон прыйдзе не раней поўдня. Я спраўлюся хутка».

* * *

Хата Леймары стаяла асобна ў самым канцы сяла, і ніхто не заўважыў, як худы салдат з чорнымі бліскучымі вачамі пралез у сад. Некалькі хвілін ён азіраўся, аслеплены сонцам, ахоплены шчасцем, п'яны ад водару і хараства кветак… Слухаў, як гудуць пчолы… Потым ціха паклікаў:

– Элен!

Ніхто не адказваў. Ён паклікаў гучней:

– Элен!.. Элен!..

Напалоханы маўчаннем, ён падышоў бліжэй і ўбачыў праз акно стол, сервіраваны на дваіх, кветкі і бутэльку віна. Гэта быў удар у самае сэрца. Ён пахіснуўся і прытуліўся да сцяны.

«Божа! – падумаў ён… – Яна жыве не адна!»

Калі праз гадзіну Элен вярнулася, суседка ёй сказала:

– Бачыла я твайго Рэно. Пабег на дарогу, Я звала, я крычала, але ён і твару не паказаў.

– Пабег?.. Куды? У якім кірунку?

– На Тывіе.

Яна кінулася да мэра, які нічога не ведаў.

– Баюся, пане мэр… Страшэнна баюся… Рэно – чалавек уражлівы і вельмі раўнівы… На стале былі прыборы… Ён іх бачыў і не здагадаўся, што гэта яму… яму я паставіла… Пане мэр, знайдзіце яго зараз жа!.. Знайдзіце!.. Ён такі, што можа не вярнуцца… А я ж яго так люблю!

Мэр спешна паслаў веласіпедыста на станцыю Тывіе, падняў на ногі паліцыю, але Рэно Леймары знік. Элен прасядзела каля стала ўсю ноч. Было душна, горача. Пачалі ўжо і кветкі вянуць… Яна нічога не ела.

Прайшоў дзень, потым тыдзень, потым месяц…

Ужо больш як два гады мінула з таго часу, а пра яго ніякіх чутак. Я запісаў гэту трагічную гісторыю ў надзеі, што ён яе прачытае і вернецца.

Пачатак жанчыны

– Газон у іх падстрыжаны бездакорна, – заўважыла мадам Бланшар з павагай і задавальненнем.

Аўтамабіль аб’ехаў зялёны лужок з клумбай і спыніўся перад замкам. Выцягнуты ўдоўжкі, увесь белы, пакрыты шыферам, меў ён выгляд арыстакратычны. Пад франтонам залатыя літары, стылізаваныя пад старажытнасць, абвяшчалі: Каледждэ Сасі.

– Цудоўна! Цудоўна! – захаплялася мадам Бланшар.

– Пабачым, – прамовіла Ізабела.

Ёй было шаснаццаць; рослая, зграбная, яна ступала асцярожна, як кошка. Мадам Бланшар папрасіла дырэктрысу. Кансьержка пайшла далажыць і ўвяла іх у кабінет. Сучасная мэбля з металу і пластмасы крыху здзіўляла ў гэтым будынку эпохі Людовіка XIII. Твар дырэктрысы ўнёс належную яснасць. Яшчэ маладая, у строгім касцюме, акантаваным спадыспаду вузкай чырвонай істужкай, яна з’явілася я «увасабленне актыўнага мадэрнізму.

– Я прывяла вам Ізабелу, – сказала мадам Бланшар. – Ведаю, што мы прыехалі на дзень раней, але мой муж прызначаны на пасаду ў Токіо, і мы сёння ж вечарам павінны туды вылецець. Ах! Гэта беднае дзіця не мае сістэматычнай асветы, вучылася з перапынкамі… А як іначай? Дыпламат у наш бурны век… Апошнім часам яна прывыкла да школ амерыканскіх. Вось чаму мы падумалі, што ёй тут у вас будзе лепш, чым у ліцэі…

– У нас многа амерыканцаў, са Злучаных Штатаў і з Паўднёвай Амерыкі, – паведаміла дырэктрыса, – між іншым, як і французаў, што, як ваша дачка, уваходзяць у юнацтва без рэгулярнага абучэння ў класах. Заняткі ў нас самыя сур’ёзныя, але мы стараемся зрабіць жыццё нашых вучаніц прыемным. Дзяўчаты ездзяць вярхом, гуляюць у тэніс; мы вучым музыцы, танцам, сцэнічнаму майстэрству; перыядычна арганізоўваем невялікі баль. Раз у тыдзень тых, хто жадае, адпраўляем на вечар у Парыж паглядзець спектакль у Камедзі-Франсэз. Вы любіце тэатр, мадэмуазэль?

– Ну, так, – прамовіла Ізабела.

– Не чакайце доўгіх адказаў ад маёй дачкі, – папярэдзіла мадам Бланшар. – Ёсць у яе аб чым гаварыць, але яна ўсё хавае ў сабе. Патура маўклівая, самотная.