– О, тут у вас будзе пакаёвая кампаньёнка – «roommate», як кажуць нашы амерыканцы, – паведаміла дырэктрыса, – але яшчэ не скончыліся канікулы, і яна прыедзе толькі заўтра… Вам не будзе нудна заставацца цэлы вечар адной?
– Не, – прамовіла Ізабела.
– Бібліятэка ў вашым распараджэнні… і багаты набор пласцінак. Вы любіце музыку?
– Ну, так, – прамовіла Ізабела.
– Любіць, яшчэ як любіць! – пацвердзіла мадам Бланшар. – Кажа, што для працы ёй патрэбна музычная аснова… Ізабела можа быць выдатнай вучаніцай, калі ўпадабае сваіх настаўнікаў, але прывабіць маю дачку, божа мой, як цяжка!
Ізабела ўздыхнула. Яна не любіла, каб пра яе гаварылі, і пачала злавацца. «Ах, гэта мамачка! – думала яна. – Бессаромная, сентыментальная, трэпле абы-што, слова на языку не ўтрымае! Добра, што хутка паедзе… Дырэктрыса намякнула, што ёй няма часу… Тым лепш!» Мадам Бланшар і дырэктрыса адразу ж перайшлі да абмеркавання галоўнага: вучобы, здароўя, адзежы. («Так, у яе ёсць вячэрняе плацце… Рэйтузы для коннай язды? А як жа, ёсць, але мы не ўзялі іх з сабою. Я загадаю выслаць. Канькі? Пра гэта я не думала, але іх лёгка купіць».)
– Ну, вось і ўсё, – сказала дырэктрыса. – Спадзяюся, вашай дачцэ тут спадабаецца.
– Не ведаю, – прамовіла Ізабела.
Надышла мінута развітання. Мадам Бланшар намерылася папоўніць гэтыя хвіліны мацярынскай ласкай і разумнымі парадамі, працягнула рукі, але Ізабела ўхілілася:
– Бывай, мама. Шчаслівага палёту ў Токіо!.. Цалуй тату.
– Ты яму напішаш.
– Магчыма.
Пасля ад’езду мадам Бланшар дырэктрыса даручыла Міс Бэрнс, выкладчыцы англійскай мовы, паказаць Ізабеле прасторныя класы, зал гімнастычны, зал музычны, спартыўную пляцоўку, вадаём для плавання, раку, сталовую і, нарэшце, пакоі гістарычных асоб. На тлумачэнні англічанкі Ізабела адказвала коратка, па прывычцы: «Ну так… Не… Магчыма… Я не ведаю».
– Я вас пакіну гадзіны на тры да абеду, – спыніўшыся, сказала міс Бэрнс. – Што вы мяркуеце рабіць?
– Я б хацела пабыць у бібліятэцы.
– Гэта можна. Я вас туды правяду.
Сярод кніг Ізабела ажывілася, павесялела і з цікавасцю разглядвала назвы:
– Але ж гэта зусім не дрэнна для каледжа… Стэндаль, Бальзак, Камю, Сент-Экзюперы, Хемінгуэй…
– Тут ёсць і Дзікенс, Томас Гардзі, Вірджынія Вульф, – з гонарам пералічвала англічанка.
– Ну вядома, – не пярэчыла Ізабела. – А што гэта за вялікі куфар… там у кутку?
– Выпадковая рэч, – сказала міс Бэрнс. – Бібліятэтчыца, мадэмуазэль Суфэль, знайшла яго на гарышчы і, каб разабрацца, папрасіла спусціць сюды, але вернецца яна толькі заўтра. Прабавіць гадзіны дзве вы тут зможаце?
– Ну, так, – прамовіла Ізабела.
– Ну, тады да пабачэння… Радыёла каля акна на століку.
Як толькі англічанка выйшла, Ізабела пацягнулася, з палёгкай уздыхнула, адшукала джазавы дыск і, уключыўшы радыёлу, прыглушыла гук. Потым падсунула крэсла да куфра і ўзялася перабіраць старыя паперы. Там былі меню, бальныя блакноты, курсавыя сшыткі, выпраўленыя сачыненні, тэатральныя праграмы (Камедзі-Франсэз – 1898 – «Прытворна хворы»). Адзін сшытак у фіялетавай скураной вокладцы, вельмі элегантны, прывабіў Ізабелу. Яна яго разгарнула. Почырк быў дробны, чысты, выразны. На першай старонцы яна прачытала: «Дзённік Эміліі Галаці. Другі Б – пачата 2 кастрычніка 1901». Мабыць, італьянка? Неабавязкова. Далей ішлі ўражанні пры паступленні: «Баюся. Прабую быць смелай, але ўсе гэтыя дзяўчаты…» Пасля апісваўся дырэктар. («Ах, вось хто тады быў дырэктарам!» – зацікавілася Ізабэла). Прозвішча яго месье Гардон. Дырэктара можна было змякчыць ласкавай усмешкай, але яго жонка мадам Гардон, уроджаная дзю Рансэрэ, мела выгляд фанабэрысты і суровы. Потым некалькі даволі забаўных характарыстык выкладчыкаў і вучаніц… і раптам тон перамяніўся. Ізабела, захопленая чытаннем, глыбей утулілася ў крэсла і пачала прагна гартаць старонкі.
Дзённік Эміліі Галаці
15 кастрычніка 1901. – Сёння раніцай месье Гардон выклікаў мяне і паведаміў, што ў маім пакоі разам са мной будзе жыць новенькая: Жызэль дэ Клярэс. Я задаволена; яна прыгожая і крыху дзікаватая. Адразу ж мы з ёю завялі размову пра музыку і паэзію. Яна любіць Шапэна і Мюсэ. Мы з ёю пагадзіліся, зразумелі адна адну. Зараз яна распакоўвае свае рэчы. Яе сям’я мае замак у Нармандыі, але фартуна ад іх адвярнулася. Замак запушчаны і прыбыткаў не дае. Яна тут вучыцца на сродкі бабкі. Я ёй растлумачыла, што школа падзяляецца на два кланы: Бунтарак, якімі кірую я, і Нечапайлаў, што лічаць сябе святымі, а на справе, як мокрыя куры, палохаюцца і плачуць. Я ў яе запытала, да якога лагера яна жадае далучыцца. «Сярод чарцей буду Д’яблам», – адказала Жызэль. Яна мне падабаецца, але трэба, паколькі размова ідзе аб ёй, хаваць ад яе дзённік. Ніякай праблемы. Чамадан мой замыкаецца на ключ.