Выбрать главу

20 кастрычніка 1901. – Гэта проста жахліва, з якой шпаркасцю ўмацоўваецца дружба. Шэсць дзён назад я нічога не ведала пра Жызэль; цяпер жа яна ўсё для мяне, так, так, больш нават чым музыка. Не я адна ёй захапляюся. Сваёй адвагай яна проста здзівіла і заваявала пашану Бунтарак. Яна стала лепшай наезніцай каледжа, чэмпіёнам веславання, пераможцам гульні ў кракет. У капліцы дала ўсім прыклад экзальтаванай набожнасці, спужала нават нашага школьнага свяшчэнніка абата Жэніваля. Але яны абое любяць Шатабрыяна. Мне забаўна іх слухаць. Рамантыкі страшэнныя! «Ах, мадэмуазэль Клярэс, – гаворыць абат, – якімі таямніцамі ахінае бліскучы маладзік старыя дубы!» Выкладчык літаратуры, якога мы празвалі Фартуніо, чырванее, калі Жызэль надта пільна паглядзіць на яго. Сёння раніцай маладзенькі паштальён, вельмі прыгожы хлопец, прынёс мне заказное пісьмо. Я з ім пакакетнічала, так толькі, для спробы. I ён паверыў, і з такой наіўнасцю. Я сказала Жызэлі: «Да чаго ж у нас улада вялікая!» А яна мне: «О так, гэта ап’яняе». Яна ўмее так фасонна варухнуць сваімі светлымі валасамі, што мяне аж зайздрасць бярэ.

25 кастрычніка. – Учора вечарам Жызэль расказвала мне інтымна пра сваю сям’ю. «Мае бацькі людзі нядрэнныя, – сказала яна, – але іх зусім не цікавіць тое, што мне цікава. Толькі і гаворкі, што пра яду, жывёлагадоўлю і палітыку. Між імі і мною сутычкі кожны дзень». На маю думку, яны даведзены амаль да галечы. Жызэль кажа, што маці збіраецца выдаць яе замуж за багатага суседа, хоць таму ўжо за сорак. Але Жызэль хутчэй зробіць самагубства, чым згодзіцца на гэта. Сёння раніцай яна мне падарыла кнігу – «Партрэт Дарыяна Грэя» – з надпісам на тытульнай старонцы: «Маёй першай, другой і адзінай».

30 кастрычніка. – Паколькі на занятках па-французску Жызэль была першая, а я другая, месье Гардон вадзіў нас учора ў Камедзі-Франсэз. Школьны амнібус даставіў нас траіх у Гарн, а там мы селі ў цягнік. Мадам Гардон, дзякуй богу, удзелу ў падарожжы не прымала. Яно без яе куды лепш! Адчуваем увесь час толькі тое, што яна ўроджаная дзю Рансэрэ. «А што такое дзю Рансэрэ? Падумаеш!» – кажа Жызэль. Паказвалі «Эсфір» Расіна. Якое шчасце для дзяўчат Сэн-Сіра, што вялікі паэт пісаў для іх некалі трагедыі! «Мабыць, яму самому было прыемна, што яго тэксты паўтараюць прыгожыя школьніцы», – заўважыла Жызэль. У фае ў антрактах студэнты політэхнічнага ў новенькіх мундзірах прыглядаліся да нас. Месье Гардон хадзіў як бусел; ён нам купіў праграму і кісленькіх цукерак. Якая шчодрасць!

3 лістапада. – Туман над паркам. Дзень сумны і таямнічы. Пачынаем рыхтавацца да школьнага свята (гадавіна заснавання каледжа). Да Гардонаў прыедуць іх сябры, і кожная вучаніца мае права запрасіць свайго брата альбо кузена. Ставім спектакль (адзін акт з «Мізантропа»). Жызэль, натуральна, іграе Селімену, я – Эліянту; пасля чаго адбудзецца баль. Мы ўсе страшэнна ўсхваляваны. Ніколі клас танцаў не меў такога поспеху. Ёсць новы вальс – бастон, яго трэба асвоіць. Учора ўвечары ярка свяціла поўня. Жызэль пацягнула мяне ў парк. Нам забаронена выходзіць пасля дзесяці гадзін, але яна ведала, што, спусціўшыся ў падвал, можна вылезці праз маленькія дзверы, якія заўсёды адчынены.

20 лістапада. – Надышоў той дзень. Раніцай, выбраўшыся са свайго пакоя, убачыла я ў калідоры цудоўнага афіцэра ў даламане нябеснага колеру з пазументамі. Доўгія чорныя вочы і зграбныя вусікі, ледзь адзначаныя, над «пунсовымі вуснамі», як пішуць у раманах. Я аслупянела ад нечаканасці. Ён засмяяўся і назваў сябе: «Фабіян дзю Рансэрэ… пляменнік вашай дырэктрысы. Яна мела ласку мяне запрасіць». Мы абмяняліся працяглымі позіркамі.

21 лістапада. – Чатыры гадзіны раніцы. Я проста змярцвела ад холаду і стомленасці… Але ніяк не магу заснуць. 3 чаго б гэта? Чаму я не сплю?.. Жызэль… Ах, я так баюся за яе!.. Аднак трэба апісаць усё па парадку. Можа, гэта мяне супакоіць… 3 чаго пачаць?.. Адразу ж пасля абеду ў сталовай, як і заўсёды (хіба што меню было палепшанае, святочнае), мы, я і Жызэль, пайшлі адзявацца. Плацце з фіжмамі, нізкае дэкальтэ; мы былі амаль гатовы. Знадворку конскі тупат. Адусюль з’язджаліся госці. Мне аж дух заняло. Страшна! Сэрца як не выскачыць. У галаве ўсё пераблыталася. Але як толькі мы з’явіліся на сцэне, упэўненасць вярнулася і словы ролі сталі на месца. Поспех быў выключны… Прыгожы лейтэнант, які сядзеў у першым радзе каля сваёй цёткі, не спускаў вачэй з Жызэлі. Я пачула, як ён, нахіліўшыся да мадам Гардон, запытаў: «Хто гэтая красуня?» Адказ наўрад ці быў спрыяльны. Мадам Гардон не любіла Жызэлі.