Пасля воплескаў і пахвал удзельніцам спектакля пачаўся баль. Кавалераў было значна менш, чым дзяўчат, і мы занепакоіліся. А ці запросяць нас? I пажадана тыя, хто нам падабаецца? Альбо мы будзем вымушаны танцаваць адны са сваімі сяброўкамі? Жызэль, тая не мела клопату. Фабіян дзю Рансэрэ падскочыў да яе адразу і хутчэй запісаў у свой лісток на ўсе танцы. Жызэль, вельмі задаволенаяі не пярэчыла, пакінуўшы ў запасе адзін вальс для Фартуніо. Мяне выбраў малады паўднёва-амерыканскі дыпламат. Мужчына даволі сімпатычны, брат нашай чылійкі. Ён не адпускаў мяне ўвесь вечар. Ці то 3 ім, ці то з іншымі, але я не прапусціла ніводнага танца і зусім забыла пра Жызэль. Пад поўнач усхадзілася навальніца, але аркестр перакрываў раскаты грому. У дзве гадзіны мадам Гардон пляснула ў далоні і абвясціла, што нам пара спаць. Я пашукала Жызэль і, не знайшоўшы, крыху ўстрывожаная, падалася да сябе.
Мінут праз дзесяць яна з’явілася, усхваляваная, задыханая, і прыпала да маіх грудзей. Яе ўзрушанасць мяне напалохала. Я запытала: «Што з табой?» Яна мне ў адказ: «Я пачынаю вялікую справу, у ёй падмурак майго жыцця».
– Вялікую справу?
– Найвялікшую, – адказала яна. – Каханне.
– Што ты пляцеш?
– Слухай, Эмілія… Ты бачыла, як Фабіян дзю Рансэрэ павёў мяне ў сад?
– У сад? Не, не бачыла. Чаго яму ў сад у такі час?
– Мы танцавалі… Нам стала горача… Ён не адпускаў мяне… Нарэшце мы выйшлі. Там у ліпавай алеі, ты ведаеш, той, што ў аранжарэю вядзе, ён мне сказаў: «Мне здавалася, я кахаю ўсіх жанчын наогул і ніводнай у прыватнасці. Я пераходзіў раўнадушна ад аднае да другой. Салдату не выпадае затрымлівацца. I раптам, у гэты вечар, я адчуў, што не магу абысціся без вас. Вы тая, аб якой я безнадзейна марыў: прыгажосць, розум і грацыя… I ўпершыню мне стала ясна, што гэтыя тры словы: «я вас люблю» маюць сэнс… магутны і глыбокі сэнс».
Яна паўтарала яго словы з такім запалам, што мне захацелася суняць яе імпэт.
– Усе людзі так гавораць, – заўважыла я.
– Няпраўда! – прамовіла Жызэль. – Гавораць, але не так, як ён… I ў гэты момант мы пачулі першы гром, і адразу ж пасыпаліся буйныя кроплі дажджу. «Плацце, ваша плацце!» – крыкнуў ён і пацягнуў мяне ў аранжарэю… Памятаеш, там ёсць лаўка пад пальмамі? Мы селі. Ён абхапіў мяне за талію і хацеў пацалаваць…
– О, Жызэль!
– Што, о Жызэль? Хіба гэта не натуральна, калі мужчына з жанчынай цалуюцца?
– Яно-то так, але ж ты вельмі маладая… I ты яго зусім не ведаеш.
– Адкуль ты ўзяла? За гадзіну кахання чалавека можна пазнаць больш, чым за год нейтральных спатканняў. Зрэшты, ён ажэніцца са мной.
– Ён зрабіў табе прапанову?
– Зрабіў. Але спачатку павінен параіцца з бацькамі і начальствам.
– 3 начальствам? Пры чым тут начальства?
– У арміі так паложана… Ну і вось… калі ўсе разышліся, ён мне сказаў, што начуе ў каледжы і яму адвялі пакой блізка ад нашага, і папрасіў, каб я прыйшла да яго прадоўжыць размову.
– Жызэль!.. – закрычала я. – Ты не зробіш гэтага! Ты што, згадзілася? Які жах!.. Ты – вар’ятка!
– Я пачала з таго самага, – прамовіла Жызэль, – сказала яму, як і ты: вы – вар’ят… Гэта немагчыма… Са мною ў пакоі жыве яшчэ адна вучаніца, і нарэшце… «Вы пачакайце, – сказаў ён, – пакуль ваша сяброўка засне… Альбо растлумачце ёй… Калі яна ваша сяброўка, яна павінна быць такой жа чулай і смелай, як вы. I што тут дрэннага? Вы ж не думаеце, што я дазволю злоўжываць вашым юнацтвам, ды яшчэ ў маёй цёткі пад дахам? Не, я толькі хачу прадоўжыць наш цудоўны вечар, самы цудоўны ў маім жыцці… Такой магчымасці не будзе больш да таго дня, калі вы мне пазней дазволіце аб’яднаць мой лёс з вашым навекі… Вы пабачыце, як прыемна прабавіць ноч у шчырых размовах з сардэчным другам…» Я падумала: праўду ён кажа – і згадзілася.
– Жызэль, я цябе не выпушчу! Ты рызыкуеш сваёй рэпутацыяй, сваім шчасцем… I потым навошта? Хочаш стаць яго палюбоўніцай?..
– Не. У ім я не сумняваюся… Вось толькі хіба… баюся за сябе.
– А ты ўпэўнена, што яго кахаеш?
– Да шаленства!
Не ведаю, які д’ябал, вычытаны ў раманах, мяне тады натхніў. Фраза з «Дарыяна Грэя» вырвалася наперад і ўзбунтавала ўсе мае думкі: «Каб вызваліцца ад спакусы, трэба ёй паддацца».
– Ну што ж… Раз ты яго кахаеш, а ён цябе, – сказала я, – хай будзе так!.. А ты ведаеш, дзе яго пакой?
– А як жа, другі ад нашага, справа.
– Што ж, ідзі!
Прайшла ўжо гадзіна, а яе няма.
21 лістапада. – Вечар. Жызэль вярнулася раніцай а пятай гадзіне. Выгляд у яе быў і шчаслівы і стомлены. Яна здзівілася, убачыўшы, што я не сплю. Я запытала: «Ну як? Ты не была яго?..»