– Палюбоўніцай? Не, – адказала яна. – Я цяпер проста яго прыналежнасць.
Я не пасмела болей распытваць. Яна раздзелася і лягла, не прамовіўшы ні слова. Праз некалькі хвілін Жызэль моцна заснула. Я села перад яе ложкам, ледзь не плачучы, і холад уварваўся ў маю душу. Яна не прачыналася, аж пакуль не празваніў званок. Я са страхам думала, хаця б не заўважылі іншыя, што мы нейкія разгубленыя, не такія, як звычайна. Але пасля балю ўсе былі змораныя, успаміналі сваё, і ніхто нічога не заўважыў. Паснедаўшы, Жызэль папрасіла, каб я правяла яе да аранжарэі. Ёй хацелася яшчэ раз зірнуць на тыя дэкарацыі, дзе адбылася сцэна, што перайначыла яе жыццё.
– Ну і што цяпер? – запытала я.
– Цяпер ён павінен мне напісаць і паведаміць, што думаюць яго бацькі.
– А хто яны?
– Бацька – генерал, у Брэтані… Гэта не зацягнецца.
– А твае бацькі?
– Перш чым ім пісаць, чакаю паведамлення ад Фабіяна… Так ці іначай, але мы пажэнімся. Гэта напэўна, трэба толькі пачакаць.
…Спадзяюся, яна не памыляецца, бо іначай не вытрымае, памрэ.
10 снежня. – Выпаў снег. Парк увесь белы. Пачаліся маразы, і возера пакрываецца лёдам. Хутка можна будзе катацца на каньках. Пісьма ад Фабіяна Жызэль не атрымала і вельмі ўстрывожылася. Ён даў ёй свой адрас: плошча Пантэона, 5. Яна пісала яму амаль кожны дзень. Адказу не было. ПІто здарылася? Можа, дырэктрыса, ведаючы почырк свайго пляменніка, перахоплівае лісты? Наўрад. Жызэль у гэта не верыць. Кожны дзень яна выходзіць сустракаць маладога паштальёна, які ахвотна прыносіў ёй пісьмы ў абмен за ласкавую ўсмешку. Ёй нічога… Яна думае, што ў Фабіяна ёсць пэўная прычына (як-ніяк на службе), ці не адпраўляюць куды, можа, нават у калонію. Але ў такім выпадку ён мог бы яе папярэдзіць, гэта ж так проста.
11 снежня. – Ніякіх вестак. На Жызэль сумна глянуць. Дзіўлюся, як гэта настаўнікі не дакладваюць дырэкцыі, што першая ў класе вучаніца не рыхтуе ўрокаў і, калі пытаюцца, маўчыць альбо адказвае неўпапад. Праўда, зараз увесь каледж заняты падрыхтоўкай да свята, якое праз тыдзень адбудзецца на возеры на катку. Жызэль і я павінны танцаваць на лёдзе па-дэ-дэ, а толькі ці будзе Жызэль прысутнічаць? Нешта я не ўпэўнена. Учора ўвечары, лёгшы спаць, мы доўга і шчыра размаўлялі ў цемнаце з ложка ў ложак. Яна цвёрда вырашыла адправіцца да Фабіяна на кватэру на плошчу Пантэона, каб даведацца, што ёй рабіць. Калі ён гатовы ажаніцца з ёю зараз жа, то яна папросіць згоды ў сваіх бацькоў. А калі яму патрэбна адтэрмінаванне, і надоўга, то яна будзе жыць з ім пакуль што без усякага шлюбу. Вядома, гэта вельмі рызыкоўна, але ўсё ж лепш, сказала яна, чым няпэўнасць і разлука, што скарачаюць ёй жыццё, забіваючы без пары. Як ён яе прыме? Я прачытала апавяданне Мапасана, дзе маладыя людзі гавораць пра сваё каханне. Якія ж яны цынікі! Выхваляюцца перамогамі, ім весела, ім гэта пацеха. Калі Фабіян… Не, лепш не думаць. Гэта надта жахліва! Яна яму так верыць!..
12 снежня. – Нейкім цудам мы абедзве атрымалі дазвол пабыць заўтра вечарам у Камедзі-Франсэз, прычым адны, без нагляду. Я папярэдзіла, што нам прапанаваны білеты і месцы забяспечаны. У сапраўднасці ж мы выпрасілі іх у Фартуніо, які з далікатнасці не мог нам адмовіць. Я сказала яму: «Вы так цудоўна гаварылі пра Мюсэ і яго драматургію, месье, што нам да смерці хочацца пабачыць спектакль «Не прысягай ніколі», Расчулены Фартуніо ўгаварыў дырэктара, і той даў згоду, «паколькі мы дзяўчаты сур’ёзныя». Бедны месье Гардон! Усё наладзілася як мае быць. Амнібус завязе нас да Гарша прыедзе апоўначы назад, каб забраць нас з цягніка, які выходзіць з Парыжа ў ноль пятнаццаць. Я пайду ў тэатр, а Жызэль на плошчу Пантэона. Сустрэцца мы дамовіліся на вакзале. А што будзе, калі я вярнуся без яе? Страшна падумаць!
13 снежня. – Калі я прыйшла з тэатра, Жызэль была ўжо на вакзале і спала ў крэсле. Я прасядзела пры ёй да поўначы. Тое, што здарылася ўвечары, ніхто не мог ні ўявіць, ні прадбачыць, да такой ступені гэта дзіка і жудасна, але я павінна ўсё запісаць. Маё сведчанне, мабыць, спатрэбіцца, бо, можа, толькі адна я выратую Жызэль. Сама яна гаварыць не будзе… Дык вось… Вечарам а сёмай гадзіне я пакінула яе на вакзале Сэн-Лазар. Яна ўзяла фіякр і сказала возчыку: «Плошча Пантэона. 5». Калі ў ноль дзесяць мы апынуліся ў купэ (вагон другога класа, купэ цеснае, абабітае сінім сукном, і мізэрная газавая лямпа, якую я век не забуду), вось што яна мне расказала голасам абыякавым, без усякіх інтанацый:
– Я прыехала на плошчу Пантэона ў сем. У кансьержкі спыталася пра Фабіяна. «Пяты паверх налева ў канцы калідора». Я паднялася і пазваніла. За дзвярыма чуваць былі галасы і гучны смех. Праз хвіліну дзверы адчыніліся. Выйшаў Фабіян у аксамітавай куртцы. Стаяў ашарашаны, нібы мяне не пазнаў. Потым суха прамовіў: – Чаго вы ў Парыжы? Што вам трэба?